Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кіраўнік Баранавіцкага ДАІ, які зьбіў насьмерць жанчыну, прызнаў віну

абноўлена

Андрэй Валкавыцкі, архіўнае фота газэты "Наш край"

У судзе Ляхавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці 28 лютага праходзіць суд над Андрэем Валкавыцкім, былым часовым выканаўцам абвязкаў начальніка Баранавіцкага ДАІ.

Як перадае карэспандэнт Свабоды з залі суду, Валкавыцкі на допыце цалкам прызнаў віну. Яго абвінавачваюць у тым, што ў стане алькагольнага ап’яненьня ён насьмерць зьбіў аўтамабілем 36-гадовую Вольгу Стралкоўскую, едучы на хуткасьці 100 км/г пры дазволеных 60.

Валкавыцкі адзначыў, што моцна шкадуе пра свой учынак. Са слоў міліцыянта, ён проста ў пэўны момант перастаў кантраляваць хуткасьць і перавёў сваю ўвагу ад дарогі.

У залі суду ён распавёў, што ў той дзень упершыню сеў за стырно ў стане алькагольнага ап’яненьня. Да гэтага часу ён заўсёды прасіў знаёмых альбо пераносіў свае паездкі, але чаму гэтым разам сам кіраваў аўтамабілем, так і ня змог адказаць. А выпіў ён у той вечар каля бутэлькі гарэлкі, экспэртыза паказала, што ў крыві міліцыянта ажно 3 праміле алькаголю.

Падчас судовага паседжаньня прагучала таксама, што да моманту вынясеньня абвінавачаньня (каля месяца пасьля здарэньня) Андрэй Валкавыцкі адмаўляў сваю віну. Але толькі цяпер усьвядоміў ступень таго, што адбылося.

У сваю чаргу родныя загінулай Стралкоўскай не пажадалі нават сустрэцца з бокам абвінавачванага. Апошні абяцае кампэнсаваць нанесеную шкоду.

Вольга выхоўвала дзяцей сама. Дачку загінулай цяпер выхоўваюць баба зь дзедам, а сына забраў да сябе ягоны бацька. Пацярпелым выступае ў судзе бацька загінулай.

Падчас узнаўленьня падзеяў таго вечара стала вядома, што загінулая ехала са сваім знаёмым у Баранавічы. У вёсцы Дарава іх спыніў супрацоўнік ДАІ, які папрасіў кіроўцу паказаць дакумэнты. Але права на кіраваньне аўтамабілем, як і тэхагляду, у кіроўцы не было. Супрацоўнікі ДАІ запрасілі іх да сябе ў аўта і пачалі складаць пратакол за парушэньні. Вольга Стралкоўская сказала, што ёй кепска і яна хоча перасесьці ў сваю машыну. Супрацоўнікі ДАІ дазволілі ёй выйсьці і нагадалі, што яна мусіць пераходзіць вуліцу менавіта празь пешаходны пераход. Вольга пасьпела зрабіць літаральна два крокі на пераходзе, як яе зьбіў на сваім аўта Андрэй Валкавыцкі.

Паводле часткі 4 артыкулу 317 КК Валкавыцкаму пагражае да сямі гадоў пазбаўленьня волі з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG