Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Пятровіч пра будучыню Саюзу беларускіх пісьменьнікаў: «Шлях, які мы прайшлі, паказвае, што мы на правільнай дарозе»


Барыс Пятровіч

На XVII зьезьдзе 4 сакавіка незалежны Саюз пісьменьнікаў Беларусі пераабраў кіраўніцтва. Старшынём бальшынёй галасоў на другі тэрмін пераабраны 57-гадовы пісьменьнік Барыс Пятровіч (Сачанка), які ўзначальвае СБП ад 2011 году.

У прамове-справаздачы Барыс Пятровіч казаў, што адно з найважнейшых дасягненьняў СБП — тое, што саюз застаўся існаваць без падтрымкі ўладаў і нават насуперак перашкодам уладаў, а сябры СБП не пераходзілі апошнім часам у праўладны Саюз пісьменьнікаў Беларусі. Ды знакаў таго, што СБП атрымае ў бліжэйшы час падтрымку ўладаў, няма — дык як дзейнічаць наступныя 5 год?

«У нас ёсьць досьвед такой працы, гэта ня толькі тыя 5 год, што я быў кіраўніком, — кажа Барыс Пятровіч. — Фактычна з 1996 году пачалося тое, што мы ня маем падтрымкі дзяржавы, што лічымся апазыцыйнымі. Хоць я і ня ведаю, чаму так успрымаецца тое, што нашыя сябры маюць сваю думку і выказваюць яе. Так і павінна быць! Чаму гэта камусьці не падабаецца — і пераносіцца цалкам на арганізацыю — я ня ведаю. Шлях, які мы прайшлі, паказвае, што мы на правільнай дарозе. Спадзявацца на нейкую дапамогу не выпадае. Значыць, трэба працаваць і жыць далей».

У часе зьезду гучалі разнастайныя прапановы, у тым ліку прапановы прыняць праграму «Кожнаму сябру СБП па кнізе» (рэгулярнае выданьне кніг коштам Саюзу), электроннага даведніку беларускіх пісьменьнікаў ды іхных твораў, віртуальнага музэю-мапы беларускай літаратуры. Барыс Пятровіч мяркуе, што СБП прыслухаецца да большасьці гэтых прапановаў. Трэба ня толькі несьці інфармацыю пра дзейнасьць сяброў СБП, але і фіксаваць інфармацыю пра яе, кажа Пятровіч, каб можна было адшукаць патрэбныя тэксты. Але фіксаваньне дзейнасьці пісьменьнікаў мае адбывацца з дапамогай саміх пісьменьнікаў, бо адсачыць абсалютна ўсе выданьні няпроста. Ён адзначае, што на зьезьдзе зьбіралі ня толькі нумары тэлефонаў, але і электронныя адрасы, празь якія плянуецца аўтаматычна апавяшчаць сяброў СБП аб прынятых ініцыятывах.

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Пісьменьнік і палітык Уладзімер Някляеў на пачатку зьезду таксама агучыў прапанову аб утварэньні Руху за дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі і аўтаматычнага далучэньня ўсіх сяброў СБП да Руху зьезд, ды зьезд яе не прыняў — вырашылі ўваходзіць у рух не калектыўна, а індывідуальна. Някляеў таксама абураўся тым, што ў праекце рэзалюцыі (пазьней прынятай зьездам) агучвалася шмат праблемаў, ды не было слова «патрабуем». Барыс Пятровіч і сам заклікаў улады вярнуць мову на вуліцы гарадоў і дзяржаўныя газэты, вярнуць у Беларусь Коласаўскі ліцэй і стварыць Беларускі нацыянальны ўнівэрсытэт, дазволіць беларускамоўныя этыкеткі, але гэтага ад уладаў не патрабаваў:

«На маю думку, патрабаваць мы можам хіба пасьля таго, як будзе прынятае нейкае рашэньне ў судзе. Але як грамадзяне мы можам розныя фармулёўкі ўносіць. Гэта ўжо справа рэдакцыйнай камісіі — якім чынам падаць прынятыя на зьезьдзе рашэньні: ці „патрабаваць“, ці нейкія іншыя словы. Але я катэгарычна супраць слова „прасіць“: прасіць мы ня будзем».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG