Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кузьняцоў падаў у суд на Лазуткіна, які назваў яго «фальсыфікатарам гісторыі»


Гісторык Ігар Кузьняцоў падаў іск аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі супраць газэты «Коммунист Беларуси», сайта Камуністычнай партыі і аўтара публікацый Андрэя Лазуткіна.

Як паведаміў Ігар Кузьняцоў прэс-службе «Беларускай асацыяцыі журналістаў», праз суд ён патрабуе абвяржэньня трох матэрыялаў, у якіх, на яго думку, распаўсюджаныя паклёпніцкія зьвесткі.

У некалькіх матэрыялах аўтар Андрэй Лазуткін называе заяўніка «фальсыфікатарам гісторыі, які атрымлівае фінансаваньне для ажыцьцяўленьня антыдзяржаўнай дзейнасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Таксама ў публікацыях газэты, разьмешчанай і на сайце КПБ, Кузьняцоў называецца «палкавым прапагандыстам», якому «сталінскія рэпрэсіі мрояцца ня толькі пад кожным кустом, але і пад кожнай памыйкай».

Перад падачай іску ў суд Ігар Кузьняцоў у пісьмовай форме зьвяртаўся да адказчыкаў з патрабаваньнем зьняць дадзеную інфармацыю з сайта, а таксама надрукаваць абвяржэньне ў дзесяцідзённы тэрмін, але адказу не атрымаў. Кузьняцоў дадаткова просіць спагнаць з адказчыкаў грошы, патрачаныя гісторыкам на зварот у суд. Першыя слуханьні па іску адбудуцца 23 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Менску.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG