Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ростані пратэстаў


Да чаго яны могуць прывесьці — да рэвалюцыі, да масавых рэпрэсіяў, да нечага іншага? Удзельнікі: Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод, Юры Дракахруст.

Карбалевіч: Прагнозы — небясьпечная справа. Вельмі лёгка памыліцца. Як вядома, рэвалюцыі амаль ніхто ня можа прадказаць. Бо маем справу з масавай сьвядомасьцю, псыхалёгіяй масаў, якую немагчыма пралічыць на пэрспэктыву. Таму буду казаць пра трэнды, якія выявіліся на сёньняшні дзень і якія, як можна меркаваць, будуць працягвацца.

Пэрыяд стабільнасьці закончыўся, краіна ўступае ў паласу дэстабілізацыі. Эканамічны крызіс перарос у сацыяльны. У гэтай сувязі я б зьвярнуў увагу вось на які момант. Ужо трэці год у краіне бушуе крызіс, але практычна не было сацыяльных канфліктаў, то бок канфліктаў у працоўных калектывах: страйкаў, патрабаваньняў большых заробкаў. У ранейшыя часы мэдыі ўвесь час паведамлялі пра нейкія здарэньні, людзі нават выходзілі на вуліцу і перакрывалі дарогу. А вось цяпер не было.

Зразумела, што падчас крызісу людзі мацней трымаюцца за свае працоўныя месцы, кантрактная сыстэма і ўсё такое. Але цікава, што на вуліцу выходзіць людзі ўжо не баяцца, на сваім прадпрыемстве падаць голас баяцца. Дык вось цяпер не выключаю, што сытуацыю прарвала. Магчыма, мы цяпер пачуем пра зьяўленьне нейкіх працоўных канфліктаў у краіне.

Адбываецца хуткая палітызацыя насельніцтва, чаго ўлады імкнуліся пазьбегнуць нават падчас выбарчых кампаній. Калі цяперашняе напружаньне ў грамадзтве захаваецца, то, магчыма, мясцовыя выбары ў пачатку наступнага году могуць аказацца вельмі палітызаванымі і вострымі. Тым больш, што мы бачым, як абудзіліся рэгіёны.

Апазыцыя зноў ператвараецца ў суб’ект палітыкі. Ці зможа яна гэтым скарыстацца? Ёй варта было б цяпер паставіць нейкія рэальныя задачы. Не скінуць рэжым, а прымусіць рэжым пайсьці на нейкія саступкі. Адмена дэкрэта аб дармаедах — гэта зразумелае патрабаваньне. А што яшчэ? Адстаўка ўраду? Зьмены ў выбарчым заканадаўстве?

Я ўжо пісаў, што Лукашэнка, апынуўшыся ў сытуацыі крызісу, пачынае рабіць усё больш памылак. Ці можна зьбіць хвалю незадавальненьня невыканальнымі абяцаньнямі, кшталту заробку 500 даляраў ці ліквідацыі беспрацоўя да 1 траўня? Самае дзіўнае, што, магчыма, ён сам у гэта верыць.

Зь іншага боку, акцыі пратэсту, нарастаньне працэсу дэстабілізацыі — усё гэта парадаксальным чынам можа стаць штуршком для рынкавых рэформаў. Бо пакуль народ маўчаў, Лукашэнка мог кіравацца прынцыпам: не будзі ліха, пакуль ціха. Цяпер жа рызыкі ад захаваньня статус-кво ўжо зраўняліся з рызыкамі ад магчымых рэформаў. І апошняе.

Я думаю, што апошнія падзеі пахавалі пляны — калі яны былі — пра рэфэрэндум аб працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў да сямі гадоў.

Глод: Што тычыцца працягненьня паўнамоцтваў, мы пачакаем роўна тыдзень, бо 20 сакавіка будзе вялікая нарада ў Лукашэнкі, дзе будзе пытаньне аб зьмене заканадаўства, і магчыма мы даведаемся нешта аб зьмене Канстытуцыі, бо Лукашэнка гаварыў пра тое, што нельга абмежавацца толькі зьменай выбарчага заканадаўства, што насьпеў час мяняць і Канстытуцыю. Глядзіш — можа пачуем, што будзе парлямэнцкая рэспубліка.

На пытаньне, да чаго могуць прывесьці беларускія пратэсты, існуюць толькі два адказы: альбо да зьмены ўлады, альбо да яе захаваньня.

Доўгі час Лукашэнка жыў за кошт Расеі, некаторыя эканамісты папярэджвалі, да чаго можа давесьці такая залежнасьць. Але людзям да гэтага асаблівай справы не было, жылі і жылі, свае грошы атрымоўвалі. Цяпер падобна, што пачынаюць і простыя людзі тое-сёе разумець. Тут я згодны, што Лукашэнка можа зрабіць такі ход, што можа нейкія рэформы ўсё ж і прасунуць. Скажа: я можа іх не падтрымліваю, але давайце будзем нешта мяняць. Вось на нейкі час праз гэтыя рэформы людзей супакоіць.

Ну і канешне мне падаецца, што ўлады атрымалі для сябе некалькі ўрокаў. Першае — што ў часе крызісу ўсё ж нельга выбіваць апошнія грошы з людзей, як адбылося з «дармаедамі». Разьвітвацца з грашыма кожнаму ня хочацца, а калі гэта яшчэ і апошнія грошы, то гэта і крыўдна, і мяняецца настрой у грамадзтве.

І яшчэ адна праблема, якая ўзьнікла — гэта кадравая праблема. Паглядзіце, усе адзначаюць, што нідзе фактычна прадстаўнікі гарадзкіх уладаў не змаглі пагаварыць нармальна з пратэстоўцамі. Пагаварыць, ну хаця б паабяцаць — карацей, улады ўжо адвыклі зусім ад таго. Што зь людзьмі трэба размаўляць, раіцца, што да іх трэба прыслухоўвацца, хаця б імітаваць увагу і павагу. Не выключаю, што можа быць істотная кадравая чыстка ў рэгіёнах. Як у нас засядзеліся Лябедзька, Калякін ды некаторыя іншыя, так і ва ўладзе шмат людзей, якія сядзяць ужо дзесяцігодзьдзямі, таму могуць іх памяняць.

Ну і яшчэ дзьве рэчы, якія ёсьць ва ўладаў: першая — гэта страх, запалохваньне Майданам. Усё ж Лукашэнка нездарма казаў, што могуць, як у Кіеве, знайсьці 10-20 прафэсіяналаў, якія там адкрылі страляніну, а калі пральецца кроў, тады ўжо бяда. То бок гэты страх будзе дзейнічаць і надалей.

І другое — заява пра 500 даляраў сярэдняга заробку. Цяпер ужо Лукашэнку адступіць ад 500 даляраў ніяк немагчыма. А час ідзе — ужо сакавік. І таму як улады выйдуць з гэтай сытуацыі, ці здолеюць яны сапраўды даць людзям 500 даляраў, гэта вялікае пытаньне. Калі здолеюць, сытуацыя аціхне. Калі ж гэтых 500 абяцаных даляраў ня будзе, гэта можа толькі пашырыць пратэстную базу.

Дракахруст: Фармальна дылема, якую прапанаваў Уладзімер, справядлівая для любой сытуацыі — альбо ўладу скінуць альбо яна ўтрымаецца. Але мне здаецца, што сутнасна сытуацыя ўсё ж не абмяжоўваецца дылемай, упадзе ўлада ці не. Бо ўзьнікае пытаньне — калі ўлада ўтрымаецца, то якой яна стане пасьля гэтых пратэстаў.

Так, яна можа і захавацца, але зрабіцца істотна іншай. Істотна іншай можа зрабіцца і сытуацыя, атмасфэра ў грамадзтве, пра што казаў Валер. Беларусь шмат гадоў была краінай зь вельмі нізкай тэмпэратурай грамадзкага жыцьця, амаль цалкам адсутнічалі мікрапратэсты, страйкі.

Вулічныя пратэсты могуць і спыніцца, але ператварыцца ў пратэсты на прадпрыемствах.

І нарэшце, сапраўды цяпер уладзе трэба прыдумаць нейкі ход. У гэтым сэнсе рэпрэсіі — гэта на паверхні, і я ня ўпэўнены, што яны вырашаць праблему, хоць супраць толькі кіраўнікоў пратэстаў, хоць супраць шараговых пратэстоўцаў. Патрэбны ход і ходам могуць быць тыя рэформы, пра якія вы, Валер, казалі.

Гэта досыць парадаксальна, цяперашнія пратэсты — яны не зусім за капіталізм, бадай што наадварот. Але гэта была б прапанова нейкага новага падыходу, нейкага шляху. Цяпер шлях не прапануецца наагул.

І таксама кадравае пытаньне — яно і зразумела, бо ўлада будавалася як бюракратычная. А цяпер высьвятляецца, што трэба быць палітыкамі. А чыноўнікі ня могуць, ня ўмеюць быць палітыкамі. І вырашэньне гэтай праблемы таксама можа быць нейкім ходам або сэрыяй хадоў. Калі з даверам будзе складана, то я мяркую, што і рэпрэсіі не дапамогуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG