Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіўная прычына набору вагі


Калі вы думаеце пра сябе, як пра чалавека з празьмернай вагой, вы ствараеце яшчэ большую рызыку набору лішніх кіляграмаў. Пра гэта на сайце sharecare.com піша Патрык Саліван.

Брытанскія навукоўцы ў выніку дасьледаваньня 2015 году выявілі, што тыя людзі, якія думаюць пра сябе як пра тоўстых, з большай верагоднасьцю павялічаць сваю вагу ў будучым. Вынікі дасьледаваньня апублікаваныя ў International Journal of Obesity (Міжнародным часопісе атлусьценьня).

У такіх высновах няма нічога дзіўнага, кажа галоўны лекар сайту Sharecare доктар Кіт Роўч. «Мой клінічны вопыт таксама сьведчыць, што казаць людзям, што яны павінны схуднець, не ідзе на карысьць. А часта, нават, мае супрацьлеглы эфэкт, пра што і сьведчаць вынікі дасьледаваньня».

Аўтары дасьледаваньня прааналізавалі тры пакеты дадзеных, два з ЗША і адзін са Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі. Агульны ахоп склаў каля 14 000 чалавек. Ва ўсіх трох выпадках за людзьмі сачылі на працягу прынамсі сямі гадоў.

У двух з трох набораў дадзеных каля 40 адсоткаў людзей лічылі, што маюць залішнюю вагу, і яны ў выніку мелі індэкс масы цела амаль на адзін пункт большы, чым тыя, хто не лічыў, што мае лішнімі кіляграмамі. У трэцім дасьледаваньні прыкладна дзьве траціны тых, хто бачыў у сябе залішнюю вагу, атрымалі на 0,3 пункта большы індэкс мачы цела, чым тыя, хто лічыў сваю фігуру нармальнай. І гэта адбылося незалежна ад таго, мелі ўдзельнікі дасьледаваньня лішнюю вагу насамрэч або ня мелі.

«Я думаю, што многія людзі, якія спрабуюць схуднець, пацярпелі няўдачу некалькі разоў. Некалькі асечак прыводзяць да пачуцьця безнадзейнасьці», — кажа доктар Роўч. Вось чаму ён раіць пацыентам ня дбаць пра сваю вагу. «Я ведаю, што гэта гучыць дзіўна, але паколькі многія людзі адчуваюць, што вага знаходзіцца па-за іх кантролем, я раю ім засяродзіцца на тым, што яны кантраляваць могуць».

Гэта, паводле доктара Роўча, дзьве простыя рэчы: дыета і фізычныя практыкаваньні. Нават 10 хвілін хады ў дзень дапамогуць, а рашэньне выбраць нейкую дыету зьяўляецца выдатным адпраўным пунктам, каб ведаць, дзе вы знаходзіцеся і куды зьбіраецеся. «Мэта ў тым, каб адчуваць сябе адказным і палепшаць здароўе», — кажа Роўч.

Згаданае дасьледаваньне таксама паказала, што тыя, хто лічыць сябе чалавекам з залішняй вагой, былі больш схільныя да выпіўкі або стрэсавай ежы — шакаляду, слодычаў і інш.

Да такога меркаваньня далучаюцца і псыхолягі. Яны сьцьвярджаюць, што таўро таўстуна і пачуцьцё сораму могуць мяняць харчовыя звычкі чалавека і прымушаць яго зьвяртацца да так званай эмацыйнай ежы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG