Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеўская гарадзкая адміністрацыя пачала грамадзкае абмеркаваньне, прапанаваўшы перайменаваць сквэр імя Чкалава ў памяць пра беларускага журналіста Паўла Шарамета, які летась загінуў у цэнтры Кіева ад выбуху.

Абмеркаваньне будзе трываць з 1 сакавіка да 1 траўня на афіцыйным сайце Кіеўскай адміністрацыі — для ўдзелу трэба аўтарызавацца. Цяпер ініцыятыву гарадзкіх уладаў абмяркоўваюць амаль 100 чалавек, але патрымлівае яе пакуль што менш за палавіну ўдзельнікаў інтэрнэт-абмеркаваньня.

Сквэр імя Чкалава знаходзіцца ў цэнтры Кіева, непадалёк ад месца гібелі Паўла Шарамета.

Паўла Шарамета забілі 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева, падарваўшы аўтамабіль, якім ён кіраваў. Украінскія праваахоўнікі кваліфікуюць гібель журналіста як наўмыснае забойства. Сёлета ў лютым міністар унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў заявіў, што ўсе дэталі злачынства ўказваюць на палітычны заказ. Але сьледзтва пакуль не ўстанавіла ані выканаўцаў, ані замоўнікаў.

«Вынікі дасудовага расьсьледаваньня наўмыснага забойства Паўла Шарамета дазваляюць меркаваць, што гэтае злачынства грунтоўна рыхтавалася групай асоб — замоўнае забойства. Сьледзтва таксама не выключае вэрсію замоўнага палітычнага забойства, заказ на якое паступіў менавіта з Расейскай Фэдэрацыі. Сьледзтва працягваецца», — сказаў Арсен Авакаў, прадстаўляючы 8 лютага першыя вынікі расьсьледаваньня.

XS
SM
MD
LG