Аб плянаваным візыце паведаміў амэрыканскі бок. Візыт адбудзецца напярэдадні сустрэчы ў Нямеччыне міністраў фінансаў індустрыяльных краін, якія ўваходзяць у «вялікую дваццатку» (G20), і разглядаецца як падрыхтоўка да візыту Трампа ў Нямеччыну ў ліпені для ўдзелу ў сустрэчы лідэраў G20.
Трамп і Мэркель апублікавалі сумесную заяву па выніках тэлефоннай размовы ў студзені, у якой падкрэсьлівалі важнасьць супрацоўніцтва ў рамках NATO і выказвалі прыхільнасьць да разьвіцьця супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам. Некалькі дзён пасьля публікацыі заявы Мэркель выступіла з рэзкай крытыкай падпісанага Трампам указу, які часова забараняў уезд у ЗША грамадзянам зь сямі пераважна мусульманскіх краінаў.
Мяркуецца, што падчас сустрэчы Мэркель і Трамп абмяркуюць шырокі спэктар пытаньняў, уключаючы сусьветную эканоміку, гандаль, барацьбу зь «ісламскай дзяржавай», будучыню NATO, а таксама сувязі з Расеяй і Кітаем.