Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька ўпершыню перамог «у палітычным працэсе» — адміністрацыйная справа супраць яго спыненая


Анатоль Лябедзька ў судзе (архіўнае фота)

Учора, 24 лютага, суд Ленінскага раёну Менску прыняў рашэньне аб спыненьні адміністратыўнай справы адносна лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі за акцыю ў падтрымку «Белсату», што адбылася 20 сьнежня 2016 году.

Раней, 5 студзеня, суд Ленінскага раёну ўжо разглядаў справу Анатоля Лябедзькі і аштрафаваў палітыка на 50 базавых велічынь (1.150 рублёў) за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту (арт. 23.34 КаАП). Аднак лідэр АГП абскардзіў гэтае рашэньне ў гарадзкім судзе, які накіраваў справу на паўторны разгляд, што адбыўся 24 лютага.

Падчас паўторнага разгляду справы судзьдзя Марына Запасьнік не знайшла складу правапарушэньня ў дзеяньнях Лябедзькі.

«Упершыню за доўгія гады ёсьць перамога ў палітычным працэсе. Такіх працэсаў у мяне былі дзясяткі, можа нават за сотню пераваліла, але такі вынік упершыню. Мне цяжка сказаць, з чым гэта зьвязана. Справа, канешне, была шытая белымі ніткамі, але такое і раней было. Магчыма, куратары аддзела адміністрацыі Лукашэнкі пад назвай „суд“ нешта прапусьцілі. Хаця перад тым, як агучыць рашэньне судзьдзя абвясьціла перапынак на 2 гадзіны — відаць, для кансультацыяў», — распавёў палітык Радыё Свабода.

Пасьля суду Лябедзька адразу накіраваўся ў лягер абаронцаў Курапатаў.

«Учорашні дзень быў днём невялічкіх перамог — і ў судзе, і ў Курапатах», — рэзюмуе Лябедзька.

Пікет у падтрымку «Белсату» каля адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі адбыўся 20 сьнежня 2016 году. Цягам паўгадзіны актывісты скандавалі «Безь Белсату будзе вата», «НТВ — далоў, Белсат — дамоў», «Лукашэнка — не, Ананіч — не, Карпенка — не, Белсат — так», «Не — рускаму міру, не — Рыскаму міру», а таксама трымалі ў руках невялікія плякаты падобнага зьместу. Міліцыянты ў цывільным актывістам не заміналі, але і не пускалі бліжэй да будынка адміністрацыі. Пасьля пікету актывісты занесьлі сьпіс сваіх патрабаваньняў у прыёмную адміністрацыі.

XS
SM
MD
LG