Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму сярэдні заробак за студзень абваліўся на 80 рублёў?


Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Напачатку трэба прывесьці сумную статыстыку. У студзені 2017 году сярэдні заробак у Беларусі склаў 720 рублёў і 70 капеек паводле афіцыйных дадзеных Белстату. Гэта на 80 рублёў, амаль на 10%, меней за сярэдні заробак у сьнежні. Але заробкі ў сьнежні — гэта эфэкт апошняга месяца, бо тады звычайна адбываюцца розныя выплаты гадавых прэмій, калі яшчэ дзе-небудзь ёсьць, трынаццатых заробкаў, іншых прэміяльных. Таму традыцыйна ў сьнежні заробак трошкі большы. Але вось такое істотнае падзеньне, аж на 80 рублёў, зьдзівіла многіх.

Зь іншага боку, нядаўна размаўляў з эканамістам Яраславам Раманчуком, дык яго зьдзівіла адваротнае — як у канцы 2016 году некалькі месяцаў, хоць пакрысе, але афіцыйны сярэдні заробак рос. Ён казаў, што гэта не адпавядае эканамічным тэндэнцыям і гэта ненатуральна для цяперашняга маркотнага стану беларускай эканомікі. А што цяпер заробак упаў, то гэта больш адпаведна.

За мінулы 2016 год даходы беларусаў упалі на 7,3%. Гэта самае вялікае падзеньне даходаў з 90-х гадоў, даходы падаюць два гады запар.

А на цяперашні 2017 год ва ўрадзе заплянаваны рост. Большасьць экспэртаў, у тым ліку міжнародных, якія ўважліва сочаць за беларускай эканомікай, перш за ўсё МВФ і Сусьветны банк, заяўляюць, што для гэтага няма ніякіх падставаў і, хутчэй за ўсё, і ў 2017 годзе ня будзе росту даходаў.

За мінулы 2016 год даходы беларусаў упалі на 7,3%. Гэта самае вялікае падзеньне даходаў з 90-х гадоў, даходы падаюць два гады запар

Што можа адбывацца, дык гэта рост афіцыйнага заробку ў даляравым эквіваленце, бо апошнім часам стабільнасьць рубля — гэта ці не адзінае дасягненьне, якое ёсьць у беларускай эканоміцы. Паступова, апошнія паўгода як мінімум, беларускі рубель умацоўваецца, і дзякуючы гэтаму адны і тыя ж лічбы заробку выглядаюць больш аптымістычна, калі пераводзіць іх у даляры.

Такім чынам, назіраецца пэўны парадокс: даходы насельніцтва падаюць, а ў далярах — растуць. Магчыма, гэты парадокс цалкам задавальняе ўладу, бо Аляксандар Лукашэнка, як усім вядома, паставіў задачу да канца году забясьпечыць заробак 500 даляраў. Мы ўжо ня раз абмяркоўвалі, ці рэалістычна гэта. Але дастаткова яшчэ трошкі ўмацаваць курс беларускага рубля — да 1,60, 1,70 за даляр, — і нават цяперашні заробак аўтаматычна стане 500 даляраў. Іншая справа, што пры гэтым даходы насельніцтва зьменшацца, бо на гэтыя грошы можна будзе менш купіць. З 1 сакавіка павысіліся тарыфы на камунальныя паслугі. Ідзе падаражэньне, усе гэта бачаць, прыйшоўшы ў краму. І вось такі парадокс — калі заробак у далярах павялічваецца, а купіць на яго можна ўсё менш. Такая тэндэнцыя без эканамічных пераменаў будзе назірацца ўвесь 2017 год.

Глод: Вядома, студзень — спэцыфічны месяц. Але, мне падаецца, розьніца ўсё ж даволі істотная, я чакаў меншай. Значыць, па-ранейшаму не выходзяць эканамічныя прарывы, пра якія гаварыў і да якіх заклікаў Аляксандар Лукашэнка.

Цыганкоў: Такая розьніца ўжо прыблізна тры гады запар назіраецца — 2015, 2016, 2017 гады, калі кожны раз у студзені заробак прыблізна на 10–11% меншы, чым у сьнежні.

Глод: Адкуль прарыў можа быць дасягнуты? Я паглядзеў статыстыку, якую даў днямі Нацыянальны статыстычны камітэт, пра вынікі таваразвароту за 2016 год. Атрымалася, што з Расеяй ён абваліўся да 30 мільярдаў даляраў. Гэта найменшая лічба, пачынаючы з 2009-га году — вось ужо цягам 7 гадоў такога не было. Зразумелая формула: для таго каб заплаціць заробак, спачатку трэба зрабіць прадукцыю, пасьля яе прадаць, атрымаць грошы, і толькі пасьля гэтага можна заробак выплаціць. А калі прадаваць магчыма ўсё менш, ну дык бачым такі вынік.

Расея амаль не закупляе беларускі цэмэнт. Па-першае, там сталі менш будаваць, а па-другое, узьніклі свае ўласныя расейскія вытворчасьці

А прадаваць, асабліва ў Расею, сталі сапраўды менш. Вось я паглядзеў спэцыяльна па некаторых пазыцыях: Расея амаль не закупляе беларускі цэмэнт. Па-першае, там сталі менш будаваць, а па-другое, узьніклі свае ўласныя расейскія вытворчасьці. Гэтаксама і з мэбляй. У шэсьць разоў мэблі РФ стала купляць меней. Чаму? Ну, мабыць, ня толькі таму, што там сталі заробкі крыху меншыя. А таму, што ёсьць альтэрнатыўная расейская вытворчасьць. Гэткая самая сытуацыя стала цяпер і з трактарамі, і з камбайнамі.

Ну, а калі няма чаго прадаць... Я не выпадкова спыніўся на Расеі, бо, нягледзячы на абвал да 30 мільярдаў, тым ня менш самы галоўны партнэр у 2016 годзе была Расея — 51,2%. А калі мы ня можам «увапхнуць» тавар асноўнаму гандлёваму партнэру, дык адкуль узяць грошы? Няма грошай — значыць, няма чаго плаціць. Вось такая вельмі простая формула.

Можа, таму, як слушна заўважыў Віталь, улады і трымаюць гэты курс, на мой погляд, завышаны, беларускага рубля, каб усё ж паказаць, што калі пералічыць у даляры, то ў нас ня так страшна, чым калі глядзець на тое, што адбываецца рэальна зь фінансамі і дабрабытам насельніцтва.

Карбалевіч: У студзені заўсёды заробкі абвальваюцца, у параўнаньні са сьнежнем. Але студзень — гэта асаблівы месяц яшчэ і таму, што ў Расеі фактычна два тыдні выходныя. І таму экспарт беларускі ў Расею ў студзені заўсёды падае. Гэта таксама адбіваецца на ўсіх паказчыках.

Зусім нядаўна віцэ-прэм’ер Сямашка па выніках калегіі Міністэрства прамысловасьці даводзіў, што крызіс скончыўся, прамысловасьць пачала рост

Цікава, што Лукашэнка, даючы загад пра падвышэньне заробкаў да 500 даляраў, якраз спасылаўся на дасягненьні сьнежня. Маўляў, вось жа заробак больш за 400 даляраў, засталося зусім няшмат. То бок гэта наглядны прыклад, калі эканоміка не падпарадкоўваецца загадам.

Яшчэ цікава. Зусім нядаўна віцэ-прэм’ер Сямашка па выніках калегіі Міністэрства прамысловасьці даводзіў, што крызіс скончыўся, прамысловасьць пачала рост. Прычым прыводзіў менавіта паказчыкі за студзень. А вось паказчык па заробках абверг усе аптымістычныя заявы Сямашкі.

Так, узмацненьне рубля падвышае сярэдні заробак у далярах, але, з другога боку, гэта не зусім добра адбіваецца на канкурэнтаздольнасьці беларускай эканомікі. Таму тут ёсьць і плюсы, і мінусы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG