Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: Расея ўдарыла па паўстанцах у Сырыі замест джыгадыстаў памылкова


Архіўнае фота: сырыйскія паўстанцы ў вызваленым ад джыгадыстаў горадзе Аль-Баб
Архіўнае фота: сырыйскія паўстанцы ў вызваленым ад джыгадыстаў горадзе Аль-Баб

Камандзер кааліцыйных сілаў пад кіраўніцтвам ЗША ў Іраку і Сырыі заявіў, што паветраны ўдар Расеі на поўначы Сырыі ўдарыў па паўстанцах, якія падтрымліваюцца ЗША і вядуць барацьбу супраць джыгадысцкай групоўкі «Ісламская дзяржава», памылкова.

Як сказаў генэрал-лейтэнант Арміі ЗША Стывен Таўнсэнд, хутчэй за ўсё, расейскія пілёты лічылі, што б’юць па пазыцыях «Ісламскай дзяржавы» ў сёлах блізу гораду Аль-Баб, але якраз напярэдадні ўдару баевікі адступілі адтуль і ў іх увайшлі байцы так званай «Сырыйскай арабскай кааліцыі», якая падтрымліваецца ЗША, — арабскай часткі больш шырокага шматнацыянальнага апазыцыйнага аб’яднаньня «Сырыйскія дэмакратычныя сілы».

Паводле яго, непаразуменьне адбылося ў аўторак 28 лютага праз «надзвычай складаную сытуацыю на поле бою», дзе на плошчы каля квадратнага кілямэтра дзейнічалі падразьдзяленьні розных бакоў. Як паведаміў генэрал, падчас удару вайсковыя дарадцы ЗША былі на адлегласьці каля чатырох кілямэтраў і адразу перайшлі да абумоўленых з Расеяй каналаў сувязі, каб пазьбегнуць канфліктаў; гэтая інфармацыя хутка дайшла да расейскіх пілётаў, і яны спынілі бамбаваньне.

У Расеі Міністэрства абароны заявіла з нагоды гэтай інцыдэнту, што ні расейская, ні сырыйская ўрадавая баявая авіяцыя не рабіла удараў па тэрыторыях, якія ЗША вызначылі як занятыя праамэрыканскімі апазыцыйнымі сіламі.

Расея ўдзельнічае ў вайне ў Сырыі на баку ўлады прэзыдэнта Башара аль-Асада, заяўляючы, што ваюе супраць групоўкі «Ісламская дзяржава»; на практыцы ж паветраныя ўдары Расеі часьцей накіраваныя ня супраць джыгадыстаў, а супраць іншых праціўнікаў улады — часам і да тых, што маюць падтрымку заходніх і арабскіх дзяржаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG