Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Анісім пра затрыманьні: «Нельга так расхістваць сытуацыю, бо яна невядома ў што перарасьце»


Алена Анісім
Алена Анісім

Незалежная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім 12 сакавіка едзе ў сваю акругу ў Стоўпцы. Яна кажа, што хоча пагутарыць зь людзьмі і даведацца іхныя настроі, бо падзеі апошніх дзён яе насьцярожваюць:

«Разумееце, тое, што няяўнае, яно непрадказальнае, — кажа Анісім Свабодзе. — Я павінна ведаць сытуацыю ў сваіх раёнах: што тут трэба рабіць, чым тут пагражае. Людзі выказваюцца асьцярожна: маўляў, і працы няма, і маўчаць ужо немагчыма, але з другога боку — маўчаць і трываюць да апошняга. Трэба ведаць, што і ў Стаўпецкім, і ў Нясьвіскім раёне. Што тычыцца затрыманьняў, я думаю, да канца дня нешта яшчэ высьветліцца, буду прымаць рашэньні ўвечары.

Я павінна падумаць, бо проста выказацца — гэта адно, а якія мэханізмы задзейнічаць?.. Трэба ведаць, якія мэханізмы і якімі сіламі, каб не было стрэлу ўхаластую. І кансалідавацца, вядома, зь людзьмі. Нельга так расхістваць сытуацыю, як гэта цяпер адбываецца, бо невядома, у што яна перарасьце».

Анісім прыгадвае, што ў Расеі прапанавалі (PDF) аўтаматычна даваць грамадзянства «паводле права глебы» для «носьбітаў расейскай мовы» — то бок усім, хто мае прамых родзічаў у Расеі. Дэпутатка мяркуе, што гэта прыдумана дзеля таго, каб даць расейскае грамадзянства ўсім ахвочым, «аўтаматычна падграбаць усіх пад расейскае грамадзянства». Такое рашэньне, калі яно будзе прынятае, яна лічыць вельмі небясьпечным для Беларусі на тле апошніх падзеяў.

«Сутнасьць апошніх падзеяў вельмі насьцярожвае, — разважае Анісім. — Абвешчаны дыялёг між рознымі структурамі грамадзянскай супольнасьці і органамі ўлады. Ён меўся бы і працягвацца, але гэтыя затрыманьні палітыкаў, актывістаў і журналістаў...

Самае абуральнае, на маю думку, — гэта затрыманьні журналістаў. Калі палітыкі і актывісты яшчэ самі выбіраюць, куды прыходзіць, то журналісты атрымліваюць заданьне рэдакцыі, выконваюць свой прафэсійны абавязак. Затрымліваць іх падчас выкананьня службовых абавязкаў — гэта проста выходзіць за межы ўсялякага здаровага сэнсу. Журналісты зьяўляюцца тымі неабходнымі асобамі, якія даносяць аб’ектыўную інфармацыю пра тое, што адбываецца на месцах. Яны люстэрка грамадзкай думкі.

Тыя, хто спрабуе перакрыць гэтую інфармацыю, робяць самае шкоднае, што можна рабіць у гэтай сытуацыі. Калі такім чынам расхістваць сытуацыю ў Беларусі, гэта на шкоду дзяржаве».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG