Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ілюстрацыйнае фота. Мітынг супраць дэкрэту аб дармаедах у Маладэчне
Ілюстрацыйнае фота. Мітынг супраць дэкрэту аб дармаедах у Маладэчне

Штрафы і арышты да 15 сутак. Міліцэйскае пасьляслоўе да «маршаў недармаедаў»

Сёньня праходзяць суды над затрыманымі ўдзельнікамі «маршаў недармаедаў» і журналістамі ў Воршы і Берасьці. Зь іншых гарадоў прыходзяць весткі пра новыя затрыманьні актывістаў. Свабода сочыць за ўсімі судамі і арыштамі.

13:40 13.3.2017

«Галоўны арганізатар акцыяў пратэсту — Лукашэнка, а дапамагае Шчоткіна», — заявіў на судзе Васіль Берасьнеў, якога судзяць сярод іншых за ўдзел у аршанскім «Маршы недармаедаў». Ён кажа, што «судзіць трэба сапраўдных арганізатараў», ён жа толькі ўдзельнічаў у мірным сходзе, да гвалту не заклікаў.

Берасьнеў тлумачыць: ён выйшаў наперад калёны, каб прадухіліць сутыкненьні з АМАПам, мірна давёў людзей да райвыканкаму.

Васіль Берасьнеў на «Маршы недармаедаў»
Васіль Берасьнеў на «Маршы недармаедаў»

13:26 13.3.2017

У Берасьці - паўторныя прысуды тым, хто ўжо адсядзеў 5 сутак

Берасьцейцы Андрэй Дзянюшкін, Руслан Халікаў і Дзьмітры Ляўчук паўторна асуджаныя на 5 сутак за брыдкаслоўе. Паводле пратаколу, актывісты быццам бы лаяліся, калі выходзілі з папярэдняй 5-сутачнай адседкі, на якую трапілі за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Берасьці 5 сакавіка.

13:21 13.3.2017

БАЖ абскардзіць перашкоды журналістам з боку міліцыі

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў у інтэрвію Свабодзе заявіў, што БАЖ будзе патрабаваць завядзеньня крымінальнай справы па факце перашкоды журналістам у іх прафэсійнай дзейнасьці:

«Будзем зьвяртацца з лістом у пракуратуру і, магчыма, у Сьледчы камітэт, каб расьсьледавалі абставіны таго, як міліцыянты перашкаджалі журналістам працаваць. За гэта трэба адказваць паводле закону. І, безумоўна, будзем скардзіцца міністру ўнутраных спраў Шуневічу на ягоных падначаленых».

13:14 13.3.2017

Васіль Берасьнеў заявіў адвод суду з тае прычыны, што не давярае беларускаму правасудзьдзю. Судзьдзя адвод адхіліў.

Берасьнеў не адмаўляе ўдзелу ў мітынгу, гаворыць, што выступаў з тлумачэньнямі дэкрэту. Але яму замінала музыка на плошчы. Расказвае, што аршанскае кіраўніцтва схавалася ад народа.

Васіль Берасьнеў
Васіль Берасьнеў

13:11 13.3.2017

Галіна Абакунчык не прызнае віны

Судзьдзя Іна Кохава судзіць карэспандэнтку Свабоды Галіну Абакунчык. Яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці і ў тым, што перайшла дарогу ў неналежным месцы.

Галіна Абакунчык сказала, што не прызнае сваёй віны, бо мела рэдакцыйнае заданьне і яго выконвала — асьвятляць мітынг ў Воршы.

13:05 13.3.2017

У Аршанскі суд прывезьлі сябра БХК Васіля Берасьнева, які вёў учорашні мітынг. Яго судзіць Ігар Палякоў.

13:04 13.3.2017

У Аршанскі суд міліцыянты прывялі карэспандэнтку Свабоды Галіну Абакунчык

12:51 13.3.2017

Зьміцер Дашкевіч вызвалены. Жывая трансьляцыя

12:46 13.3.2017

Вязьню на далі кубка папіць вады

Віктар Міхасёў распавёў пра ўмовы ў камэры ізалятару: жалезны двух’ярусны ложак, камэра на 4 вязьні, сядзеў не з актывістамі, пакармілі толькі раніцай, не далі кубка піць ваду, толькі міску кашы. Піў ваду з-пад крану.

12:43 13.3.2017

Абакунчык пакуль не прывезьлі ў суд

У аршанскім ізалятары прысуджаны да штрафу Міхасёў ня бачыў Галіну Абакунчык, але бачыў маладую журналістку (відаць, Кацярыну Бахвалаву зь Белсату), пра якую міліцыянты казалі, што «яе на 15 сутак, на асабісты агляд».

12:40 13.3.2017

Суд над блогерам Пятрухіным перанесьлі

Працэс берасьцейскага блогера Сяргея Пятрухіна перанесьлі таксама на заўтра, на 10 гадзін. Да суду яго вызвалілі. Вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

Адміністрацыйныя справы берасьцейскіх затрыманых разглядае судзьдзя Ленінскага суду Аляксандар Семянчук.

12:34 13.3.2017

Берасьцейскага блогера адпусьцілі да заўтра

Суд у Берасьці перанёс на заўтра справу блогера Дзьмітрыя Гарбунова на заўтра на 9.30, бо ён запатрабаваў адваката. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі — «Маршы недармаедаў» у Берасьці 5 сакавіка.

12:33 13.3.2017

Віктара Міхасёва аштрафавалі на 690 рублёў.

Міхасёў сказаў пасьля суду, што не шкадуе пра свой удзел у акцыі:

«Я салідарны з грамадзянамі краіны, якія незадаволеныя дэкрэтам № 3. Гэта была цалкам мірная акцыя, людзі маюць права на пратэст».

12:30 13.3.2017

Дашкевіч вызвалены

12:24 13.3.2017

Віктар Андрэеў пакараны арыштам на 13 сутак

Суд над Віктарам Андрэевым доўжыўся 20 хвілінаў. Нават не было сьведак, проста зачыталі пратакол, у якім было пазначана, што ўдзельнічаў у несанкцыянаваным шэсьці і крычаў «Жыве Беларусь». Андрэеў пацьвердзіў, што ішоў разам зь іншымі, але віны не прызнаў.

12:15 13.3.2017

Другая судзьдзя - Алеся Дранькова, судзіць Віктара Міхасёва.

12:02 13.3.2017

Другі падсудны – актывіст Віктар Міхасёў

Віктар Міхасёў
Віктар Міхасёў

​У суд прывялі Віктара Міхасёва. Перад працэсам міліцыянты яму дазволілі зрабіць глыток вады, але давялося праваабаронцам за гэта паспрачацца з ахоўнікамі. Галіну Абакунчык у суд не прывезьлі.

12:02 13.3.2017

Віктар Андрэеў ня лічыць сябе вінаватым

Судзьдзя Іна Кохава судзіць актывіста Віктара Андрэева. Яго абвінавачваюць паводле артыкулу 23.34, ч.1 за ўдзел ў мітынгу і шэсьці 12 сакавіка. Падсудны сказаў, што вінаватым сябе ня лічыць, але з дэкрэтам № 3 ня згодны, таму пайшоў на мітынг і шэсьце.

11:52 13.3.2017

Судзяць Віктара Андрэева

Віктар Андрэеў
Віктар Андрэеў

Віктар Андрэеў расказвае, што яго прывезьлі ў суд аднаго.

У будынку суда знаходзіцца каля 50 чалавек, судзьдзя загадала выключыць відэакамэры.

Тацяна Севярынец і яшчэ некаторыя актывісты не патрапілі ў залю.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG