Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў назваў пісьменьнікаў анёламі зь белымі крыламі


Сяргей Астраўцоў

Зьезд Саюзу пісьменьнікаў абяцаў быць адметным, але аказаўся звычайным.

Калі палымяна выступіў Уладзімер Някляеў, здавалася, будзе вострая размова: падтрымліваць яго ці не, ісьці саюзу ў «палітыку» ці ўстрымацца. Але падсьвядома кожны зразумеў, што хоць заклік Някляева слушны, але часы цьмяныя, «сярэднявечча», СБП ня будзе дражніць начальства.

Уладзімер Някляеў сказаў дэлегатам зьезду, што адназначна беларускія літаратары, пісьменьнікі, паэты ў параўнаньні з палітыкамі проста анёлы зь белымі крыламі. Чым выклікаў адзіны раз воплескі. Каму ж непрыемна такое пачуць? Хоць анёламі ці напраўду нехта сябе мог адчуваць? Сумнеўна. Але ж надта прыгожа было сказана. Тым болей прамоўца перш прызнаўся: калі сорак гадоў таму ўступаў у саюз, Барадулін яму сказаў — «Ну, віншую цябе з уступленьнем у саюз сяброў, кожны зь якіх табе пажыцьцёвы вораг».

Аднак заклік далучыцца ўсім саюзам да новага грамадзкага руху за дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі водгуку не знайшоў. Спадар Някляеў меў спадзяваньне, паколькі Рада СБП перад зьездам яго падтрымала. У тым ліку Алексіевіч, Арлоў, Баршчэўскі. Зрэшты, кожны прысутны мабыць падпісаўся б пад ягонымі словамі. Але зьезд быў скліканы з адзінай мэтаю — пераабраць Барыса Пятровіча. І каб не парушыць статут, што датычыць тэрмінаў, папярэдні зьезд адбыўся напачатку сьнежня 2011-га.

Анатоль Вярцінскі і Радзім Гарэцкі
Анатоль Вярцінскі і Радзім Гарэцкі

Напэўна гэта лягічна, што саюз лічыць за лепшае не вытыркацца. Хоць, нібыта адчулася крышку «касмэтычная» адліга. Някляеў сказаў чыстую праўду. Што ўлады спрабуюць даказаць, што мы не пісьменьнікі, а пісьменьнікі тыя, хто ў генэрала ў саюзе. Які цяпер у «Доме літаратара», які забралі ў СБП і дзе цяпер, са словаў Някляева, саюз Чаргінца разам зь «Белай Русьсю». «Мы патрабуем вярнуць зрабаваную маёмасьць Саюзу пісьменьнікаў!» — выгукнуў прамоўца з трыбуны. Каб там зрабілі цэнтар беларушчыны. І абгрунтаваў: «І калі рэжым пачаў гаварыць нешта там пра беларускасьць, пра гісторыю беларускую, дык нам мала слоў, мы іх чвэрць стагодзьдзя слухаем. Зрабіце дзеяньне, вярніце тое, што ў нас забралі! Дайце нам доступ да радыё, тэлебачаньня, да сродкаў масавай інфармацыі, мы патрабуем гэтага. Мы патрабуем роўных умоў у дзяржаўных выдавецтвах».

Хіба хто супраць? Ніхто ня супраць. Але заклік застаўся заклікам.

Анатоль Сідарэвіч і Мікола Гіль сустрэліся на зьезьдзе. Першы быў загадчыкам аддзела крытыкі, другі намесьнікам рэдактара ў «ЛіМе», калі мы студэнтамі друкаваліся ў гэтай газэце. «ЛіМ» даў мне заяўку на разьмеркаваньне ў БДУ, але яе не задаволілі
Анатоль Сідарэвіч і Мікола Гіль сустрэліся на зьезьдзе. Першы быў загадчыкам аддзела крытыкі, другі намесьнікам рэдактара ў «ЛіМе», калі мы студэнтамі друкаваліся ў гэтай газэце. «ЛіМ» даў мне заяўку на разьмеркаваньне ў БДУ, але яе не задаволілі

Як заўсёды бывае, напачатку пабойваюцца: ці будзе кворум? Кворум быў. Хаця, як на мяне, адно прозьвішча ў бюлетэні для галасаваньня — гэта брэжнеўскія часы, якія мы некалі марылі перажыць. Выбар — калі ёсьць дзьве кандыдатуры. Усё роўна ж большасьць сёньня галасавала б за пераабраньне Барыса Пятровіча. І я таксама. Хіба што ўдзельнічаў бы яшчэ Арлоў. Але яму гэта ня трэба. Бо чаму вырашылі: няхай Пятровіч зноў будзе? За працу, якая адбываецца: выдаюцца кнігі, часопісы (такі і электронны), абласныя альманахі і гэтак далей. Можа на паверхні ня так кідаецца ў вочы, але ўсё досыць грунтоўна пакуль. Дык навошта патрабаваць ад тых, хто ўсё роўна нічога ня дасьць?

Сацсеткі поўныя здымкаў са зьезду. І рэфрэнам камэнтар: «Дзе маладыя пісьменьнікі? Усе пэнсіянэры ці амаль пэнсіянэры». Так, усё больш сівых галоў. Хаця літаратурнай моладзі зусім ня меншае. Напэўна ня бачаць сэнсу ўступаць. Ці сам зьезд не цікавы для іх. А так, шэрагі, здаецца, ня меншаюць. Хоць за апошнія пяць год сорак восем чалавек памерлі. Ушанавалі хвілінай маўчаньня. Але ў сьпісах застаюцца чатырыста семдзесят.

Галасуем за Барыса Пятровіча
Галасуем за Барыса Пятровіча

Ясна, зьезд — каб убачыць іншых. Для сустрэч. Агульнавядома. Кароткія размовы. З Генрыхам Далідовічам, зь якім пазнаёміліся на Іслачы яшчэ ў 1988-м, дзе ён на сэмінары вёў майстэрню для маладых празаікаў. І ён мяне запомніў з таго часу і заўсёды бывае прыязны. З Уладзімерам Арловым, які сказаў, што падабаюцца мае падарожныя эсэ. Вельмі прыемна, надзвычай! Алесь Бяляцкі падпісаў сваю кнігу. Зь якім добра знаёмыя былі з часоў «Тутэйшых».

Хтосьці перадаў нечакана вялікі здымак зь мінулага зьезду: я сяджу там жа, дзе гэтым разам, толькі на крэсла вышэй. Сяргей Сыс выстаўляе на фэйсбуку здымкі, гляджу: на тым месцы цяпер, адразу за мной, Алесь Разанаў. Прычым я ня бачыў яго. Разанаў, якога мы яшчэ ў студэнцкія часы проста багомілі.

Зноў сустрэліся на зьезьдзе са Славамірам Адамовічам
Зноў сустрэліся на зьезьдзе са Славамірам Адамовічам

Побач сядзеў незнаёмы. Аказалася, са Сьветлагорску. А Герменчука ня ведаў выпадкам? Я кнігу аб ім пішу. Ну, як жа! І расказаў мне крыху, запісаў невялічкае інтэрвію.

Калі ехалі на зьезд, размова была, вымушана, пра паэтаў, што вельмі сябруюць з чаркай, і паэтаў, якія проста невыносныя людзі, альбо, што таксама бывае, — «два ў адным». Калі вярталіся назад, з намі ехала паэтка, якая была ў саюзе Мікалая Чаргінца, але напісала заяву, выйшла і вось толькі што ўступіла ў саюз Барыса Пятровіча. Успамінала, як некалі езьдзілі на зьезд СПБ: аблвыканкамаўскім бусам, зь міліцэйскім эскортам. Начоўка ў гатэлі, падарункі, кармілі па-рэстараннаму. Але штосьці было ня так. Хаця ў нас такі абед, што сьціплейшага не бывае, і без прэзэнтаў, толькі папка з нататнікам, але папера добрая, белая.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG