Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску шукаюць траіх падлеткаў са шматдзетнай сям’і, якія ўцяклі з дому


Віцебск, ілюстрацыйнае фота

7-га сакавіка Руслан (15 гадоў), Цімур (18) і Кацярына (15) Дзівіны пайшлі ў школу, але дахаты не вярнуліся.

У кватэры знайшлі запіску, дзе паведамлялася, што прычына сыходу — пэрпэктыва «сур’ёзнай размовы» з бацькам.

У сям’і Дзівіных васьмёра дзяцей. Гэтую сям’ю добра ведаюць у Віцебску, бо яны маюць «публічны» бізнэс — займаюцца пракатам дзіцячых машынак на плошчы Перамогі і ў раёне Чкалаўскага кірмашу. На віцебскіх форумах адзначаюць, што дзеці з самага маленства працавалі разам з бацькамі або былі падчас працы пры іх.

«Маці прыходзіла на працу, трымаючы на руках немаўля», «Дзеці былі каля машынак цэлымі днямі, з колай і хот-догамі ў руках», — пішуць на форумах.

«Атракцыёны» пазначана ў якасьці «месца працы» на сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» ў зьніклага Руслана. Зрэшты, ён не наведваў сваю старонку каля году. А вось у сястры Кацярыны ў сацыяльнай сетцы ёсьць дзьве старонкі: паводле зьвестак адной, дзяўчына была анлайн уночы з 6 на 7 сакавіка, а паводле другой — увечары 9-га сакавіка. Гэта значыць, ужо пасьля абвяшчэньня падлеткаў у вышук.

Паводле бацькоў, дзеці сышлі з дому, забраўшы пашпарты і грошы. Аднак мабільныя тэлефоны пакінулі.

«Сур’ёзная размова» з бацькам мусіла адбыцца з тае нагоды, што падлеткі былі на дні народзінаў і там пакаштавалі сьпіртное і электронную цыгарэту. Бацька даведаўся пра гэта ад старэйшага сына Марка, які жыве і вучыцца за мяжой, але падтрымлівае стасункі з малодшымі. Бацькі на той момант былі ў ад’ездзе, але папярэдзілі, што па прыезьдзе будзе размова з падлеткамі пра іхныя паводзіны.

Міліцыя неадкладна пачала пошукі. Пра зьнікненьне траіх падлеткаў паведамілі мясцовыя і рэспубліканскія СМІ. Пакуль зьвестак пра зьніклых няма.

XS
SM
MD
LG