Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Марш недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка
«Марш недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка

«Маршы недармаедаў» у Бабруйску, Воршы і Рагачове. Жывыя трансьляцыі

На 12 сакавіка ў трох беларускіх гарадах анансаваныя «Маршы недармаедаў»: у Бабруйску а 12-й на плошчы Перамогі, у Воршы а 13-й на Цэнтральнай плошчы, у Рагачове а 16-й у цэнтры гораду. Свабода вядзе жывыя трансьляцыі.

«Дэкрэт ні пры чым, Лукашэнка павінен сысьці ў адстаўку», — агляд пратэстаў 12 сакавіка ў Бабруйску, Берасьці, Воршы і Рагачове ФОТА, ВІДЭА

Стыхійны мітынг у Рагачове. Без прамоваў і заклікаў

У Рагачове арганізаванага мітынгу не было. Не заўважана і вядомых дзеячаў апазыцыі. Людзі проста абменьваліся думкамі і абураліся адсутнасьцю працы, малымі пэнсіямі і дэкрэтам № 3. Спачатку адна група сабралася на плошчы перад райвыканкамам, другая — каля завода «Дыяпраектар». З «Дыяпраектару людзі рушылі на плошчу. Агулам сабралася каля 400 чалавек, збольшага людзі сталага ўзросту.

„У Гомельскай вобласьці 109 міліцыянтаў ахоўвае міліцыянтаў і чыноўнікаў — гэта цэлы райаддзел міліцыі“, — абураўся спадар Уладзімер з Гомелю. — Вось дзе дармаеды!»

Людзі проста выказваліся пра набалелае:

«Сацыяльна арыентаваная дзяржава павінна сама на сябе зарабляць, а ня лезьці ў кішэню да народа»

«Мы працуем, але мы супраць дэкрэту. У горадзе няма працы, людзям няма дзе працаваць. Нават прыбіральшчыцай альбо дворнікам не ўладкуесься».
«Я пэнсіянэрка, але выйшла падтрымаць моладзь. У горадзе ўсё закрыта, разбурана. Мэблевую фабрыку закрылі. Сям’я павінна быць разам. А ў нас — муж зьехаў на заробкі, а жонка сядзіць зь дзецьмі. Сям’я развальваецца. Падаткі ў нас бяруць не з багатых, а зь бедных. Каб былі працоўныя месцы і людзі не хацелі працаваць, тады можна было прымаць дэкрэты аб дармаедах. А калі няма працы, а прымаюць такія дэкрэты — гэта глупства».

«Беспрацоўе ў горадзе, арганізацыі, прадпрыемствы пазакрывалі. Мэблевую фабрыку закрылі. Моладзі няма дзе працаваць.

«Мы прапрацавалі па 40 гадоў. За кватэру заплаціш, лекі купіш — і зубы на паліцу».

«Чаму на малочна-кансэрвавым заводзе адбываюцца скарачэньні?»

«Я прыехала з Кармы, там зусім няма працы. Прыбіральшчыцай немагчыма ўладкавацца».

«У Рагачове ўсе прадпрыемствы зьнішчаныя, было шэсьць будаўнічых арганізацый, засталася адна. Я беспрацоўны, уладкавацца немагчыма.

«Я прыйшла выказаць свой боль. Калі прэзыдэнт ня выканаў свае абяцаньні, ён павінен сысьці. Няма працы ў Рагачове. Усё закрылі — і „Дыяпраектар“, і мэблевую фабрыку. Народ і чыноўнікі, здаецца, жывуць у розных краінах. Нясправядлівасьць паўсюль. На пэнсію ў 180 рублёў пражыць немагчыма».

«Раней нас сілай прымушалі ісьці на дэманстрацыі 1 траўня, 9 траўня. А тут людзі самі прыйшлі -я такога цуду ня бачыла! Дэкрэт — гэта глупства: працы няма, а падатак заплаці! Кажа кіраўнік дзяржавы: нараджайце! А навошта пладзіць галечу? Я сама траіх дзяцей выгадавала. Я як цяпер гадаваць, на якія грошы, калі няма працы? Ён загадаў усіх працаўладкаваць да 1 траўня. А куды, калі працы няма? Пасьля вайны, я разумею, была разруха. А цяпер якая вайна прайшла, што ўсё разбурылі?»

«Людзі зьяжджаюць на працу ў Расею, бо тут працы няма. Не ад добрага жыцьця мужчыны вымушаны зьяжджаць.»

«Я мяне пэнсія 230 рублёў, утрымліваю дачку, у якой няма працы, і ўнучку. Як пражыць на гэтыя грошы?»

Людзі знаходзіліся на плошчы больш за паўтары гадзіны. Міліцыя ў хаду стыхійнага мітынгу ня ўмешвалася і не перашкаджала.

Людзі ў Рагачове разыходзяцца. Кажуць, што хоць акцыя ня мела нейкага відавочнага выніку, кожнае такое мерапрыемства мае сэнс, бо «вада камень точыць».

«Адзінае выйсьце — каб Лукашэнка сышоў. Ён добры хакеіст, хай бы займаўся хакеем, быў бы заслужаным хакеістам. Ён не спраўляецца са сваімі абавязкамі кіраўніка краіны».

Журналіст БелаПАН Андрэй Шаўлюга і блогерка Анастасія Пілюгіна вызваленыя з аршанскага РУУС без складаньня пратаколаў. Карэспандэнтка Радыё Свабода і Галіна Абакунчык і журналістка «Белсат» Кацярына Андрэева застаюцца ў РУУС.

Блізу тысячы чалавек на «Маршы недармаедаў» у Воршы. Акцыя пачалася і скончылася затрыманьнямі ФОТА, ВІДЭА. Падсумаваньне

Беспрацоўны ў Рагачове расказаў, як ён выжывае:

«Прапаноўваюць на прадпрыемстве 200 рублёў, прычым выплачваюць не адразу, а часткамі. Хіба можна выжыць з такім заробкам, калі ў мяне сям’я і двое дзяцей. Таму вось і запісалі ў дармаеды. Як выжываем? Нешта робім для людзей. Дзесьці плот адрамантаваць, дзесьці яшчэ нешта. Тыя, у каго ёсьць больш грошай, просяць часам ім дапамагчы. Вось так і выжываем».

Удзельнік акцыі ў Рагачове расказаў, што ў горадзе пагражалі тым, хто пойдзе на акцыю.

«Сказалі: калі прыйдзеце, адразу расстрэл. Таму людзей мала, людзі баяцца. Працуе толькі адзін малочны камбінат, хто мае працу, баяцца згубіць. Таму большасьць удзельнікаў — пэнсіянеры, якія ня згубяць працу. Калі б тут моладзь выйшла, то міліцыя даўно б ужо затрымала іх».

Міліцыя папярэджвае пра тое, што акцыя не санкцыянаваная
Міліцыя папярэджвае пра тое, што акцыя не санкцыянаваная

Людзі ў Рагачове прызнаюцца, што галасавалі за Лукашэнку, але ён іх расчараваў, ня выканаў ніякіх сваіх абяцаньняў:

«Я хачу выказаць свой боль. Калі прэзыдэнт ня можа выканаць тое, што ён павінен, ён мусіць сысьці. Мой муж і сын езьдзяць у Расею. Мы выбіралі прэзыдэнта, каб ён нас адстайваў. А тут такое адчуваньне, што ўлада і народ жывуць у розных дзяржавах. Але наўрадці ўлады паслухаюцца. Будуць пагражаць людзям, каб не хадзілі на акцыі».

Як на вачах рассыпаецца самы моцны стэрэатып пра беларусаў - піша Дзьмітрый Гурневіч.

На акцыі ў Рагачове некаторыя людзі спрабуюць даказаць, што «пытаньне з дэкрэтам № 3 вырашана», і «няма ніякага сэнсу тут пратэставаць». Пасьля гарачых спрэчак у натоўпе, такія ўдзельнікі сыходзяць.

«Мы павінны зрабіць выбар: альбо мы з народам, альбо з уладай. Я для сябе вырашыў, што я з народам. Але некаторыя думаюць, што змогуць адсядзецца. Але, напэўна, не атрымаецца, дастануць усіх», — пракамэнтаваў адзін з удзельнікаў.

«Падатак бяруць не з багатых, а зь бедных. Фактычна падатак на беднасьць увялі. Заробкі — 200 рублёў. Што можна за іх купіць? Трэба, каб было хаця б 400, тады можна было б плаціць за камуналку, харчаваньне, за школу для дзяцей», — кажа пенсіянерка ў Рагачове.

Іншая пара сталага ўзросту дадае: «Мы заслужылі годнае жыцьцё, па 40 год працавалі. Цяпер атрымліваем капейкі, але ж колькі трэба аддаць на мэдыкамэнты, яны вельмі дарагія. Калі ня купіш — ногі працягнеш. Дзеці не ў стане ўтрымліваць нас, мы ім яшчэ дапамагаем, аддаем пэнсію».

«Мы за Беларусь у складзе Эўрапейскага зьвязу. Як сымбаль гэтага мы трымаем бел-чырвона-белы сьцяг, які нам вельмі падабаецца. Сэрцам мы зь Вялікім княствам Літоўскім і з усім цывілізаваным сьветам», — кажа мужчына з Рагачова, які трымае бел-чырвона-белы сьцяг. Ён дадаў, што ў Рагачоўскім раёне 109 міліцыянтаў працуюць тым, што ахоўваюць чыноўнікаў: «Вось гэта сапраўдныя дармаеды, а ўлады маюць намер прыніжаць насельніцтва, зьбіраючы падатак на дармаедзтва».

У Рагачове ўдзельнікі акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3 сабраліся ў двух кропках гораду — на цэнтральнай плошчы і каля будынку гарадзкой адміністрацыі.

«Людзі выходзяць на акцыю, таму што незадаволены эканамічным станам. Нашыя сыны павінны езьдзіць у Маскву, каб уладкавацца на працу, тут няма работы. Унук плача без бацькі, а той ня можа знайсьці працу ў сваім горадзе» — кажа адна з удзельніц, якая праехала ў Рагачоў з Гомеля.

На акцыі людзі з Рагачова, Жлобіна, Гомеля. Некаторыя кажуць, што «немагчыма жыць, грошай не хапае, нават калі працуеш».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG