Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кантрабандны калідор» пад Паставамі. Былы мытнік пабіўся з памежнікамі і трапіў за краты


Ілюстрацыйнае фота

У лютым у Віцебскім СІЗА больш за тыдзень трымаў галадоўку пратэсту былы мытнік з Пастаў Мікалай Куляшоў, на якога завялі справу нібыта за напад на памежніка. Раней Мікалай Куляшоў абвінаваціў двух памежнікаў у кантрабанднай дзейнасьці, але ягоную заяву пакінулі без рэагаваньня.

Былы мытнік Мікалай Куляшоў сьцьвярджаў, што яго перасьледуюць, бо ён выпадкова аказаўся сьведкам дзейнасьці кантрабандыстаў, якіх нібыта «крышуюць» пэўныя пастаўскія памежнікі. Куляшоў дамагаўся, каб крымінальную справу супраць яго спынілі і каб пакаралі за перавышэньне службовых паўнамоцтваў памежнікаў ды сьледчага, які, паводле Куляшова, сфабрыкаваў ягоную справу. Паводле апошніх зьвестак, пратэст Куляшова ня быў пачуты. Ягоная крымінальная справа ад сьледчых перададзеная ў пракуратуру, адкуль можа трапіць у суд.

«Кантрабандысцкі калідор»

Указальнік да памежнай вёскі Крукі, дзе здарыўся інцыдэнт з удзелам галадоўніка Мікалая Куляшова
Указальнік да памежнай вёскі Крукі, дзе здарыўся інцыдэнт з удзелам галадоўніка Мікалая Куляшова

Гісторыя пачалася летась у ліпені. Куляшоў і ягоны сябар, жыхар прымежнай вёскі Крукі-2 Мікалай Кошкін, выпадкова сустрэліся тады з групай асобаў, якіх палічылі кантрабандыстамі.

«Мы ехалі на аўтамабілі Кошкіна ў ягоную вёску і загрузьлі ў лужыне на дарозе. Кінулі аўто і далей пайшлі пешкі, як нечакана наткнуліся на кантрабандыстаў. Яны ў нас тут шмат дзе ходзяць, ім дапамагаюць нядобрасумленныя памежнікі. Гэтых суправаджалі Кагановіч і Пятроўскі (прозьвішчы зьмененыя. — РС), яны пачалі нас перасьледаваць, дагналі і ў выніку зьбілі гэтак, што я страціў прытомнасьць. Выклікалі хуткую, яна адвезла мяне ў шпіталь. Але і са шпіталя потым скралі, каб выбіваць патрэбныя ім паказаньні», — гэтак казаў пра затрыманьне Мікалай Куляшоў праваабаронцы Натальлі Гарачцы, калі яны разам складалі заяву былога мытніка ў Сьледчы камітэт аб завядзеньні справы на Кагановіча і Пятроўскага. Гэта было яшчэ да апошняга арышту былога мытніка, пасьля якога ён апынуўся ў Віцебскім СІЗА.

Паводле Гарачкі, Мікалай Куляшоў падчас размовы запэўніваў, што памежнікі дзейнічалі як злачынцы:

«Нездарма ж дамагаліся ад лекараў даведкі, што зьбіты не атрымаў траўмаў — спрабавалі замяць інцыдэнт, каб начальству ня стала вядома. Бо ў той дзень і на тым месцы памежнікі не павінны былі знаходзіцца без дазволу кіраўніцтва», — перадае словы Куляшова спадарыня Гарачка.

Паводле праваабаронцы, заяву Куляшоў падаў, але яна згубілася, і толькі ў сьнежні 2016 году стала вядома, што з управы Сьледчага камітэту заяву Куляшова перанакіравалі ў Смаргонскі памежны атрад. Нібыта для разбору.

Тым часам на самога заяўніка Мікалая Куляшова завялі крымінальную справу паводле абвінавачаньня ў нападзе на памежніка Кагановіча. Нібыта Куляшоў спрабаваў яго задушыць, калі той затрымліваў былога мытніка ў памежнай зоне 10 ліпеня 2016 году.

Памежная вёска Крукі, дзе здарыўся інцыдэнт з удзелам галадоўніка Мікалая Куляшова
Памежная вёска Крукі, дзе здарыўся інцыдэнт з удзелам галадоўніка Мікалая Куляшова

Сьледчыя, аднак, гэтую справу летась у верасьні закрылі — знайшлося відэа, зьнятае ў шпіталі, на якім бачна, як Кагановіч сам наносіць сабе гематомы на шыі, каб потым абвінаваціць Куляшова.

Аднак у выніку ад Мікалая Куляшова ўсё роўна не адчапіліся. Знайшліся сьведкі, якія бачылі, як Куляшоў нібыта напаў на іншага памежніка ў ягоным службовым кабінэце. Перад арыштам Куляшоў казаў, што памежнікі пагражалі яму і ягонай маці, прапаноўвалі «спыніцца» ў пошуках праўды. У лютым 2017 году былога мытніка выклікалі на допыт, і дамоў ён ужо не вярнуўся — апынуўся ў Віцебскім СІЗА, дзе адразу абвясьціў галадоўку пратэсту.

«Тут выразны кантрабандысцкі сьлед, — кажа Гарачка пра справу Куляшова. — Гаварыла зь мясцовымі людзьмі, і шмат хто пацьвярджае, што там дзейнічае „кантрабандны калідор“, які пакрываюць вось такія памежнікі, а абслугоўваюць набраныя імі кантрабандысты. Носяць за мяжу цыгарэты, іншую кантрабанду. Тых, хто нешта бачыў, ведае — палохаюць, зьбіваюць. Гэта цэлая сыстэма, і дзіўна, што ў ёй ня хочуць разабрацца», — дзівіцца Натальля Гарачка.

У паказаньнях памежнікаў пра кантрабандыстаў нічога няма

Пагаварыць з памежнікамі Кагановічам і Пятроўскім, якія фігуруюць у гэтай гісторыі, не ўдалося. Свабода абавязкова выслухае іхны погляд на справу, калі гэтыя людзі выйдуць на сувязь.

Вось пра што ідзе ў паказаньнях, якія фігуруюць у першай крымінальнай справе на Мікалая Куляшова (у жніўні яе закрылі):

«Паводле тлумачэньняў Кагановіча ад 10 ліпеня 2016 году вынікае, што каля 00 гадзін 10 ліпеня 2016 году ім сумесна з Паўлоўскім пры аглядзе тылавых подступаў, у 400 мэтрах ад дзяржаўнай мяжы былі знойдзеныя два чалавекі, якія пабеглі ў бок вёскі Янкавічы Пастаўскага раёну. Пасьля падачы папераджальных сыгналаў яны сталі перасьледаваць гэтых грамадзян, у выніку Паўлоўскім быў затрыманы Кошкін М.В., а Кагановічам — Куляшоў М.А. Пры затрыманьні Куляшоў М.А. абхапіў яго перадплеччам за шыю і аказваў удушальнае ўзьдзеяньне цягам некалькіх сэкундаў».

Паказаньні другога памежніка, Пятроўскага, супадаюць з гэтымі слова ў слова, толькі ён дакладней успомніў, як доўга Куляшоў душыў Кагановіча — 5–6 сэкундаў.

Навошта ў затрыманых быў цеплавізар?

Згадкі пра нейкіх кантрабандыстаў, якіх, паводле Куляшова, памежнікі суправаджалі да мяжы, у паказаньнях няма. У той дзень памежнікі Кагановіч і Паўлоўскі, паводле іхніх паказаньняў, выконвалі абавязкі па «ахове дзяржаўнай мяжы і спыненьні проціпраўных дзеяньняў грамадзянаў».

Гарачка таксама сьцьвярджае, што памежнікі Кагановіч і Паўлоўскі пры затрыманьні Куляшова і Кошкіна забралі ў іх цеплавізар.

«Але гэта ня іхняя прылада, проста яна была ў машыне, і каб яе не пакідаць, яны ўзялі з сабой. Цеплавізарамі там карыстаецца шмат хто зь мясцовых, бо па начах шмат ходзіць невядомых, рабуюць закінутыя дамы», — патлумачыла праваабаронца, спаслаўшыся на мясцовых жыхароў.

Вядома, што памежнікі лічаць інакш: што цеплавізарамі карыстаюцца найперш тыя, хто носіць за мяжу кантрабанду.

Камэнтар Дзяржаўнага памежнага камітэту

Як камэнтуюць гісторыю з памежнікамі Кагановічам і Паўлоўскім у Дзяржаўным памежным камітэце? На пытаньні карэспандэнта Свабоды адказаў начальнік управы прававога забесьпячэньня апэратыўнай дзейнасьці Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусь падпалкоўнік юстыцыі Мікалай Барэйка.

— Як вы пракамэнтуеце затрыманьне памежнікамі грамадзянаў Куляшова і Кошкіна, якія казалі, што нічога не парушалі?

— Была праведзеная праверка, і вось што магу афіцыйна патлумачыць пра затрыманьне Куляшова і Кошкіна.

У цёмны час 10 ліпеня 2016 году гэтыя грамадзяне знаходзіліся ў памежнай зоне. Яны парушалі патрабаваньні артыкула 37 закону «Аб дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь» і ня мелі пры сабе дакумэнтаў, якія б давалі ім магчымасьць законна знаходзіцца ў памежнай зоне. Пры гэтым спадар Куляшоў меў пры сабе цеплавізар.

Памежны нарад іх заўважыў і дзейнічаў у строгай адпаведнасьці з законам, які дае права затрымліваць любога чалавека, які знаходзіцца ў памежнай зоне, правяраць ягоныя дакумэнты, а таксама задаваць пытаньні адносна прычын знаходжаньня ў памежнай зоне.

Але калі гэта было зроблена, дадзеныя грамадзяне ня выканалі патрабаваньняў памежнікаў і хацелі ўцячы зь месца затрыманьня.

Прычым калі супрацоўнікі пачалі патрабаваць ад іх прыпыніцца, а потым затрымлівалі парушальнікаў, на што мелі права паводле закону, спадар Куляшоў пачаў актыўна супрацьдзейнічаць. Схапіў памежніка за шыю і нават паваліў на зямлю, што катэгарычна забаронена.

Адносна Куляшова і Кошкіна ў Смаргонскай памежнай групе быў пачаты адміністрацыйны працэс паводле часткі 1 артыкула 23.30 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Працэс быў праведзены, вінаватыя прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці — зь іх спагналі штраф.

Гэтыя матэрыялы вывучаліся пракуратурай, ніякіх парушэньняў з боку супрацоўнікаў Дзяржаўнага памежнага камітэту выяўлена не было.

Пазьней адносна Куляшова была заведзеная крымінальная справа Сьледчым камітэтам паводле часткі 1 артыкула 366 Крымінальнага кодэксу.

Што да заявы Куляшова, што ў яго супрацоўнікі Смаргонскай памежнай групы нібыта скралі цеплавізар, дык праводзілася перадсьледчая праверка, у завядзеньні крымінальнай справы было адмоўлена, таму што гэты цеплавізар быў у яго забраны падчас затрыманьня. Матэрыялы вывучала пракуратура Гарадзенскай вобласьці і з прынятым рашэньнем згадзілася.

Вытрымка з пастановы аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы супраць Куляшова
Вытрымка з пастановы аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы супраць Куляшова

— І дзе цяпер той цеплавізар?

— Цяпер цеплавізар знаходзіцца ў Смаргонскай памежнай групе. Калі была скончаная праверка, мы афіцыйна зьвярталіся да спадара Куляшова, каб ён прыехаў і забраў цеплавізар. Але ён адмаўляўся гэта рабіць«.

— Ці магло быць так, што памежнікі, пра якіх паведамлялі Куляшоў і Кошкін, дапамагалі кантрабандыстам, а магчыма, і самі займаліся кантрабандай? Вы правяралі такую вэрсію?

— Няёмка нават камэнтаваць такія зьвесткі. Калі ў спадароў Куляшова і Кошкіна ёсьць аб’ектыўныя падставы і доказы нечай супрацьпраўнай дзейнасьці, яны маюць права зьвярнуцца да кіраўніцтва Дзяржаўнага памежнага камітэту, а таксама ў органы пракуратуры і Сьледчага камітэту з адпаведнай заявай. Дзяржаўны памежны камітэт вялікую ўвагу аддае чысьціні шэрагаў нашых супрацоўнікаў і пры выяўленьні адпаведных доказаў і фактаў адносна супрацоўнікаў у абавязковым парадку заводзяцца крымінальныя справы. Мы імкнёмся, каб такія справы абавязкова былі даведзеныя да суду, каб такіх фактаў было як мага менш, бо яны кідаюць цень на нашу справу.

На пытаньне пра тое, ці праўда, што памежнікі, якія фігуруюць у канфлікце, пазьней былі пераведзеныя ў іншыя месцы службы, Мікалай Барэйка адказваць адмовіўся, спаслаўшыся на ўнутраныя парадкі ў Дзяржаўным памежным камітэце. Ён толькі зазначыў, што перавод супрацоўнікаў з аднаго на другое месца службы — звычайная практыка. Таксама падпалкоўнік юстыцыі ня стаў камэнтаваць зьвесткі сьледзтва пра тое, што памежнік спрабаваў падрабіць доказы, каб абвінаваціць Мікалая Куляшова ў нападзе. «Зьвярніцеся да сьледчых», — адказаў спадар Барэйка на пытаньне, якая дадзеная ацэнка гэтаму ўчынку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG