Чаго заўтра ня будзе. Мастак фіксуе краявіды вёсак, што зьнікаюць

«Бабіна дарога ад печы да парога». Падарожжа са Зьмітром Бартосікам

No media source currently available

Беларуская вёска зьнікае. Тыя паселішчы, што бліжэй да галоўных дарог і вялікіх гарадоў, ператвараюцца ў аграгарадкі і прыгарады. А тыя, што схаваныя ад людзкіх вачэй, усё больш нагадваюць дэкарацыі для фільмаў жахаў. Калі яшчэ гадоў дзесяць таму ў пакінутых хатах і пахілых платах я знаходзіў прыгажосьць згасаньня, дык сёньня на скасабочаныя сьцены з разьбітымі шыбамі пад дзіравымі дахамі глядзець страшна. А калі ў вёсцы няма ніводнага жыхара, дык у кожнай закінутай хаце бачыцца прывід памерлага калгасьніка.

Тым больш нечакана пабачыць на пакінутым двары этуднік і фігуру мастака. У амаль вымерлай вёсцы Макаравічы я пазнаёміўся са Зьмітром Буглаком. Студэнтам Акадэміі мастацтваў, якога цягне ўвасабляць на палатне не аграгарадкі і сталічныя праспэкты, а тое, чаго заўтра ня будзе.

— Чаму вы выбралі для сваёй карціны гэты аб’ект?

— Прыгожая хата. Хацелася б занатаваць гэты краявід. Краявід паміраючай вёскі. Бо ўжо ня будзе той вёскі, якую мы ведаем. Зь яе традыцыйным ладам жыцьця. Адыходзіць сьвядомасьць традыцыйная, з агульначалавечымі каштоўнасьцямі. Разам зь людзьмі сыходзіць вялікі пласт культуры. Мова ў тым ліку. Разам з дыялектнымі слоўцамі...

На вуліцы мароз мінус 15, я пачынаю замярзаць, а майму суразмоўцу, худзенькаму маладзёну ў куртачцы, хоць бы што. Жывапіс — занятак для мужных людзей.

— Вам знаёмы выраз «идиотизм деревенской жизни»?

— Так. Але па-беларуску так ня скажаш. «Ідыятызм вясковага жыцьця» гучыць задужа па-добраму. Бо вёска — гэта беларускі сусьвет. Нездарма цяпер ёсьць такая тэндэнцыя, што гараджане імкнуцца менавіта ў вёску. Бо менавіта тут можна адчуць суладзьдзе з космасам.

— А ці ёсьць у тым ладзе жыцьця нешта, пра што ня варта шкадаваць? Напрыклад, патрыярхат, які часам прымаў звыродлівыя формы?..

— Так. Мужчына глядзеў гаспадарку. А жанчына толькі гадавала дзяцей, завіхалася ля печы. Дый дагэтуль можна пачуць прыказкі: «Бабіна дарога ад печы да парога».

— Дзякуй. Трэба будзе сваёй жонцы абавязкова расказаць.

— Там, дзе баба жоньдзіць, там хата блоньдзіць.

— І за гэту дзякуй.

Мы паехалі са Зьмітром у недалёкае Кіякова, дзе мастак жыве ў старой дзедавай хаце. У Кіякове колькасьць талентаў уражвае. Старому Ромусю Ліпчыку хутка будзе 90 гадоў. Ён паўтарыў подзьвіг Эўфрасіньні Полацкай, перапісаўшы ад рукі ў 77-м Новы Запавет і Псалтыр. А ў 80-я гады, адрамантаваўшы старую друкарку, стаў друкаваць на ёй Біблію. І распаўсюджваць Сьвятое Пісьмо. А ўсё пачалося з таго, што ў 50-я гады Ромусю было зьяўленьне сьвятога Яна. Невысокі сухаваты спадар з адкрытай усьмешкай паказвае свае самаробныя тамы.

— Мне было відзеньне. Ён прыходзіў і сказаў, што мне рабіць. Гэты Ян. Падаў руку мне і кажа: «Я цябе знаю. Ты рабіў жорны». Я кажу: «А хто вы?» А ён кажа: «Папа Ян».

— А калі гэта было?

— У 58-м годзе. А Біблію я чытаў з маленства.

— І калі вы перапісалі свой першы асобнік?

— У 77-м годзе. Уручную. А пасьля на друкарцы пачаў.

— Для чаго вы перапісвалі Біблію?

— Празь пісаньне чалавеку адпускаюцца грахі.

Ромусь — чалавек вельмі рэдкі. Калісьці ягоная слава ішла па ўсім навакольлі. Да яго стаяла чарга з розных вёсак. Ён майстар рабіць жорны. Можа гадзінамі расказваць пра тонкасьці пародаў каменя і пра спосабы яго апрацоўкі.

— Вось камень, дапусьцім, ляжыць. Дам я вам молат. І вы рады не дасьцё.

— Але я па ім траплю. Гэта адзінае, што я змагу.

— Трэба знаць слой. Паставіць яго на рабро. Тут стукнуў, тут стукнуў. Бі, пакуль ня лопнець.

— Бясцэнныя веды.

— Як былі немцы з партызанамі, дык да мяне прыходзілі ў чаргу станавіліся. Жорны зрабіць. Многа каму я зрабіў жорны. За тыдзень я рабіў двое жарон. Здалёку людзі прыяжджалі.

На разьвітаньне Ромусь паказаў вяршыню свайго рамяства. Электражорны. Самыя сапраўдныя каменныя жорны, толькі верхні круг спалучаны з маторам. Такога цуду, я ўпэўнены, няма на нашай плянэце больш нідзе. І сумна ўсьведамляць, што і гэтыя больш не спатрэбяцца. Мой настрой падхапіў Зьміцер Буглак.

— Гэтыя майстры разам зь іх майстэрствам становяцца абсалютна непатрэбнымі.

— Так. Але самае дзіўнае, што ў вёсцы ёсьць людзі, якія зусім нічога ня ўмеюць. Ня ўмеюць касу кляпаць. Ня ўмеюць нават касіць. Нягледзячы на тое, што пражылі ўсё жыцьцё ў вёсцы. Нашто яму касіць, калі ёсьць трактар? Прыедзе і скосіць. Грабілка зграбець.

— А аўталаўка яек нанясець.

Люблю слухаць гісторыі беларускага антысавецкага супраціву. У Кіякове вясёлая Леанарда Кайровіч адкрыла мне новае імя палітвязьня. Мальвіна Новік.

— Мальвіна ў калгас не хацела. Савецкую ўладу не любіла. Зганялі па вайне з хутароў у калгасы. Усе аднаасобна жылі, зямлю сваю мелі. І жыў насупраць Мальвіны парцейны чалавек. Карэнька ягонае прозьвішча. А яна была баба скандальная. І яна з гэтым Карэнькам усю дарогу сварылася. Дайшло нават да таго, што прыйшлося зь ёй біцца. Памятаю, як ён неяк за ёй гнаўся. А яна на яго абзывалася. А ў канторы віселі партрэты. Молатаў, Сталін. Дык яна гэтыя партрэты ўзяла ды папаліла. У 50-м годзе. Ну, і ён заявіў. Яе забралі.

А якая трагікамічная гісторыя арышту гэтай Мальвіны! Такое і ў кіно не пакажуць.

— Яе адвезьлі ў Парфенава. Яна папрасілася ў туалет. Канваіры яе пусьцілі. І ўсё. Шукай ветру. Дзе дзелася? Зьбегла яна да сваякоў у нейкую вёску. А матка жыла ейная тут. І пайшла маці неяк у капліцу. А ўчастковы адзеўся за ксяндза. І сеў гэтых бабак спавядаць. І ён у яе выпытаў, дзе Мальвіна. Ну, і ўзялі яе. Далі ёй дзесяць гадоў. Адседзела толькі шэсьць. Вярнулася.

Частуючы мяне ў сваёй цёплай хаце гарачым чаем, Зьміцер падараваў яшчэ адну цікавую думку. Пасьля якой ня хочацца разьвітвацца зь вёскай.

— Цяпло вясковае адрозьніваецца ад цяпла гарадзкой кватэры. Здаецца, тыя ж дваццаць градусаў па Цэльсію. Але, мабыць, засланыя ложкі кілімамі, абразы, прысмак дроў у паветры. Гэта ўсё складае ўражаньне цяпла.

​
XS
SM
MD
LG