Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дзьве хвіліны нагрузкі ў гадзіну могуць выратаваць ваша жыцьцё


Сёньня ў сьвеце ўсё больш працадаўцаў пачынаюць надаваць значэньне здароўю працаўнікоў. Тым ня менш, большасьць працоўных месцаў усё яшчэ не прыдатныя для кароткіх трэніровак і разьмінак.

Тым часам, як піша на сайце www.sharecare.com Філ Гардэсты, дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што дзьве хвіліны хады кожную гадзіну могуць на 33% зьнізіць рызыку сьмерці.

Калі вы, паводле прафэсіі, большую частку свайго часу праводзіце седзячы за сталом, вы маеце значна больш высокую рызыку многіх захворваньняў, якія зьвязаны з гіпадынаміяй (малой рухомасьцю).

Вынікі дасьледаваньняў, апублікаваныя ў клінічным часопісе Амэрыканскага таварыства нэфралёгіі (CJASN) зьвязваюць штодзённае доўгае сядзеньне з падвышанаю рызыкай заўчаснай сьмерці, а таксама сардэчна-судзінных хваробаў, дыябэту і іншых хранічных праблем са здароўем. Для іх аналізу навукоўцы выкарысталі дадзеныя амэрыканскага дасьледаваньня сувязі паміж здароўем і харчаваньнем з удзелам 3243 чалавек у 2003-4 гадах.

За час правядзеньня дасьледаваньня памерла 137 удзельнікаў. Пасьля аналізу абставінаў іх жыцьця дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што дзьве хвіліны хады кожную гадзіну зьвязаны з 33-працэнтным зьніжэньнем рызыкі сьмерці.

Вось некалькі хуткіх і простых спосабаў ўключыць практыкаванні ў звычайную практыку вашага сядзячага працоўнага дня:

Устаньце і парухайцеся

Трэба ўставаць са свайго месца прынамсі кожныя 15-20 хвілін. Каб праца вас не зацягвала надоўга, усталюйце таймэр на тэлефоне, гадзіньніку або на кампутары.

Шпацыр

Што вы можаце зрабіць падчас свайго 2-хвіліннага ўставаньня? Лепш за ўсё шпацыруйце 1-2 хвіліны. Інтэнсіўна прайдзіцеся па калідоры або ў прыбіральню. Гэта дасьць хуткі прыліў энэргіі і крыві ў цягліцы ног, крупянкоў і ніжняй часткі сьпіны. Якраз гэтыя месцы зьяўляюцца асноўнымі пунктамі дыскамфорту пасьля доўгага сядзеньня.

Выкарыстоўвайце розныя магчымасьці

Калі вам цяжка трымаць на працоўным месцы невялікія гантэлі, выкарыстоўвайце любыя прадметы, з дапамогай якіх вы можаце зрабіць пару-тройку практыкаваньняў з абцяжарваньнем у ціхім кутку вашага офісу. Можна рабіць розныя рэчы падчас розных перапынкаў — хадзіце, падымайце цяжкасьці, адціскайцеся, прысядайце і г.д. Нават адно практыкаваньне з 10-15 паўторамі здольнае зьменшыць нэгатыўныя наступствы сядзеньня.

Лесьвіца — шанцунак

Калі вы маеце лесьвіцы ў будынку, дзе працуеце, вам пашанцавала. Выкарыстоўвайце іх для сваіх перапынкаў. Хада ўвер па лесьвіцы падыме тэмпэратуру цела, падвысіць частату сардэчных скарачэндняў і паскорыць ток вашай крыві. Заўсёды памятайце, што перш чым пайсьці на лесьвіцу, 1-2 хвіліны прайдзіцеся па калідоры. Вашы ногі і сэрца належным чынам ацэняць такі разагрэў.

Выкарыстоўвайце абедзенны перапынак

Калі ваш тыповы працоўны дзень уключае ў сябе перапынак на абед, выкарыстоўвайце яго ня толькі для ежы. Напрыклад, калі ў вас ёсьць 30 хвілін, хадзіце першыя 15 хвілін, а затым зьядайце абед.

Выкарыстоўвайце крокамер

Выкарыстаньне лічыльніка крокаў можа сказаць вам дакладна, наколькі вы актыўныя на працягу дня на працы. Асабісты журнал актыўнасьці можа таксама дапамагчы вам зразумець, як вы выкарыстоўваеце свае магчымасьці.

Усе гэтыя няхітрыя парады можна выконваць і падчас выходных дзён, якія шмат хто з нас праводзіць за кампутарам або каля тэлевізара.

XS
SM
MD
LG