Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы намагаемся ўмацоўваць нацыянальную сьвядомасьць». Кампанія Velcom правяла фінальны ўрок беларускай мовы на Магілёўшчыне


Адбыўся ён у Магілёве. Настаўнічалі на ім у ратушы журналіст Юры Жыгамонт, пісьменьніца Раіса Баравікова, футбаліст магілёўскага «Дняпра» Руслан Капанцоў і супрацоўнік прэсавай службы клюбу Андрэй Ільеня.

Мабільны апэратар ад 2015 году ладзіць сацыяльна-адукацыйны праект «Чытаем па-беларуску». Паводле арганізатараў, незвычайныя ўрокі праводзяцца для вучняў 2–3 клясаў, каб разьвіць у іх цікавасьць да беларускай мовы і літаратуры. За паўтара года вэлкомаўцы абʼезьдзілі ўсю Беларусь. Па іх падліках, іхныя ўрокі наведалі 17 тысяч школьнікаў.

У Магілёве адкрыты ўрок «Чытаем па-беларуску з Velcom» сабраў у канфэрэнц-залі ратушы больш за сто школьнікаў. Вёў урок журналіст Юры Жыгамонт. Напачатку ён нагадаў дзятве, што на вітаньне «Добры дзень» беларусы адказваюць «Добрага здароўя». Дзіцячая грамада дружна выгукнула: «Добрага здароўя».

«Чаму мы чытаем па-беларуску?» — запытаў настаўнік.

«Бо мы беларусы», — адказала яму заля.

Заля слухае Жыгамонта
Заля слухае Жыгамонта

«... Калі мы ня будзем размаўляць па-беларуску, то можам зьнікнуць як народ, — казаў дзятве Юры Жыгамонт. — І настане цемра. У нас будзе вечная зіма і вечная ноч...»

Заля сьцішана слухала і здымала на мабільныя тэлефоны прамову Жыгамонта.

«Бо мова — душа народа, — працягваў ён. — Каб мы жылі і наш народ беларускі жыў, трэба любіць і шанаваць сваю родную беларускую мову. Ці так, дзеткі?».

«Да», — выгукнула заля.

Нагадаць дзятве, што родная мова беларусаў — беларуская, дапамагалі Жыгамонту пісьменьніца Раіса Баравікова, брамнік футбольнага клюбу «Дняпро» Руслан Капанцоў і супрацоўнік прэсавай службы клюбу Андрэй Ільеня.

«Мы зьбіраемся на вулку. Нас выводзяць на прагулку», — працягвала ўрок усьлед за Юрыем Жыгамонтам Раіса Баравікова. — Толя руды, Славік русы, але ўсе мы...»

«Беларусы!» — дакончыла вершык дзіцячая грамада.

Пакуль дзяцей экзамэнавалі на веданьне беларускай мовы, куратар праекту Дзьмітры Гмыза тлумачыў журналісту Свабоды, навошта камэрцыйная арганізацыя ўзялася за сацыяльна-арыентаваны праект.

Паводле суразмоўцы, у стратэгіі разьвіцьця кампаніі «Velcom» ёсьць сацыяльны напрамак. Яго прыярытэт — дзіцячая аўдыторыя.

Мы разумеем, што пасьля такіх урокаў дзеці не пачнуць адразу размаўляць на роднай мове, аднак яны зробяць маленькі крок да ўсьведамленьня таго, што яны беларусы, іхная родная краіна — Беларусь, а родная мова — беларуская.

«Гэтым сацыяльным напрамкам мы намагаемся папулярызаваць беларускую мову і ўмацоўваць нацыянальную сьвядомасьць, — казаў Дзьмітры Гмыза. — У гэтым жа праекце ўсе гэтыя складнікі сышліся. Мы разумеем, што пасьля такіх урокаў дзеці не пачнуць адразу размаўляць на роднай мове, аднак яны зробяць маленькі крок да ўсьведамленьня таго, што яны беларусы, іхная родная краіна — Беларусь, а родная мова — беларуская. Яе трэба вывучаць і на ёй трэба гаварыць. Вось гэта і ёсьць адна з галоўных мэтаў праекту...»

Тым часам Руслан Капанцоў і супрацоўнік прэсавай службы «Дняпра» Андрэй Ільеня высьвятлялі, ці ведаюць магілёўскія школьнікі футбольную тэрміналёгію. Руслан называў расейскія словы, а дзятва мелася адказаць яму беларускімі адпаведнікамі.

«... Счёт», — зьвярнуўся да залі футбаліст.

«Шчот...», — адказала яму заля і тут жа паправілася: — «Лік».

На бальшыню пытаньняў спартоўца дзеці спачатку адказвалі, спрабуючы перарабіць расейскія словы на беларускі манер. Разумеючы нязграбнасьць варыянтаў, найбольш кемлівыя выдавалі слушны беларускі адпаведнік.

Юры Жыгамонт запэўнівае, што дзеці ведаюць беларускую мову і адэкватна рэагуюць на яе. Журналіст спаслаўся на свае назіраньні з «Падарожжа дылетанта». Паводле яго, найбольш моцна адчуваецца беларускасьць на Магілёўшчыне.

Я зьдзіўляўся беларускай мове, якая захавалася ў вёсках Клімавіцкага, Мсьціслаўскага, Краснапольскага раёнаў.

«Я зьдзіўляўся беларускай мове, якая захавалася ў вёсках Клімавіцкага, Мсьціслаўскага, Краснапольскага раёнаў. Здавалася б, вось тут пад бокам Расея, і людзі меліся б усе па-расейску гаварыць, а не — яны гавораць па-беларуску. Нават калі слова расейскае, то яго так скажуць па-беларуску, што ніколі ў жыцьці ня скажаш, што гэтае слова мела хоць нейкае дачыненьне да расейскай мовы».

На тое, што ў Магілёве па-беларуску вучацца толькі чацьвёра школьнікаў, госьць са сталіцы сказаў: «Ідзе станаўленьне нацыі».

«Калі мы садзім бульбу сёньня, то заўтра мы яе не выкопваем. Павінен прайсьці нейкі пэрыяд, — тлумачыў Юры Жыгамонт сваё разуменьне сытуацыі зь беларускамоўным навучаньнем.

«А яшчэ трэба бульбу пабаранаваць, абагнаць, абабраць зельле. А потым жукі нападаюць. Ад іх трэба адбівацца. Ідзе працэс станаўленьня нацыі і народу», — падсумаваў суразмоўца.

За паўтара года ўрокаў вэлкомаўцы наведалі больш за 140 навучальных установаў. Былі ў сельскіх і гарадзкіх школах. Супрацоўніца праекту Катажына Валкоўская адзначае: беларускую мову лепей ведаюць вучні сельскіх школ.

«Магчыма — гэта праява таго, што яны болей гавораць па-беларуску ў штодзённым жыцьці, таму, у адрозьненьне ад гарадзкіх, яны лепей рэагуюць на мову і гавораць на ёй», — сказала суразмоўніца.

У гарадзкіх школах таксама добра рэагуюць на сам праект.

«Вядома ж, наш прыезд да сельскіх школьнікаў успрымаецца імі як падарунак. Але сказаць я не магу, што яны ізаляваныя ці адарваныя ад краіны, — дадала Катажына. — Таксама сельскія вучні здымаюць на мабільныя тэлефоны ўрокі. Але і ў гарадзкіх школах таксама добра рэагуюць на сам праект, на тое, што ён па-беларуску, ды на настаўнікаў, якіх мы запрашаем».

...Вытрымаўшы іспыт спартоўцаў на веданьне футбольнай тэрміналёгіі, школьнікі, парушаючы дысцыпліну ў «клясе», кінуліся да настаўнікаў па прызы. Суняць іх не ўдалося нават Жыгамонту. Толькі разабраўшы календары футбольнага клюбу «Дняпро», дзятва вярнулася на свае месцы, і ўрок прадоўжыўся.

Скарыстаўшыся незанятасьцю супрацоўніка прэсавай службы «Дняпра» Андрэя Ільені, запытаўся ў яго, як ідзе беларусізацыя клюбу. Ён прызнаў: «Дняпро» адстае ад іншых беларускіх клюбаў у выкарыстаньні беларускай мовы. Але, паводле Андрэя, зь мінулага году інтэрнэт-трансляцыі хатніх гульняў ужо агучваюцца па-беларуску.

Трэба ў гэтым пытаньні салідарызавацца кіраўніцтву клюбу, футбалістам ды заўзятарам.

«Гэта тое, з чаго мы пачалі. Трэба ў гэтым пытаньні салідарызавацца кіраўніцтву клюбу, футбалістам ды заўзятарам. Усё залежыць ад кожнага з нас. Але, гаворачы пра неабходнасьць беларусізацыі, варта казаць ня толькі пра наш клюб, але і пра ўвесь беларускі народ», — сказаў Андрэй Ільеня.

Пакуль гаварыў Андрэй Ільеня, Юры Жыгамонт завяршыў урок. Дзятва з падарункамі шумна пакідала канфэрэнц-залю ратушы. Некаторыя затрымліваліся, каб сфатаграфаваць партрэты славутых пэрсанажаў магілёўскай гісторыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG