Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у турме ламалі палітвязьня Ільдара Дадзіна


Ільдара Дадзіна сустракаюць пасьля вызваленьня

Журналіст Радыё Свабода Сяргей Хазаў-Касія сустрэўся з вызваленым з расейскай калёніі Ільдарам Дадзіным, катаваньне якога за кратамі атрымала шырокі розгалас ня толькі ў Расеі.

Ільдар Дадзін стаў першым грамадзянінам Расеі, асуджаным паводле закону, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за неаднаразовыя парушэньні правілаў правядзеньня грамадзкіх мерапрыемстваў. У 2015 годзе Басманны суд Масквы прысудзіў яго да трох гадоў пазбаўленьня волі.

Палова чацьвёртай раніцы ў панядзелак, 27 лютага. Кухня ў невялікай кватэры ў апарт-гатэлі ў цэнтры Барнаулу набітая камэрамі, мікрафонамі і людзьмі. Ільдар сядзіць на крэсьле, напружаны, счырванелы ад пастаянных намаганьняў: яму часам складана падбіраць словы, ён хвалюецца, заікаецца, але ўпарта імкнецца давесьці думку да канца, вымаўляе па складах цяжкія словы (заікаецца, зрэшты, ня ўвесь час — ад хваляваньня і стомленасьці), глядзіць наўпрост у вочы таго, на чыё пытаньне адказвае, просіць прабачэньня кожны раз, калі цытуе мат супрацоўнікаў калёніі, і рэфрэнам паўтарае: «Праўда вышэй за ўсё».

Ягоныя жонка Насьця і сястра Ліля сядзяць у куце на канапе, побач зь імі — таксіст Жэка з жонкай, яны прывезьлі Дадзіных з калёніі ў Рубцоўску і засталіся на гэтую начную прэс-канфэрэнцыю (Жэку цікавая сталічная публіка, да таго ж ён таксама не па чутках ведае пра зоны: ягоны дзед быў начальнікам калёніі, а брата забілі ў турме: зьбілі, а потым паўмёртвага замарозілі ў лядоўні ў моргу).

Ільдар распавядае, што нічога не чакаў ад гэтага дня: пасьля наведваньня калёніі членамі Алтайскай Грамадзкай назіральнай камісіі (ГНК) ён быў упэўнены, што выпусьцяць яго толькі ў аўторак. Гэтак жа думалі і сваякі Дадзіна, якія чакалі яго разам з журналістамі каля брамы калёніі з чацьвярга: кіраўніцтва чакала арыгінал пастановы Вярхоўнага суда аб адмене прысуду, але ніхто ня ведаў дзе ён: па чутках, яго адправілі ў Барнаул яшчэ 22 лютага, аддзяленьне Дзяржаўнай фэльдʼегерскай службы ў Барнауле кожны дзень пацьвярджала, што дакумэнт не атрыманы, жонцы Дадзіна тым часам не давалі спатканьня з мужам: на зоне быў абʼяўлены карантын, а сам Дадзін і зусім да суботы ня ведаў, што яго чакаюць, распавялі яму аб гэтым толькі чальцы ГНК.

Ільдар Дадзін выходзіць з калёніі
Ільдар Дадзін выходзіць з калёніі

Самому Дадзіну аб вызваленьні паведамілі толькі ў абед у нядзелю, у 15.45 ён, нарэшце, зьявіўся ў суправаджэньні супрацоўнікаў калёніі. Праз восем гадзінаў, нягледзячы на стомленасьць, чатырохгадзінны пераезд з Рубцоўску, жаданьне пабыць сам-насам з жонкай пасьля паўтары гадоў расстаньня, Дадзін цярпліва, доўга, грунтоўна адказваў на пытаньні журналістаў.

Нічога, акрамя катаваньняў

Амаль ўсе адказы зводзіліся да адной тэмы — да катаваньняў. Чым зьбіраецца займацца? Як жылося ў ВК-5 у Рубцоўску? Як будзе адпачываць першы час? Чаму не хоча зьяжджаць за мяжу, як таго хацела ягоная жонка? На ўсё ён пачынаў адказваць па сутнасьці, але нязьменна вяртаўся да першых дзён, праведзеных у ВК-7 Рэспублікі Карэлія. Ён кажа шмат і блытана, часта губляе думку, але зразумела адно: Дадзін хацеў і ў калёніі змагацца за свае словы, але ня здолеў, зламаўся, не вытрымаў болю.

Ён успамінаў фільм Мэла Гібсана «Апакаліпсіс», дзе галоўны герой «да канца захоўваў пачуцьцё ўласнай годнасьці». Ільдар Дадзін хацеў гэтак жа, але ня вытрымаў, зразумеў, што катаваньні — не кіно, а расейская турма больш падобная да антыўтопіі Джорджа Оруэла, якой ён прасякнуўся яшчэ пад хатнім арыштам. Ён кажа, што яму было сорамна, ён ня ведаў, як жыць з гэтым, здаецца, што і да гэтага часу ён спрабуе апраўдацца перад сабой, даказаць сабе, што нічога страшнага ў гэтым няма, ён застаўся такім жа сумленным чалавекам, які гатовы аддаць жыцьцё за свае ідэалы.

Паводле Дадзіна, сутыкненьне з сыстэмай пачалося яшчэ ў СІЗА-1 у Петразаводску падчас наведваньня першага намесьніка начальніка ўпраўленьня Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў па Рэспубліцы Карэлія Аляксея Фядотава.

Ён сказаў, што мы з табой яшчэ ў «сямёрцы» пагаворым аб Канстытуцыі і законе.

«Наогул у нас [на пытаньні супрацоўнікаў] належыць адказваць, што скаргаў няма, усё добра, а я пачаў казаць, што тут не даюць спаць, што гэта супярэчыць Канстытуцыі, любая форма катаваньняў забаронена 21-м артыкулам. Яму гэта не спадабалася, ён адразу разьвярнуўся, не зрабіў ніякіх спробаў зафіксаваць скаргу і сказаў, што мы з табой яшчэ ў «сямёрцы» пагаворым аб Канстытуцыі і законе, — распавядае Дадзін. — Мой сукамэрнік спалохаўся за мяне і сказаў, што, напэўна, цябе там сустрэнуць «канкрэтна».

Дадзін, зрэшты, зьбіцьця не баяўся, быў упэўнены, што «палітычнага» чапаць ня будуць, і ён зможа змагацца за тое, каб у камэры на ноч не выключалі дзённае сьвятло, а пры ўваходзе ў кабінэт начальніка ня трэба было б прадстаўляцца, называючы імя і тэрмін.

Ільдар Дадзін і Анастасія Зотава
Ільдар Дадзін і Анастасія Зотава

На працягу двух гадзінаў Ільдар распавядае, што адбывалася зь ім у першыя некалькі дзён у карэльскай калёніі, паказваючы на памылкі ў лісьце, апублікаваным намаганьнямі жонкі 1 лістапада 2016 года.

Па прыбыцьці ў калёнію 10 верасьня яму сказалі пакінуць рэчы і адвялі на 20 хвілін у іншае памяшканьне. Потым ён вярнуўся, пачаўся ператрус, у яго заплечніку з украінскім трызубцам і ў пакеце з вільготнымі сурвэткамі знайшлі два лязы. Яго тут жа праводзілі ў памяшканьне ШІЗА, хоць гэта ніяк не аформілі. Спачатку яго здагадкі аб «імунітэце палітычных» апраўдваліся: яму загадвалі ўстаць тварам да сьцяны і пакласьці рукі на сьцяну, ён, ведаючы, што ў калёніі практыкуюцца «расьцяжкі», калі чалавека, які стаіць сьпінай да супрацоўнікаў, бʼюць па нагах, адмаўляўся выконваць гэтыя загады, матывуючы гэта тым, што ў законе такіх патрабаваньняў не прапісана. Яго называлі дэбілам, абяцалі *** (згвалціць) і «насцаць ў рот», але рук не распускалі.

У штрафным ізалятары, куды Дадзін трапіў пасьля выяўленых лёзаў, у яго забралі туалетную паперу, зубную пасту і шчотку, нават ручнік, у камэры не працаваў зьліў ва ўнітазе і ракавіна. На ранішняй паверцы ён заявіў, што ня згодны з умовамі ўтрыманьня, і запатрабаваў сустрэчы з пракурорам. Пракурора Дадзіну ня выклікалі, тады за вячэрай ён вырашыў абвясьціць галадоўку — гэта стала апошняй кропляй.

«Мяне вядуць у кабінэт начальніка, які ад маёй камэры 14 знаходзіўся ў 15 мэтрах», — распавядае Дадзін. На сьцяне кабінэту — інструкцыя, як зьняволеныя павінны прадстаўляцца пры ўваходзе: «Добры дзень, зьняволены такі-та, тэрмін, пачатак тэрміну, канец тэрміну, дазвольце ўвайсьці». «Я яшчэ ў Карэліі бачыў яе, ведаю, што ні ў ПУР (Правілы ўнутранага распарадку. — РС), ні ў КВК (Крымінальна-выканаўчы кодэкс. — РС) гэтага няма, значыць, патрабаваньне незаконна. Я заходжу і не прадстаўляюся. Там сядзіць Косіеў (Сяргей Косіеў — начальнік калёніі, які пайшоў у адстаўку пасьля скандалу з лістом Дадзіна. — РС). Ён падскоквае да мяне і пачынае мяне штурхаць. Яму дапамагаюць трое супрацоўнікаў».

Сяргей Косіеў
Сяргей Косіеў


Па словах Дадзіна, яго білі спачатку ў калідоры, а потым зноў у кабінэце начальніка, але першым яго пачаў біць менавіта Косіеў: «Ён як верхавод банды паказаў сваім прыкладам: і палітычных можна, ня бойцеся, біце яго». Пасьля зьбіцьця Дадзіна правялі ў камэру, а потым зноў зьбілі падчас вячэрняй паверкі: «Наста напісала ў лісьце, што 10-12 чалавек мяне білі. Гэта няправільна. Там было 10-12 чалавек, мяне прымусілі пераапрануцца. Думаю, што калі яны ў „шізошную“ вопратку пераапранаюць, глядзяць, наколькі ты здаровы. Мяне распранулі дагала і ўсе гэтыя 10-12 чалавек на мяне глядзелі і вывучалі, — успамінае Дадзін. — Далей мяне вядуць у бок маёй камэры, спрабуюць прымусіць мяне паставіць рукі на сьцяну. Я кажу: пакажыце мне закон. Мне паказваюць нейкую фатаграфію, ніякіх спасылак на закон няма. Калі я чарговы раз сказаў пра Канстытуцыю, старэйшы на паверцы сказаў, што тут нэўтральная тэрыторыя.

Пасьля гэтага з боку старэйшага паступіўзагад: „Навучыце яго ўставаць да сьцяны“. І пасьля гэтага ня ўсе 12, а мінімум трое, але можа 5 ці 6 пачалі наносіць ўдары. Каб закрыцца і паменшыць плошчу для ўдараў, я прысядаў. Як толькі я прысядаў, я заўважаў, што калі галава мая апускалася, зьбіцьцё спыняліся. Я бачыў бэрцы. Я ведаю, што калі на вуліцы зваліцца, то гэта ўсё, забʼюць, але нагамі яны ня білі (у лісьце напісана, што Дадзіна білі нагамі па галаве. — РС) і па галаве ня білі, каб не было сьлядоў. Білі рукамі, ніжняй часткай далоні, нагамі білі толькі па корпусе і па нагах. Удары наносіліся па шчоках, скулах, патыліцы, цемені. І так паўтаралася 2-3 разы. Я пад ударамі схіляўся, бачыў ногі, уставаў і зноў пачыналіся ўдары».

Пасьля паверкі Дадзіна завялі ў камэру і акунулі галавой ва ўнітаз, зноў вывелі ў калідор, зноў зьбілі. Гэтыя зьбіцьці не прымусілі яго, зрэшты, падпарадкавацца патрабаваньням супрацоўнікаў.

Дзікі боль у запясьцях і ў плячах. Хочацца нават, каб запясьці адрэзалі, каб гэты боль спыніўся

«Зламаўся» Дадзін на наступны дзень, калі яму надзелі на вочы вязаную шапку, счапілі рукі кайданкамі за сьпіной і падвесілі ў шпацырным дворыку на устаўленыя ў сьцяну загваздкі, вывіхнуўшы плечы так, што яго запясьці былі недзе на ўзроўні лапатак. «Дзікі боль у запясьцях і ў плячах. Хочацца нават, каб запясьці адрэзалі, каб гэты боль спыніўся, — распавядае Дадзін. — Праз 15 хвілін запясьці дранцьвеюць і ня так балюча, а ў плячах боль застаецца. Як толькі мяне падвесілі, з мяне тут жа зьнялі майткі і наўпрост сказалі, што цяпер паслалі за асуджаным, які мяне «апусьціць».

Дадзін распавядае, што быў гатовы да таго, што аднойчы яго могуць «апусьціць», але чакаў гэтага ад зьняволеных, а не ад адміністрацыі: «У мяне быў сябар Аляксей Давыдаў, ён памёр (ЛГБТ-актывіст, памёр у Маскве 27 верасьня 2013-га года, на думку некаторых праваабаронцаў, яго сьмерць стала вынікам зьбіцьця паліцыянтамі ў 2011 г. — РС). Я ў памяць аб ім разумеў, што не змагу замоўчваць, калі будуць геяў асуджаць». Да прамога сутыкненьня з іншымі зьняволенымі на глебе поглядаў на ЛГБТ, зрэшты, не дайшло, але вось невыносны боль і пагрозы згвалтаваньня прымусілі яго падпарадкавацца: «Я зламаўся, я кажу, спыніце гэта».

Падышоў супрацоўнік і сказаў, што ўжо позна, кіраўніцтва сказала, хай ён яшчэ павісіць

Ільдар пагадзіўся адмовіцца ад галадоўкі, падпісваць усе паперы, якія ад яго будуць патрабаваць, і папрасіць прабачэньня перад начальнікам калёніі. Гвалтаваць яго не сталі, але і не адпусьцілі: «Падышоў супрацоўнік і сказаў, што ўжо позна, кіраўніцтва сказала, хай ён яшчэ павісіць». Дадзін правёў у гэтай позе з паўгадзіны.

У наступныя тры дні яго рэгулярна зьбівалі раніцай і ўвечары, але пасьля перасталі біць, ды і не было патрэбы: Дадзін прадстаўляўся па форме і падпісваў, не чытаючы, усё, што яму давалі, у тым ліку пратаколы аб неіснуючых парушэньнях, за якія яго зьмяшчалі ў штрафны ізалятар. Спачатку ён спрабаваў скардзіцца на зьбіцьцё турэмным фэльчарам, але тыя ў адказ абражалі, а калі яго выпусьцілі з ізалятару праз 45 сутак, сьлядоў на целе і на запясьцях не засталося, таму і лекары з волі нічога ня ўбачылі.

Назад ў пікет

За паўтара году калёніі Ільдар Дадзін не прыдумаў, чым будзе займацца на свабодзе. Кажа, што не перастане змагацца з «фашысцка-чэкісцкім» рэжымам, будзе дамагацца крымінальнай справы супраць начальніка ВК-7 Сяргея Косіева, аднак рэальнага пляну ў яго пакуль няма, паплечнікаў плянуе шукаць сярод тых, хто не баіцца выходзіць на пратэстныя акцыі, ня хоча пакідаць актывізм і сам. Ягоная жонка, здаецца, ня надта верыць у прадуктыўнасьць такой дзейнасьці, аднак на яе пярэчаньні, што «гэта нікому не трэба», ён жыва рэагуе: «Не, ты ня маеш рацыі».

Для мяне было б добра, калі б Наста зьехала кудысьці

Дадзін кажа, што не баіцца за сваё жыцьцё, больш за тое, адчувае маральную адказнасьць перад тымі, хто дамагаўся ягонага вызваленьня — у яго проста няма іншага выбару, як працягваць барацьбу. Распавядае, што першыя дні пасьля катаваньняў быў у поўным маральным заняпадзе: альбо марыў аб тым, як выйдзе і эмігруе, альбо хацеў скончыць самагубствам, стукнуўшыся скроньню аб жалезную стойку ложка, але потым вырашыў: пакуль бʼюць іншых зьняволеных, сумленьне не дазволіць яму зьехаць. Ён запэўнівае: адзінае, за што ён перажывае, — гэта за сваіх блізкіх: «Для мяне было б добра, калі б Насьця зьехала кудысьці». Насьця спалохана глядзіць на яго, потым пачынае ўсьміхацца, калі Ільдар спрабуе разьвіць сваю думку: «Я лічу сябе ваяром. Я супраць сэксізму. Жанчына і мужчына раўнапраўныя. Але так атрымалася, што я фізычна больш моцны і магу абараніць. Я хачу змагацца з сыстэмай», — кажа ён, усё больш заікаючыся.

На гадзіньніку тры гадзіны ночы, нехта з журналістаў зьбіраецца ў аэрапорт, Наста падыходзіць да Ільдара, пачынае гладзіць яго па плячы, «Давайце заканчваць», — кажа яна, але Ільдар спыняе яе, хоча скончыць думку: «Пачакай, для мяне гэта важна», — і зноў пачынае аповед пра першыя дні у «сямёрцы», якіх, падобна, не забудзе ніколі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG