Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыйны суд Паўднёвай Карэі зацьвердзіў імпічмэнт прэзыдэнткі. У пратэстах загінулі два чалавекі


Прэзыдэнтка Паўднёвай Карэі Пак Кын Хе
Прэзыдэнтка Паўднёвай Карэі Пак Кын Хе

Канстытуцыйны суд Паўднёвай Карэі пакінуў у сіле рашэньне парлямэнту пра імпічмэнт прэзыдэнткі краіны Пак Кын Хе, перадае Reuters. Гэта першы выпадак, калі законна абраны кіраўнік Паўднёвай Карэі датэрмінова пакідае пасаду. Пак адрынала абвінавачаньні, але завочна: у суд яна не зьявілася.

Пак Кын Хе абавязалі неадкладна пакінуць рэзыдэнцыю прэзыдэнта ў Сэуле. Датэрміновыя выбары новага прэзыдэнта, згодна з Канстытуцыяй, маюць прайсьці цягам 60 дзён.

Пасьля вынясеньня вэрдыкту пад Канстытуцыйным судом сабраліся некалькі соцень прыхільнікаў прэзыдэнткі. Яны спрабавалі прарвацца ў будынак праз атачэньне паліцыі, два пратэстоўцы загінулі ў сутыкненьнях. Адзін стары мужчына памёр у шпіталі з траўмай галавы, абставіны сьмерці другога расьсьледуюцца.

Парлямэнт абвясьціў імпічмэнт 9 сьнежня 2016 году, прэзыдэнтку адхілілі ад дзейнасьці да пацьвярджэньня рашэньня Канстытуцыйным судом. Пак Кын Хе казала да таго, што гатовая пайсьці ў адстаўку ў выпадку рашэньня парлямэнту пра імпічмэнт, але ў выніку чакала рашэньня Канстытуцыйнага суду, ня зьехаўшы з рэзыдэнцыі.

Самаўхіленьне, сэкс і «маральная інваліднасьць»: 15 імпічмэнтаў, якія адбыліся і праваліліся

Рэйтынг Пак Кын Хе абваліўся ў канцы кастрычніка 2016 году пасьля паведамленьняў мясцовых СМІ пра ўплыў сяброўкі прэзыдэнткі на дзяржаўную палітыку. Яна змушала паўднёвакарэйскія карпарацыі ахвяраваць мільёны даляраў падкантрольным ёй фондам. Зь лістапада ў Паўднёвай Карэі праходзілі масавыя акцыі пратэсту з патрабаваньнем адстаўкі прэзыдэнткі.

Тую сяброўку прэзыдэнткі арыштавалі і абвінавацілі ў злоўжываньні ўладай. Некалькі былых памочнікаў прэзыдэнткі былі таксама арыштаваныя паводле абвінавачаньня ў перавышэньні ўлады. Міністра культуры арыштавалі па падазрэньні ў складаньні чорных сьпісаў грамадзян, якія крытыкавалі ўлады.

Пак Кын Хе публічна папрасіла прабачэньня за тое, што адбылося, але сама ня стала пакідаць сваю пасаду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG