Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лё Пэн можа ня трапіць у другі тур выбараў прэзыдэнта


Былы прэм’ер-міністар Францыі Ален Жупэ гатовы замяніць Франсуа Фіёна на выбарах прэзыдэнта краіны ў якасьці кандыдата ад правацэнтрыстаў, але толькі ў тым выпадку, калі Фіён сам зьніме сваю кандыдатуру.

Пра гэта паведамляюць францускія СМІ на фоне абвастрэньня скандалу вакол кандыдатуры Фіёна. Некалькі дзясяткаў вядомых дзеячаў правацэнтрыстаў, у тым ліку мэры гарадоў і дэпутаты, заклікаюць Фіёна зьняць кандыдатуру ў сувязі з распачатым афіцыйным расьсьледаваньнем справы аб магчымых незаконных выплатах яго жонцы і дзецям.

У якасьці кандыдата, які мог бы зьмяніць Фіёна, часьцей за ўсё называюць менавіта Жупэ, які заняў другое месца на «праймэрыз» правацэнтрыстаў. Група правацэнтрыстаў ужо пачала збор подпісаў за афіцыйнае вылучэньне яго ў прэзыдэнты (тэрмін рэгістрацыі кандыдатаў мінае 17 сакавіка). Былы прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі, які заняў на «праймэрыз» трэцяе месца, паводле крыніцаў AFP, таксама схіляецца да падтрымкі Жупэ.

Незалежны інстытут сацыялягічных дасьледаваньняў Odoxa правёў 1-2 сакавіка апытаньне па двух варыянтах: калі ад правых ідзе Фіён, то ён зь 19% займае трэцяе месца пасьля Лё Пэн (25,5%) і Эманюэля Макрона (27%). Калі ад правых будзе кандыдаваць Алэн Жупэ, то ён, паводле апытаньня займае першае месца, другое Макрон. Пры такім раскладзе Марын Лё Пэн ня трапіць у другі тур выбараў.

У канцы студзеня стала вядома, што жонка Фіёна, будучы памочнікам дэпутата парлямэнту, атрымлівала высокую зарплату (агульная сума выплатаў за некалькі гадоў склала амаль мільён эўра), але пры гэтым, як сьцьвярджаецца, не выконвала ніякай працы. На гэтым тыдні Фіён пацьвердзіў, што яго выклікалі ў суд, на якім яму, верагодна, выстаўляць абвінавачаньні ў крадзяжах. 2 сакавіка паліцыя правяла ператрус у ягоным доме ў Парыжы. Ён назваў дзеяньні францускіх уладаў «палітычным забойствам», але ня стаў адмаўляцца ад удзелу ў выбарах прэзыдэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG