Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сотні абураных пратэставалі падчас мітынгу «недармаедаў» у Бабруйску


26 лютага ў Бабруйску адначасова зь іншымі гарадамі прайшоў мітынг супраць прэзыдэнцкага дэкрэту «аб дармаедах».

Заклікі сабрацца на плошчы Леніна й выказаць свой пратэст распаўсюджвалі ў сацыяльных сетках і праз абвесткі на пад’ездах дамоў, арганізатары ніяк не пазначаліся. Прафсаюз РЭП абвесьціў, што ладзіць мітынг 12 сакавіка. За паўгадзіны да пазначанага пачатку ў цэнтры плошчы ўжо стаялі некалькі дзясяткаў чалавек і пара соцень паабапал.

Колькасьць людзей імкліва расла, рэйсавыя аўтобусы з аддаленых раёнаў гораду шлі ў цэнтар поўныя, і амаль ніхто не выходзіў на прамежкавых прыпынках, усе выйшлі на плошчы. А 12-й у цэнтры плошчы ўжо стаяла каля 300 чалавек. Міліцыі ані на плошчы, ані за будынкам выканкаму ці ўва дварах не было, толькі раз-пораз праяжджалі звычайныя патрульныя машыны.

Зьявіліся самаробныя плякаты супраць дэкрэту, «За годную працу й заробак», «Жанчына не дармаедка па вызначэньні», сьцягі свабодных прафсаюзаў, адзін бел-чырвона-белы. Бабруйчане як адзін зьдзіўляліся таму, што іх сабралося так шмат. Хвілін праз 20 пасьля абвешчанага пачатку у цэнтральнай частцы плошчы было ўжо за 400 чалавек плюс сотні па прылеглай вялікай тэрыторыі — і маладыя, і старыя, і зь дзецьмі.

Праз гукаўзмацняльнікі мітынг пачалі прадстаўнікі РЭП, празь некалькі хвілін далучыўся старшыня БХД Віталь Рымашэўскі, які пад‘ехаў зь Менску. Прысутныя ставілі подпісы пад патрабаваньнем да гарадзкіх уладаў вызваліць усіх бабруйчан ад «дармаедзкага» падатку. Слова бралі і ўсе ахвотныя: апроч палітыкаў і прафсаюзных актывістаў, выступілі каля дзесяці бабруйчан. Час ад часу і ў адказ на выступы, і самі сабой разносіліся воклічы «Не дэкрэту нумар 3 — Лукашэнка уходи!», «Ганьба!», «Жыве Беларусь!» ды «Народ — гэта сіла!»

Мітынг цягнуўся гадзіну, на завяршэньне прагаласавалі за рэзалюцыю з патрабаваньнем да гарвыканкаму вызваліць ад новага падатку бабруйчанаў, да ўладаў краіны — тэрмінова адмяніць трэці дэкрэт, а таксама — не разьмяшчаць на тэрыторыі Беларусі расейскія вайсковыя базы і не здаваць прадпрыемствы расейскім алігархам. 12 сакавіка на іншай бабруйскай плошчы — Перамогі — пройдзе наступны мітынг.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG