Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як могуць паўплываць апошнія рашэньні і заявы ўладаў на патэнцыйную масавасьць акцыяў пратэсту? Якая можа быць рэакцыя насельніцтва на прыпыненьне дзейнасьці дэкрэту аб дармаедах? Якой будзе тактыка апазыцыі? Удзельнічаюць: Віталь Цыганкоў, Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч.

Цыганкоў: Як вядома, дзьве часткі апазыцыі прызначылі наступныя акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3 адпаведна на 15 і 25 сакавіка. Мікола Статкевіч, на чале зь якім прайшлі першыя акцыі пратэсту ў Менску, настойвае на тым, што 25 сакавіка павінна стаць адзінай агульнабеларускай акцыяй. І каб людзі з рэгіёнаў не стваралі свае акцыі на наступны дзень 26-га, а каб усе ўдарныя сілы прыехалі ў Менск менавіта 25-га і тут правялі самую масавую акцыю. Але ўзьнікае пытаньне: як нядаўняе рашэньне ўладаў — прыпыніць дзеяньне дэкрэту, не спаганяць у гэтым годзе «дармаедзкі збор» — можа паўплываць на масавасьць гэтых акцыяў?

Перш за ўсё варта канстатаваць, што частка людзей адсеецца. Гэта людзі, якія яшчэ ня самыя зацятыя ў палітычных пытаньнях. І для іх было самым галоўным — выйсьці, выказаць сваё незадавальненьне ці азлобленасьць на ўладу, якая зрабіла такі дэкрэт. Ну а цяпер, калі дэкрэт прыпынены, для людзей, якія мелі канкрэтную задачу, каб зь іх ня бралі гэтага падатку, такое рашэньне і ёсьць вырашэньнем праблемы. Цяпер зь іх грошы ня будуць браць, і фактычна з пункту гледжаньня часткі такіх людзей ужо і няма неабходнасьці выходзіць яшчэ раз. 2018 — гэта дастаткова далёкая пэрспэктыва, пра якую гэтыя людзі, напэўна, ня хочуць задумвацца, і гэта не стаіць у іх у прыярытэтах.

Другая частка людзей, якія выйшлі на вуліцы, — гэта ня толькі палітычныя актывісты, але і тыя незадаволеныя ўсёй сацыяльна-эканамічнай палітыкай уладаў, якія якраз настроеныя больш радыкальна і актыўна і лічаць, што трэба далей выходзіць, патрабаваць і поўнай адмены дэкрэту, і адмены рознага іншага — напрыклад, каб адмянілі павелічэньне пэнсійнага ўзросту, кошту камунальных паслуг і г.д. То бок людзі лічаць неабходным выказаць абурэньне ўсёй сацыяльна-эканамічнай палітыкай улады. Яны таксама прыйдуць на новыя акцыі.

Ну, і плюс традыцыйны пласт — палітычна актыўныя людзі, якія штогод прыходзяць на Дзень Волі 25 сакавіка, незалежна ад канкрэтнай актуальнай нагоды.

Так што, калі даць прагноз, акцыя 25 сакавіка будзе ня менш масавая, чым была 17 лютага ў Менску, то бок некалькі тысяч напэўна прыйдзе. Але, прынамсі ў мяне, ёсьць уражаньне, што сваімі дзеяньнямі, прыпыненьнем дэкрэту і застрашваньнем, магчыма, улада саб’е той эфэкт, які называецца эфэктам сьнежнага камяка, калі акцыі ідуць па нарастаючай.

Карбалевіч: Я ў прынцыпе згодны з тым аналізам, які прапанаваў Віталь. Тут дзейнічаюць некалькі чыньнікаў, якія ўплываюць разнавэктарна і на маштаб акцыяў пратэсту, і на розныя слаі насельніцтва.

З аднаго боку, можна меркаваць, што гэтыя рашэньні трохі саб’юць масавасьць. Бо дэкрэт «аб дармаедах» моцна ўдарыў па электараце Лукашэнкі, па сацыяльных нізах, па найбольш бедных слаях насельніцтва. Гэтыя людзі адчулі вялікую несправядлівасьць з боку ўладаў. Яны пратэставалі толькі супраць гэтага дэкрэту, іншыя пытаньні іх мала хвалявалі. І вось гэтыя людзі могуць успрыняць рашэньне ўладаў як вяртаньне справядлівасьці. Маўляў, наш «бацька» пачуў нашы стогны і зноў выявіў клопат аб простым народзе. Гэтая частка людзей ня пойдзе на вуліцу.

Але існуюць і іншыя чыньнікі. Важнай часткай вулічных акцыяў былі апазыцыйныя актывісты і пасьлядоўныя антылукашысты. Яны будуць працягваць удзельнічаць у пратэстах — і, можа, наадварот, адчуўшы смак перамогі, павысяць сваю актыўнасьць.

Яшчэ адна частка людзей — тыя, каго з ідэалягічна-палітычнага гледзішча можна аднесьці да, умоўна кажучы, «балота». Яны пратэставалі ня толькі супраць дэкрэту, але і ўвогуле супраць палітыкі ўладаў, якая прывяла да падзеньня ўзроўню жыцьця. Вось як яны павядуць сябе, незразумела. Ці яны, натхнёныя агульным настроем супраць уладаў, будуць працягваць удзельнічаць у акцыях? Ці, наадварот, яны паддадуцца на запужваньне, якое апошнім часам гучыць вельмі выразна з тэлеканалаў? Цяжка цяпер даць адказы на гэтыя пытаньні.

Глод: Вядома, улады не зацікаўленыя ў масавасьці пратэставых акцыяў. Бо калі на вуліцы выйдзе шмат людзей, то гэтым адразу разбурыцца міт пра сацыяльна арыентаваную Рэспубліку Беларусь, краіну стабільнасьці і яе ўсенародна абранага прэзыдэнта.

А ён сапраўды пачынае бурыцца. І на Захадзе, і ў Расеі, калі расказваюць пра мітынгі пратэсту ў Беларусі, абавязкова падкрэсьліваюць, гэта найбольш масавыя акцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

Але, на мой погляд, паміж сьнежаньскай Плошчай-2010 і сёлетнімі пратэстамі існуе істотная розьніца. Тады акцыя была палітычная. Цяпер яны эканамічныя, але з паступовым перарастаньнем у палітычныя. Тады людзі патрабавалі свабодных і чэсных выбараў. Цяпер — адмены дэкрэту аб дармаедах, годных заробкаў. Зразумела, што цяпер пратэставая база патэнцыйна значна шырэйшая. І вось гэта, як мне падаецца, найперш непакоіць улады. Яны разумеюць, што яшчэ адзін крок — і пратэстоўцы запатрабуюць ня толькі адмены дэкрэту № 3, ня толькі высокіх заробкаў, але і зьмены ўлады. Менавіта таму загучалі лёзунгі «Далоў Лукашэнку!», «Лукашэнка, сыходзь!». Прычым, я гэта асабліва адзначаю, яны прагучалі ня толькі ў Менску, але і ў рэгіянальных гарадах, у правінцыі. Значыць, і там настрой памалу зьмяняецца.

Вядома, людзі па-ранейшаму баяцца страціць працу, а цяпер, калі ўладкавацца значна цяжэй, — асабліва. Але паціху страх сыходзіць. І, я думаю, нават адмена дэкрэту аб дармаедах ужо ня спыніць людзей. Той дыялёг з грамадзтвам, пра які казаў Сярэдзіч, пра які згадваў Лукашэнка, ужо насьпявае. Але ці адбудзецца ён, можна будзе сьмела казаць пасьля акцыі 25 сакавіка. У залежнасьці ад таго, як яна пройдзе, гэтая акцыя будзе вельмі вырашальная ў далейшым. Бо пра «круглы стол» апазыцыя марыць ужо шмат гадоў. Яна і просіць сама, і праз заходніх палітыкаў. Але Лукашэнка з пазыцыі моцнага адкрыта кажа: чаго мне сядаць са слабымі за адзін стол? Хай яны будуць моцныя, тады, можа, і сядзем. Дык вось 25 сакавіка і будзе вызначэньнем беларускай апазыцыі, наколькі яна моцная і ці яна па-ранейшаму слабая. Моцнай яна можа быць толькі ў тым выпадку, калі яна зможа пашырыць вось гэтую пратэставую базу, якая цяпер утварылася, і стаць на чале гэтага руху.

Бо сапраўды настроі ў людзей цяпер даволі радыкальныя, і справа ня толькі ў гэтым дэкрэце. Так, частка людзей будзе, канечне, задаволеная, што яны зрабілі разумна, не панесьлі гэтыя грошы здаваць. Але ж людзей непакоіць і іншае — і пэнсійнае заканадаўства, і праблемы індывідуальных прадпрымальнікаў, і г.д. База для зьменаў вялікая. З майго пункту гледжаньня, пасьля 25 сакавіка і можна будзе казаць, ці ёсьць у Беларусі нейкае пратэставае грамадзтва, ці могуць яго прадстаўнікі вылучаць патрабаваньні і ці ўлады будуць лічыцца з гэтымі патрабаваньнямі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG