Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цана нафты ў ЗША звалілася да ўзроўню канца мінулага году


У чацьвер цана нафты, што здабываецца ў Злучаных Штатах, апусьцілася ніжэй за 50 даляраў за барэль упершыню з пачатку сьнежня мінулага году, нягледзячы на спробы буйных вытворцаў за межамі ЗША скараціць аб’ёмы здабычы.

У сераду нафта патаньнела на 5 працэнтаў, у чацьвер цана апусьцілася яшчэ на 2 зь лішнім працэнты. Нафта эталённай маркі Brent таксама стала таньнейшай, але каштуе па-ранейшаму трохі даражэй амэрыканскай, 52 даляры за барэль.

У студзені краіны АПЭК ды іншыя вядучыя вытворцы, якія не ўваходзяць у картэль, паменшылі здабычу, што прывяло спачатку да павышэньня цэнаў. Скачок іх, аднак, дазволіў амэрыканскім здабытчыкам сланцавай нафты зноў запусьціць закансэрваваныя магутнасьці, прычым хутка і з малымі выдаткамі. У выніку аб’ём запасаў здабытай нафты ў ЗША расьце ўжо дзевяць тыдняў запар і на мінулым тыдні дасягнуў рэкорднай велічыні — больш як 528 мільёнаў барэляў.

Як адзначаюць аналітыкі, найбуйнейшаму вытворцу АПЭК, Саудаўскай Арабіі, цяпер трэба будзе вырашыць, ці гатовая яна, скарачаючы здабычу ў мэтах падтрыманьня цэнаў, саступаць сваю долю на рынку амэрыканцам.

Падзеньне цэнаў адбілася на курсах акцый вядучых энэргетычных кампаній ЗША, іх сукупны біржавы індэкс упаў з пачатку гэтага году на 8,5 працэнта. Намаганьні адміністрацыі Трампа аслабіць захады рэгуляваньня нафтавых кампаній могуць прывесьці да далейшага зьніжэньне цэнаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG