Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Naviband прадставілі фінальную вэрсію песьні на «Эўравізію», трансьлітаравалі тэкст


Беларускі гурт Naviband прадставіў на Youtube фінальную вэрсію песьні «Гісторыя майго жыцьця», зь якой мае выступіць на «Эўравізіі», а таксама новы лягатып гурту аўтарства дызайнэркі Марыі Ліс. Іхны першы выступ заплянаваны на другую палову другога паўфіналу 11 траўня, дзе яны будуць змагацца за права выступіць у фінале 13 траўня. Конкурс праходзіць сёлета ў сталіцы Ўкраіны Кіеве.

Песьня ў фінальнай вэрсіі ня мае радыкальных зьменаў у параўнаньні з прадстаўленай раней, але гучаньне дапоўнілі беларускай дудой і скрыпкай. За новы запіс адказны лідэр «Палаца» Алег Хаменка.

На відэа пададзены тэкст песьні па-беларуску лацінскімі літарамі.

Гэта не зусім беларуская лацінка, што ўжывалася цягам ХХ стагодзьдзя (ёю, напрыклад, выходзілі ў 1990-х асобныя нумары «Нашай Нівы» і аздабляліся альбомы гурту N.R.M). Гэта трансьлітарацыя згодна з «Інструкцыяй да трансьлітарацыі геаграфічных назваў», што мусіць выкарыстоўвацца сёньня на мапах і шыльдах на вуліцах. У той інструкцыі ўжываюць іншыя значкі і напісаньні. Напрыклад, першы радок песьні беларускай нацыянальнай лацінкай пішацца «Kolki dzion, kolki spatkańniaŭ». Калі ж скарыстаць да яго «Інструкцыю да трансьлітарацыі геаграфічных назваў», ён выглядае «Koĺki dzion, koĺki spatkanniaŭ...».

Імаверна, трансьлітарацыя дапаможа іншаземцам, якія запісвалі кавэры на «Гісторыю майго жыцьця» адразу пасьля перамогі Naviband у нацыянальным адборы.

XS
SM
MD
LG