Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Марш недармаедаў» у Берасьці. Каля тысячы чалавек прайшлі па вуліцах гораду

У Берасьці сёньня прайшла чарговая вулічная акцыя супраць дэкрэту № 3 — так званага «падатку на дармаедзтва».

Паводле агучанага аргкамітэтам маршаў «Мы не дармаеды» пляну, чарговая вулічная акцыя супраць дэкрэту № 3 — так званага «падатку на дармаедзтва» — адбылася 5 сакавіка ў Берасьці.

На акцыю на пляц перад гарвыканкамам сабралася некалькі сотняў чалавек. Улады запрасілі іх у актавую залю для размовы. На гэтую прапанову адгукнуліся некалькі дзясяткаў чалавек. Астатнія пасьля кароткага мітынгу рушылі шэсьцем па вуліцы Савецкай. Да іх далучыліся іншыя гараджане. Агульная колькасьць удзельнікаў ацэньваецца ў больш за тысячу чалавек.

Удзельнікаў шэсьця віталі з балконаў жыхары гораду, кіроўцы машын на вуліцах сыгналілі на знак падтрымкі.

Зь Менску на Марш выехалі палітыкі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Казлоў і Вольга Кавалькова, іх машыну спынілі ў 120 кілямэтрах ад Берасьця. Лябедзьку і Рымашэўскага даставілі ў РАУС Бярозы і пасьля заканчэньня маршу адпусьцілі без скаладаньня пратаколаў.

13:20 5.3.2017

Калёна перайшла на ходнік.

13:19 5.3.2017

У гэты час частка пратэстоўцаў ідзе па цэнтры гораду калёнай па праезнай частцы, сыгналяць машыны, якія стаяць у корку.

13:17 5.3.2017

Дыскусія ў гарвыканкаме працягваецца

Жанчына ў залі патрабуе пазбавіць ільготаў і павышаных пэнсіяў чыноўнікаў, якія маюць 20 гадоў стажу як дзяржслужачыя. Рагачук тлумачыць, што берасьцейскія дэпутаты гарсавету ніякіх ільготаў ня маюць.

13:13 5.3.2017

Людзі рушылі па вуліцы Савецкай

Некалькі соцень чалавек ідуць маршам да ЦУМа. Калёну вядуць анархісты. Машыны сігналяць на знак падтрымкі пратэстоўцаў.

13:06 5.3.2017

Жанчына ў залі патрабуе тэрмінова вызваліць Андрэя Шарэнду, які затрыманы і зь пятніцы знаходзіцца ў пастарунку, і Натальлю Папкову, якая зьмешчаная ў псыхіятрычны дыспансэр.

13:04 5.3.2017

На мітынгу анархісты прапанавалі прайсьці маршам па цэнтры Берасьця да ЦУМу. Людзі кажуць, што нельга зноў падзяляцца, трэба дачакацца перамоўнікаў, што гутараць са старшынём гарвыканкаму Аляксандрам Рагачуком. Ён суцяшае выступоўцаў: «Давайце пачакаем зьменаў ва ўказ. Я за справядлівасьць».

13:04 5.3.2017

Мітынгоўцы ня могуць вырашыць, ці ісьці маршам па вуліцах

Анархісты на плошчы заклікаюць ісьці маршам па вуліцах горада, але аранізатары мітынгу кажуць, што трэба дачакацца тых, хто знаходзіцца ў зале гарвыканкама .

12:59 5.3.2017

Старшыня берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук у залі кажа, што ўказ гэты часовы. На ганку гарвыканкаму гучаць палымяныя прамовы выступоўцаў.

12:56 5.3.2017

Паліна Шарэнда распавяла на мітынгу, што ў пятніцу затрымалі яе мужа, у панядзелак — суд.

12:44 5.3.2017

Тым часам у залі праходзіць сустрэча з кіраўніцтвам горада. Тут сабралася прыкладна паўтары сотні чалавек.

12:41 5.3.2017

«Не — дэкрэту нумар тры. Лукашэнка, сыходзь!»

На ганку гарвыканкаму выступае сьвятар з палымянай прамовай, узгадвае Бога, Паўночную Карэю. Народ скандуе: «Не — дэкрэту нумар тры. Лукашэнка, сыходзь!»

«Царква павінна быць там, дзе прыніжэньне, царква там, дзе прыгнёт», — кажа чалавек, які прадставіўся сьвятаром.

12:38 5.3.2017

Анархісты вядуць мітынг на Плошчы

Прадстаўнік анархістаў запрашае людзей падыходзіць да мікрафона і распавядаць свае гісторыі. Выступіў пастар пратэстанцкай царквы.

12:32 5.3.2017

Людзі ў чорных масках зьявіліся на плошчы

На плошчы на акцыю выйшлі 10 невядомых у масках з чорным сьцягам і транспарантам «Чыноўнік — галоўны дармаед».

Гэта правакацыя супраць нашага мірнага пляну,— лічаць арганізатары «Маршу недармаедаў».

12:26 5.3.2017

Лябедзька і Рымашэўскі ў пастарунку ў Бярозе

Тым часам Анатоля Лябедзьку прывезьлі ў Бярозаўскі РАУС. Лябедзька патрабуе дакладна сфармуляваць яму прычыну, паводле якой яго затрымалі. Міліцыянты патрабуюць спыніць відэаздымку.

12:26 5.3.2017

Некаторыя мітынгоўцы пагадзіліся ісьці ў залю гарвыканкама

Каля сотні людзей зайшлі у залю паседжаньняў Берасьцейскага гарвыканкаму.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG