Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для Расейскай імпэрыі ў Ціхім акіяне не далі астравы


Выспа Тарава на Кирыбаці

Улады дзяржавы Кірыбаці афіцыйна адмовіліся перадаць некалькі выспаў пад праект аднаўленьня Расейскай імпэрыі ў Ціхім акіяне, паведамляе PNGnews (навінны рэсурс Папуа-Новай Гвінэі).

Ідэя стварыць «Расею на Кірыбаці» належала расейскаму бізнэсоўцу і лідэру Манархічнай партыі Антону Бакаву. Ён прапанаваў ураду невялічкай ціхаакіянскага дзяржавы інвэстыцыі ў памеры $350 млн у абмен на тры незаселеныя выспы: Молдэн, Старбак і Міленіюм. Бакаў плянаваў атрымаць сувэрэнныя правы на выспы і ўзнавіць на іх «Раманаўскую імпэрыю» — краіну пад кіраваньнем дынастыі Раманавых.

Аднак Камісія па замежных інвэстыцыях Кірыбаці, дэталёва вывучыўшы прапановы расейца, рэкамэндавала ўраду адхіліць яго. Не была падтрыманая і прапанова аддаць Бакаву сувэрэнныя правы на выспы.

Кірыбаці — дзяржава, разьмешчаная ў Мікранэзіі і Палінэзіі, з 1999 зьяўляецца правамоцным сябрам ААН. У склад Рэспублікі Кірыбаці ўваходзяць 33 атолы (у тым ліку 20 незаселеных), на якіх жывуць каля 103 тысяч чалавек. З-за аддаленасьці выспаў і складанасьцяў у авіязносінах, Кірыбаці штогод наведваюць толькі некалькі тысяч турыстаў, у асноўным з Аўстраліі, Новай Зэляндыі і ЗША.

Бізнэсовец з расейскага Екацярынбургу Антон Бакаў з 2003 года па 2007 год быў дэпутатам Дзярждумы, а ў 2012 годзе ён стварыў Манархічную партыю. У нядаўнім інтэрвію Радыё Свабода ён заявіў адносна перамоваў у уладамі Кірыбаці: «Я знаходжуся ў працэсе перамоваў паўтара года, мы ўжо перажылі аднаго прэзыдэнта і ўрад, працуем цяпер з іншым прэзыдэнтам і ўрадам. Я спадзяюся, што да сакавіка выйдзем на фініш, нягледзячы на тое, што пайшла такая інфармацыйная ўцечка».

Бакаў таксама сказаў: «Пасьля таго, як мы ўсё наладзім і ўладкуем, пабудуем пасёлак, вы зможаце прыехаць, зьняць домік для пачатку або пабудаваць потым свой домік, альбо пасяліцца ў пяцізоркавых гатэлях, чатыры штукі ў нас заплянавана на першым этапе. Мы, натуральна, пачнем за свае грошы, потым пастараемся прыцягнуць іншыя кампаніі, якія б складалі нам канкурэнцыю».

XS
SM
MD
LG