Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску ўдзельнікі «Маршу недармаедаў» сабраліся на плошчы Перамогі і расказалі пра ціск на працы


Тацяна Лапіна выступае перад віцяблянамі 19-га лютага
Тацяна Лапіна выступае перад віцяблянамі 19-га лютага

Некалькі чалавек зьвярнуліся да каардынатаркі аргкамітэту БХД Тацяны Севярынец з тым, што на прадпрыемствах гораду з удзельнікамі «Маршаў недармаедаў» 19-га і 26-га лютага вядуцца «прафіляктычныя гутаркі».

Адна з тых, хто зьведаў «прафіляктыку» ад загадчыцы аддзелу кадраў прадпрыемства «Віцебскія цепласеткі», — гэта былая работніца, а цяпер пэнсіянэрка Тацяна Лапіна:

Тацяна Лапіна
Тацяна Лапіна

«Я выходзіла на плошчу Перамогі самы першы раз, калі быў абвешчаны збор незадаволеных Дэкрэтам № 3, 19-га лютага. Народу было няшмат, і я была сярод самых актыўных, хто не пабаяўся гаварыць пра праблему. Пасьля гэтага загадчыца аддзелу кадраў Сьвятлана Савіцкая пачала пагражаць маёй дачцэ, якая працуе ў „Цепласетках“. Загадвала папярэдзіць, каб я нікуды не хадзіла, прычым у абразьлівай форме. Перад 26-м спадарыня Савіцкая патэлефанавала мне. Прапанавала сустрэцца. Я адразу сказала, што я не працую на прадпрыемстве, і гутарка будзе бессэнсоўнай. Бо ў мяне ёсьць уласная грамадзкая пазыцыя, і я буду яе выказваць. Тады зноў пачалі ціснуць на дачку: „Перадай маці, няхай падумае, як яна на сваю пэнсію будзе карміць і звольненую дачку, і малую ўнучку“. Гэта ўжо адкрытая пагроза, я лічу. Няхай адчэпяцца ад дачкі! А я не баюся нічога і нікога, я чалавек вольны!»

У нядзелю 5-га сакавіка спадарыня Лапіна расказала гэтую гісторыю Тацяне Севярынец. Актывістка кажа, што гатовая прымаць падобныя звароты:

«Мы сустрэліся 5 сакавіка на плошчы Перамогі. Цікава, што туды падышлі яшчэ некалькі віцяблян, якія прачыталі ў інтэрнэце, што на самым першым „Маршы недармаедаў“ было вырашана зьбірацца штотыдзень па нядзелях. Значыць, людзі сочаць за падзеямі! Што да мяне, то я адмыслова пакідаю свой кантактны тэлефон у сацыяльных сетках, каб людзі, якія падпадаюць пад рэпрэсіі, мелі магчымасьць зьвязацца з актывістамі і журналістамі».

Тацяна Севярынец
Тацяна Севярынец

Тацяна Севярынец і сама займела праблемы пасьля ўдзелу ў «Маршы недармаедаў» 26-га лютага. Па дарозе дахаты яе затрымалі міліцыянты, завезьлі ў Кастрычніцкі РАУС, дзе склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Дата суду яшчэ не прызначана.

Паводле наяўных зьвестак, Тацяна Севярынец адзіная, на каго склалі пратакол за адміністрацыйнае правапарушэньне. Аднак па Віцебску ходзіць безьліч чутак на гэтую тэму: хтось распавядае, што нібыта з аўтапарку звольнілі кіроўцаў транспарту, якія сыгналілі калёне пратэстоўцаў 26-га лютага; нехта нібыта чуў ад знаёмых, якія таксама недзе чулі, што затрымліваюць студэнтаў, вызначаючы іх па фота- і відэаздымках у інтэрнэце...

Зрэшты, ёсьць і аб’ектыўныя факты, якія сьведчаць пра ўвагу адказных структураў да «маршаў». Спадар Аляксандар, які таксама прыйшоў на плошчу ў нядзелю, распавёў наступнае:

«Я ведаю, што на мясцовых падразьдзяленьнях чыгункі кіраўнікі зьбіралі сваіх падначаленых. І жорстка папярэджвалі: калі кагосьці пазнаюць на здымках у інтэрнэце, то тут жа імгненна звольняць. Такі загад начальніка аддзяленьня чыгункі. Адсачыць у нас у горадзе каго заўгодна вельмі лёгка: вось мы зараз тут стаім, а нас здымаюць відэакамэры ў рэжыме рэальнага часу».

Тым ня менш, днямі была створана Каардынацыйная Рада дэмакратычных арганізацый і неабыякавых грамадзян Віцебшчыны, куды ўвайшлі і шараговыя гараджане, і прадстаўнікі пяці палітычных партый і арганізацый. Рада выступіла з заявай пра тое, што падставай для яе стварэньня «стаў рост пратэстных настрояў у грамадзтве ў сувязі з неканстытуцыйным Дэкрэтам № 3, несправядлівымі дзеяньнямі па зьмяненьню пэнсійнай сыстэмы, аддаленасьцю ад народу ўлады праз адсутнасьць у краіне свабодных, тайных і адкрытых выбараў і рэальнага мясцовага самакіраваньня, росту беспрацоўя і падзеньня жыцьцёвага ўзроўню».

Рада ўжо анансавала наступныя «Маршы недармаедаў», якія заплянаваны ў Віцебску на 15-га і 25-га сакавіка. Апроч гэтага, Каардынацыйная Рада прапанавала неабыякавым грамадзянам ствараць Камітэты ўзаемадапамогі «дзеля узаемападтрымкі ва ўмовах сыстэмнага крызісу, выпрацоўкі прапаноў для рашэньня існуючых праблемаў і каардынацыі дзейнасьці дзеля лепшай Віцебшчыны, лепшай Беларусі, годнага жыцьця кожнага чалавека».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG