Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Духоўнік Лукашэнкі ў Курапатах: «У гісторыкаў няма афіцыйнай вэрсіі»


Фёдар Поўны

Настаяцель Усіхсьвяцкага прыходу РПЦ у Менску а. Фёдар Поўны, якога ў СМІ называюць «духоўным» Аляксандра Лукашэнкі, наведаў Курапаты. У інтэрвію тэлеканалу СТВ ён распавёў, што, праяжджаючы побач з Курапатамі, заўсёды хрысьціцца.

«Гэтае месца павінна быць аформлена так, каб і мінак, і той, хто адмыслова сюды прыяжджае, схіліў галаву перад памерлымі. Памаліўся і задумаўся пра жыцьцё. Добра, калі гэты куток Менску будзе архітэктурна і ляндшафтна прыгожым», — сказаў Поўны.

Настаяцель менскага прыходу назваў тэму рэпрэсіяў «вельмі тонкай», бо грамадзтва Беларусі, на ягоную думку, жыве спадчынаю савецкай эпохі.

«Ёсьць шэраг вялікіх дасягненьняў той эпохі. І, кажучы пра адмоўныя моманты, нават пра такую страшную праўду, мы заўсёды павінны бачыць гэты фон. Гэта не апраўданьне забойстваў, але гэта два паралельныя працэсы, якія гістарычна ўжо непадзельныя. А таму, будуючы памятны комплекс ахвярам рэпрэсіяў, нам трэба мець музэй дасягненьняў савецкай эпохі», — лічыць Ф. Поўны.

Толькі тады, на думку Поўнага, магчымы абʼектыўны погляд. Калі ж на хісткай аснове пабудаваць мэмарыял, то ён можа аказацца вялікай правакацыяй, сказаў Поўны.

«У гісторыкаў пакуль няма афіцыйнай вэрсіі. Але грамадзтва чакае яснай пазыцыі. Спачатку трэба вызначыць на дзяржаўным і грамадзкім узроўнях статус гэтай тэрыторыі. Тады спыніцца яе выкарыстаньне ў розных мэтах і часта настроенымі супраць улады абʼяднаньнямі і групамі» — сказаў настаяцель Усіхсьвяцкага прыходу РПЦ у Менску а. Фёдар Поўны.

Дзяржаўная камісія па расьсьледаваньні злачынстваў у Курапатах была створаная ў сярэдзіне ліпеня 1988 г. Саветам Міністраў БССР. Першае сьледзтва па факце масавых расстрэлаў скончылася ў лістападзе 1988 году і вызначыла колькасьць забітых у ня менш за 30 тысяч чалавек. Лічба была агучаная Генэральным пракурорам БССР Георгіем Тарнаўскім. Пасьля заканчэньня сьледчых дзеяньняў Генэральнай пракуратурай БССР была абнародавана пастанова пра спыненьне крымінальнай справы, датычнай Курапатаў: «...Дакладна даказана, што расстрэлы пакараных ажыцьцяўляліся супрацоўнікамі камэндатуры НКУС БССР...»

З 1993 году ўрочышча Курапаты занесенае ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусі як месца пахаваньняў ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930–1940-х гадоў. Курапаты маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі.

Глядзець камэнтары (16)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG