Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: Абуджаюцца рэгіёны, калі будзем разам — неканстытуцыйны дэкрэт нумар 3 скасуюць


Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

«Гэта была спэцапэрацыя», — пасьля другога затрыманьня лідэраў апазыцыі, якія ехалі ў Берасьце на Марш недармаедаў, Свабодзе ўдалося пагутарыць са старшынём АГП Анатолем Лябедзькам.

— Знаходжуся у міліцэйскай машыне разам з Рымашэўскім, празь нейкі час буду ў Бярозаўскім пастарунку. Нас затрымалі зь Віталем Рымашэўскім, а Мікалай Казлоў далей едзе ў Берасьце. Гэта наша другое затрыманьне. Мы на трасе селі да дзяўчыны, якая проста ехала міма і спынілася. Але міліцыя арганізавала цэлую спэцапэрацыю, тут шмат машын. Я сеў у фуру да паляка, у паляка вочы былі вылупленыя, калі ён даведаўся, у чым справа. І потым хочуць, каб да нас ехалі турысты. Паляка спынілі і мяне высадзілі. Я папярэджваў паляка, але ён ня верыў, казаў, як гэта можна. А нас адразу палкай спынілі. Я адразу выйшаў, каб не падстаўляць чалавека. У міліцыі, быццам бы, была інфармацыя, што ў гэтай машыне знаходзяцца людзі, якія падазраюцца ва ўчыненьні нейкіх злачынстваў. Бо калі яны нас першы раз затрымалі, то проста выйшаў і пешшу пайшоў далей, —паведаміў Анатоль Лябедзька.

— У чым вас падразаюць гэтым разам?

— Ня кажуць. Тут з намі супрацоўнікі ДАІ, фармальна яны могуць і ня ведаць падрабязнасьцяў.

— Такім чынам у Берасьце на мітынг не пасьпееце?

—Нас фактычна не пусьцілі, стаіць задача, каб мы не даехалі да Берасьця да 12 гадзінаў, яны фактычна задачу выканалі. Бо вязуць нас тут з хуткасьцю 40 кілямэтраў у гадзіну у пастарунак, пакуль там будуць мурыжыць, пройдзе гадзіны тры. З машынай Рымашэўскага засталася Вольга Кавалькова.

— Што вы хацелі сказаць у Берасьці?

— Галоўнае, што я хацеў сказаць у Берасьці — будзьма разам! У апошні час гэта атрымоўваецца. Велічэзная колькасьць людзей прабудзілася. Людзі пачалі казаць пра годнасьць, пра самапавагу. І гэта самае дарагое. Нас блякуюць, яшчэ некалькіх людзей блякавалі, але потым будзе Маладзечна, Пінск, Бабруйск, гарады падымаюцца. Вельмі важна, што менавіта рэгіёны дэманструюць такую актыўнасьць, таму што раней гэта быў такі прыярытэт Менску. Цяпер абуджаюцца рэгіёны, і, калі мы будзем разам, мы ўсе-такі даб’емся, каб гэта антыканстытуцыйны дэкрэт быў адменены.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG