Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган на перамовах у Маскве 10 сакавіка з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуцінам заклікаў паскорыць увядзеньне бязьвізавага рэжыму паміж дзьвюма дзяржавамі.
Прэзыдэнты абмеркавалі праблему ўрэгуляваньня сырыйскага канфлікту. Эрдаган заявіў, што Расеі і Турэччыне неабходна рабіць сумесныя намаганьні для спыненьня кровапраліцьця ў Сырыі.
Пуцін і Эрдаган адзначылі, што будаўніцтва газаправода «Турэцкі паток» і атамнай электрастанцыі «Акую» на поўдні Турэччыны «вяртаюцца ў ранейшае рэчышча».
Прэзыдэнты дамовіліся правесьці ў 2019 годзе ў абедзьвюх краінах мерапрыемствы ў рамках «Году культуры і турызму Расеі і Турэччыны».
Са студзеня 2016 году Расея ўвяла забарону на пастаўкі гародніны, садавіны і некаторых відаў мяса з Турэччыны. Пасьля перамоваў у кастрычніку летась Масква часткова зьняла эмбарга і дазволіла ўвоз садавіны. У пятніцу, 10 сакавіка, стала вядома, што авіякампанія «Перамога» ў красавіку адновіць рэгулярныя рэйсы з Масквы ў турэцкі курортны горад Аланія.