Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандр Лукашэнка прыпыніў дзеяньне дэкрэту «аб дармаедах» і абвясьціў аб істотных зьменах зьместу дакумэнту.

Чаму гэта стала магчымым? І ці стала гэта дэманстрацыяй слабасьці або здаровага сэнсу?

Для адказу варта прыгадаць, што Беларусь не адна ў сьвеце, і сытуацыі, падобныя сацыяльнаму канфлікту з нагоды дэкрэту, здараюцца даволі часта.

Адзін замежны вопыт у сувязі зь беларускімі пратэстамі памінаюць, праўда, да месца і не да месца: у Беларусі пачаўся Майдан, пратэсты прывядуць да Майдану, мы не дапусьцім Майдану. Палітычная матывацыя падобнай рыторыкі была даволі зразумелая — вопыт паўднёвай суседкі Беларусі ўспрымаецца беларусамі ня вельмі натхняльна. Але ўражвала наўмысная зацыкленасьць на адным і толькі адным прэцэдэнце.

Летась у Казахстане адбыліся сур’ёзныя пратэсты з нагоды зьменаў у закон аб зямлі. На вуліцы выходзілі тысячы людзей. Некалькі гадоў таму ня менш бурныя пратэсты адбываліся ў Армэніі — таксама тысячы людзей, таксама бура эмоцыяў, часам і сутыкненьні з паліцыяй. Нагода — павышэньне тарыфаў на электраэнэргію.

Малдова выбухнула пратэстамі, калі высьветлілася, што карупцыянеры выцягнулі з банкаў краіны мільярд даляраў.

Яшчэ ў мінулым годзе Францыю месяцамі трэсла ад масавых пратэстаў супраць зьменаў у заканадаўства аб працы. Нарэшце, самае сьвежае — сотні тысяч, да паўмільёна чалавек, на вуліцах Бухарэста, абураных лібэралізацыяй закону аб карупцыі, якая давала магчымасьць некаторым карупцыянерам сысьці ад адказнасьці.

Відавочна, што па сваіх матывах і дынаміцы беларускія пратэсты былі куды больш падобныя на казаскія, армянскія, францускія, румынскія пратэсты, чым на ўкраінскі Майдан 2013-2014 году.

Ва Ўкраіне прынамсі нагодай было рашэньне ўлады, якое ў значнай ступені вызначала геапалітычны выбар краіны — адмова ад падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ. Ва ўсіх астатніх згаданых мной пратэстах нагодай былі зусім ня лёсавызначальныя рашэньні і дзеяньні ўладаў. На коне нідзе не стаяў ніякі прынцыповы выбар.

Таксама ясна, што паўсюль нагода для пратэстаў быў толькі фокусам незадаволенасьці многімі праявамі бязладзьдзя тамтэйшага жыцьця-быцьця. Як у Высоцкага, «да дело в общем не в гусях, а все неладно».

Дык і ў Беларусі дэкрэт аб дармаедах стаў такім жа фокусам, у якім сабралася, сышлося шмат чаго — і зьніжэньне рэальных даходаў, і рост беспрацоўя (прынамсі, страх перад яе ростам), і новыя камунальныя тарыфы, і падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Дэкрэт стаў апошняй кропляй.

Але жыцьцё паказвае, што ў сьвеце лёс пратэстаў, асабліва матываваных нейкай канкрэтнай сацыяльнай праблемай, не вычэрпваецца поўнай паразай пратэстаў і зрынаньнем улады. У пералічаных выпадках зыход быў розным: дзе пратэсты і праўда як падняліся, так і аціхлі, дзе ўлады проста адмянілі рашэньня, якія сталі дэтанатарамі пратэстаў, дзе атрымаўся кампраміс. Рашэньні былі. І сплылі. Дакладней, нават не сплылі, а паплылі, так бы мовіць — былі скарэкціраваныя. Словам, як у Беларусі — адмена без адмены.

Пры гэтым вынікі ня были абумоўленыя прыродай палітычных сыстэмаў адпаведных краінаў: у аўтарытарным Казахстане ўлады пайшлі на саступкі, у не занадта дэмакратычнай, але і ня вельмі аўтарытарнай Армэніі — таксама, у дэмакратычнай Францыі ўлада пакуль стаіць на сваім. Аўтарытарны Пуцін не саступіў пратэстам супраць сыстэмы зьбіраньня дарожнага збору «Платон».

Лукашэнка апынуўся ў кампаніі з Назарбаевым і Саргсянам, а не ў кампаніі з Пуцінам і Аляндам. Чаму?

Для ацэнкі патэнцыялу і маштабаў беларускага пратэсту супраць дэкрэту варта зьвярнуць увагу ня толькі на сотні і тысячы людзей, якія выходзілі на вуліцы беларускіх гарадоў. Так, некалькі тысячаў на вуліцы — гэта ўвогуле само па сабе няшмат. Але ў некаторых гарадах і столькі выходзіла на вуліцу толькі ў пачатку 90-х гадоў. Гэтыя некалькі сотняў або тысячаў людзей на вуліцы — індыкатар, вяршыня вялізнага айсбэргу народнага незадаволенасьці.

Горкая іронія сытуацыі для ўлады аказалася ў тым, што яна трапіла ў пастку яе любімых савецкіх практык і ўяўленьняў. Усе савецкія і большасьць постсавецкіх людзей не плацілі і ня плацяць падаткаў у тым сэнсе, у якім іх плацяць грамадзяне заходніх краінаў, падаючы штогод дэклярацыі аб даходах і выплачваючы падатак са сваёй кішэні. За беларусаў падаходны падатак фактычна плацяць працадаўцы, падаткі на продажы «забітыя» у кошты. Так было для большасьці заўсёды.

І, дарэчы, калі пару гадоў таму ў краіне паднялі стаўку падаходнага падатку з 12% ды 13%, гэта ня выклікала наогул ніякіх пратэстаў. Хоць па грашах гэта было супастаўна з стратамі ад дэкрэту аб дармаедах, прычым тады гэта тычылася ўсіх.

Але тады для звычайнага чалавека зьмена азначала, што недзе неяк нешта пералічылі — і ўсё.

А зараз — дзяржава рэальна залезла ў кішэню. Дык гэта ж няправільна, несправядліва, не па-нашаму, не па-савецку.

Так што ўлады ў дадзеным выпадку, як той казаў, за што змагаліся, на тое і напароліся. Песьцілі патрыярхальныя сацыяльна-эканамічныя масавыя прадстаўленьня — атрымалі менавіта ад іх «абратку».

Прычым, як эмацыйна, так і тэхналягічна. Эмацыйна — у ацэнках, што рашэньне няправільнае, несправядлівае. Тэхналягічна — у выглядзе фактычнага масавага байкоту. Частка апазыцыі шмат гадоў заклікала беларусаў байкатаваць выбары, пры гэтым посьпех заклікаў быў даволі сьціплым.

Паводле дадзеных на 20 лютага з 470 тысяч атрымальнікаў «лістоў шчасьця» з падатковай заплацілі збор 51 тысяча. Да байкоту зьвярнуліся 89%. І такі вынік куды больш уражвае, чым тысячы на вуліцах.

Больш за тое, тысячы на вуліцах тлумачыліся менавіта гэтымі сотнямі тысяч байкотчыкаў, якія нябачна стаялі ў іх за сьпінай.

Перамога здаровага сэнсу, тое, што ўлада пачула грамадзтва, было забясьпечана як гучнасьцю грамадзкіх галасоў, так і здольнасьцю ўлады іх чуць. Вельмі верагодна, што вопыт гэтай перамогі, здабыты масавым і пры гэтым разнастайным пратэстам, ня пройдзе бясьсьледна для беларускага грамадзтва. Але зусім не абавязкова, што пратэсты пойдуць па нарастаючай, дамагаючыся ад улады крокаў насустрач і ў іншых сфэрах.

З вопыту тых жа Армэніі і Казахстану можна выказаць здагадку, што хутчэй не, чым так. Зьнікае галоўны матыў, раздражняльнік пратэсту — рэзка зьніжаецца інтэнсіўнасьць пратэстаў. Асаблівасьць Майданаў палягае, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і ў тым, што яны даволі рэдкія — значна часьцей адбываецца так, як у Алма-Аты і Ерэване.

Наўрад ці беларускае грамадзтва, якое прачнулася, так адразу зноў упадзе ў сьпячку, дамогшыся рашэньня вострай, але ўсё ж лякальнай праблемы. Проста гэта няспаньне не абавязкова прыме форму працягу пратэстаў і менавіта цяпер.

Варта заўважыць, што ўжо падчас «маршу недармаедаў» ў Берасьці 5 сакавіка ўлады пачалі ўжываць рэпрэсіі супраць арганізатараў акцый. Гэтых мэтадаў ўлада не ўжывала ўжо фактычна з вызваленьня Мікалая Статкевіча ў жніўні 2015 году. Здавалася, што ранейшая практыка вяртаецца. Ва ўнісон з гэтым вяртаньнем было і зьяўленьне на БТ фільму «Званок сябру», які апавядае якраз пра шкоднасьць Статкевіча. І ў гэтым адчувалася вяртаньне ранейшай практыкі «Дзяцей хлусьні», «Жалеза па шкле» і іншых падобных телешэдэўраў.

Але гэта вяртаньне рэпрэсіўных практык неяк не спалучаецца з, як ні круці, капітальнай саступкай, зробленай прэзыдэнтам 9 сакавіка. Улада прызнала справядлівасьць народнага пратэсту, як сказаў Лукашэнка, «і тыя, хто сёньня па 200-500 чалавек выходзяць на вуліцы і пачынаюць крычаць, гэта ж ня тыя дармаеды, якія сапраўды дармаеды. Гэта ў асноўным тыя людзі, якія пакрыўджаныя».

Калі пратэст справядлівы, калі нямала людзей аказаліся пакрыўджанымі, прычым пакрыўджанымі рашэньнем улады, то чым дрэнныя тыя, хто даў народу магчымасьць выказаць, выказаць сваю крыўду?

Зразумела, што палітычная лёгіка часта аказваецца далёкай ад фармальнай. На думку ўлады, лідэры пратэстаў — дрэнныя, яны падбухторшчыкі, шараговыя ўдзельнікі пратэстаў — добрыя, яны за справядлівасьць, на барацьбу за якую іх лідэры і падбухторылі. Як сказана ў Пісаньні, «могий вместити — да вместит».

Ці стане берасьцейскі вопыт рэпрэсіяў пачаткам новай палітыкі ўлады? Уяўляецца, што калі пратэсты будуць нарастаць, то так. Калі саступкі не даюць выніку, улада ў многіх краінах зьвяртаецца да мераў строгасьці, хоць карысьць уладзе гэта прыносіць не заўсёды. Калі ж працэс будзе разьвівацца па армянскім або казаскім сцэнары, то берасьцейскі эпізод, хутчэй за ўсё, так і застанецца ізаляваным эпізодам.

Мікалай Статкевіч са жніўня 2015 году неаднаразова заклікаў людзей выйсьці на вуліцу, адгукаліся на гэты заклік нямногія. 17 лютага адгукнулася значна больш людзей. Адсюль вынікае, што справа ня толькі ў Статкевічу, ня толькі ў яго адмысловым палітычным майстэрстве. Яно не было меншым да 17 лютага.

Відавочна, што лібэралізацыя, хай нават куртатая і палавіністая, гняце ўладу, можна меркаваць, што вулічныя пратэсты мелі б меншыя маштабы, калі б не было той лібэралізацыі.

Але колькасьць тых, хто не заплаціў збор на дармаедаў, наўрад ці быў так ужо моцна абумоўлены лібэралізацыяй.

Проста ня варта кідаць выклік народнаму разуменьню справядлівасьці. І рэпрэсіі супраць лідэраў пратэсту ня робяць несправядлівасьць справядлівасьцю.

Досьвед «маршаў недармаедаў» у Магілёве, Віцебску, Гомелі, Бабруйску паказаў, што сам пратэст спараджае і новых лідэраў. І як бы ўладам не давялося добрым ціхім словам памінаць звыклую апазыцыю, убачыўшы новых лідэраў пратэсту.

Перадрук з парталу TUT.BY

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG