Дакумэнт, які дазволіць узброеным сілам ЗША функцыянаваць да канца верасьня, утрымлівае фармулёўкі, якія забараняюць супрацоўніцтва з «Рособоронэкспортом» — адзінай расейскай дзяржаўнай кампаніяй, якая займаецца экспартам зброі і прадукцыі падвойнага прызначэньня.
Голас Амэрыкі паведамляе, што законапраект быў ухвалены 8 сакавіка 371 голасам «за» пры 48 галасах «супраць» і цяпер паступіць на разгляд у Сэнат.
Адміністрацыя Дональда Трампа рыхтуе дадатак да законапраекту, які прадугледжвае выдаткі ў памеры 30 мільярдаў даляраў, у выкананьне абяцаньняў прэзыдэнта аднавіць «зьнясіленыя», паводле яго словаў, узброеныя сілы.
Законапраект уключае выдаткі ў суме 516 мільярдаў даляраў на фінансаваньне асноўных патрэбаў вайскоўцаў. Каля 62 мільярдаў вылучаецца на фінансаваньне бягучых вайсковых апэрацый у Аўганістане, Іраку і іншых краінах.
«Ніякія з гэтых сродкаў ня могуць быць выкарыстаны міністрам абароны для заключэньня кантрактаў з «Рособоронэкспортом», — агаворваецца ў дакумэнце.
У ім таксама ўказваецца, што гэта забарона павінен дзейнічаць да таго часу, пакуль расейская карпарацыя ня спыніць «пастаўкі сьмяротнага вайсковага абсталяваньня Сырыі, а таксама пакуль расейскія ўзброеныя сілы не пакінуць Крым».