Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ілюстрацыйнае фота. Мітынг супраць дэкрэту аб дармаедах у Маладэчне
Ілюстрацыйнае фота. Мітынг супраць дэкрэту аб дармаедах у Маладэчне

Штрафы і арышты да 15 сутак. Міліцэйскае пасьляслоўе да «маршаў недармаедаў»

Сёньня праходзяць суды над затрыманымі ўдзельнікамі «маршаў недармаедаў» і журналістамі ў Воршы і Берасьці. Зь іншых гарадоў прыходзяць весткі пра новыя затрыманьні актывістаў. Свабода сочыць за ўсімі судамі і арыштамі.

11:44 13.3.2017

Першым у суд прывялі аршанскага актывіста Віктара Андрэева. Яго суправаджалі 4 міліцыянты. Яны не дазволілі даць яму перадачу з вадою.

11:42 13.3.2017

Адвакат сказаў, што палітыка Паўла Севярынца будуць судзіць у 15 гадзінаў, журналістку Белсату Кацярыну Бахвалаву – у 14.15. Зьвестак пра карэспандэнтку Радыё Свабода Галіну Абакунчык пакуль няма.

10:41 13.3.2017

Суполка анархістаў «Чорная ружа» паведамляе, што быў затрыманы яшчэ адзін анархіст Вячаслаў Касінераў. Гэта пацьвярджае Свабодзе сяброўка Касінерава. Падрабязнасьцей яна пакуль ня ведае.

Вячаслаў Касінераў, архіўнае фота
Вячаслаў Касінераў, архіўнае фота

Раней анархісты Андрэй Дзенюшкін і Руслан Халікаў былі затрыманыя сярод іншых у Берасьці пасьля «Маршу недармаедаў» 5 сакавіка. Ім прысудзілі 5 сутак, але пасьля 5 дзён зьняволеньня іх не адпусьцілі. Новы суд над імі і іншымі ўдзельнікамі берасьцейскіх пратэстаў пачаўся 13 сакавіка.

10:33 13.3.2017

Дзяжурны ізалятара часовага ўтрыманьня ў Воршы паведаміў, што затрыманых павязуць у суд пасьля 11-й.

10:29 13.3.2017

БАЖ: 12 сакавіка было затрымана 19 журналістаў і блогераў, 5 будуць судзіць

Паводле падлікаў БАЖ, цягам 12 сакавіка былі затрыманыя 19 журналістаў і блогераў. Пяцёра зь іх, у тым ліку і журналістка Радыё Свабода Галіна Абакунчык, правялі ноч за кратамі, чакаючы суду.

10:26 13.3.2017

Затрыманых пакуль не прывезьлі ў суд

Затрыманых дагэтуль не прывезьлі, інфармацыі пра суды на стэндзе ў судзе няма. Адвакат хадзіў у канцылярыю, назваўся, што будзе абараняць журналістаў. Яму не сказалі, калі прывязуць затрыманых і пачнуцца працэсы, а таксама, хто будзе судзіць.

На стэндзе пазначана дзяжурная судзьдзя па адміністрацыйных парушэньнях — Кохава І. В. — але ці яна будзе, дакладна невядома.

10:24 13.3.2017

Пра падзеі 12 сакавіка па-ангельску:

Belarusian Police Detain More Opposition Leaders, Journalists Amid Latest Tax Protests

10:22 13.3.2017

Справы арыштаваных журналістак і ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў Аршанскім судзе будзе разглядаць судзьдзя Іна Кохава.

10:20 13.3.2017

У Бабруйску затрымалі зьбіральніцу подпісаў за адмену дэкрэту № 3

Інгу Судзілоўскую міліцыя затрымала ў Бабруйску на вуліцы. Яна ўдзельнічала ва ўчорашнім мітынгу «недармаедаў», актывістка апазыцыі, якая зьбірала подпісы за скасаваньне дэкрэту № 3.

10:10 13.3.2017

Пачаліся суды ў Берасьці

У Берасьці пачаўся суд над затрыманымі напярэдадні Андрэем Дзянюшкіным, Русланам Халікавым, Дзьмітрыем Ляўчуком, Уладзімерам Асінчанкам і Кастусём Копацем, а таксама блогерамі Дзьмітрыем Гарбуновым і Сяргеем Пятрухіным, паведамляе БелаПАН.

09:53 13.3.2017

Карэспандэнтка TUT.BY Алена Андрэева вядзе онлайн-трансьляцыю

09:47 13.3.2017

09:46 13.3.2017

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім піша ў Фэйсбуку:

«Самае абуральнае, што адбылося ў апошнія суткі, гэта затрыманьне журналістаў. Я лічу, што гэта недапушчальна. Усе журналісты, хто выконваў свой прафэсійны абавязак, быў з камэрай, імкнуўся данесьці сапраўдную інфармацыю пра тое, што хвалюе людзей, павінны быць неадкладна вызваленыя. Перад імі трэба выбачыцца, а тыя, хто вінаватыя ў іх затрыманьні, абавязаныя панесьці адпаведнае пакараньне. Бо затрымліваць і перасьледаваць людзей за выкананьне прафэсійных абавязкаў — значыць зьдзяйсьняць службовае злачынства».

Алена Анісім
Алена Анісім

09:32 13.3.2017

Бабруйскую актывістку трымалі ў міліцыі 8 гадзін

Затрыманую 12 сакавіка за гадзіну да пачатку бабруйскага мітынгу Галіну Сьмірнову выпусьцілі ўвечары, выдаўшы позву на 15-га.

Кіраўніцу суполкі прафсаюзу РЭП затрымалі ўчора на выхадзе з дому аб 11-й гадзіне, забралі тэлефон, які потым вярнулі пашкоджаным, і завезьлі ў пастарунак на ўскрайку гораду. Допыт пачалі толькі каля 13-й гадзіны, вёў яго падпалкоўнік Сяргей Рудзько, які асабіста займаецца актывістамі дэмакратычных сілаў. У якасьці абаронцы інтарэсаў Галіны выступаў ейны муж.

09:27 13.3.2017

Пакуль суды не пачаліся. У калідорах Аршанскага раённага суду знаходзіцца каля 20 чалавек. Вядома, што працэс над затрыманым учора ранкам Ігарам Грышанавым пачнецца аб 11-ай, але ў чым яго вінавацяць, невядома. Да Паўла Севярынца і Кацярыны Бахвалавай зь Менску прыехаў адвакат Вадзім Мушынскі.

09:13 13.3.2017

Ля суду Аршанскага раёну ў чаканьні пачатку працэсаў

У Воршу прыехалі сваякі затрыманых, шмат прэсы зь Менску, Віцебску, дрыбінскага актывіста Андрэя Юркава прыехала падтрымаць рэдактарка горацкай газэты «Ўзгорак» Галіна Будная. Прыехалі Тацяна Севярынец, Вольга Севярынец, прыйшлі сваякі затрыманых аршанскіх актывістаў, праваабаронцы зь Віцебску і Менску.

Зьлева - Тацяна Севярынец
Зьлева - Тацяна Севярынец

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG