Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкрадзенаму ў Адэсе дэпутату плянавалі абліць вочы кіслатой


Аляксей Ганчарэнка каля месца правядзеньня свайго флэш-мобу. 8 лютага 2017 году.

Выкрадзены ў Адэсе дэпутат Вярхоўнай Рады, намесьнік кіраўніка фракцыі Блёку Пятра Парашэнкі Аляксей Ганчарэнка ўжо знаходзіцца ў бясьпечным месцы, пачуваецца добра і пачынае сьведчыць у справе пра ягонае выкраданьне.

«Затрымана трое падазраваных», — паведаміў сёньня на брыфінгу ў Адэсе кіраўнік пракуратуры Адэскай вобласьці Алег Жучэнка.

Паводле яго, выкраданьне Аляксея Ганчарэнкі было арганізавана злачыннай групай з мэтаю помсты за падзеі 2 траўня 2014 года ў Адэсе, калі пад час пажару ў Будынку прафсаюзаў загінулі прарасейскія актывісты.

Алег Жучэнка адзначыў, што затрыманая група вырабляла і распаўсюджвала друкаваныя матэрыялы, якія мелі характар справакаваць нацыянальную ды міжэтнічную варожасьць. Пад час «дакумэнтацыі» гэтай групы праваахоўнікі і ўстанавілі факт замаху на жыцьцё і здароўе дэпутата, у прыватнасьці, плянавалі напад з выкарыстаньнем кіслаты.

Да свайго абраньня ў Вярхоўную Раду Ўкраіны Аляксей Ганчарэнка быў прыхільнікам Партыі рэгіёнаў, але пасьля ўцёкаў у Расею Віктара Януковіча і іншых прадстаўнікоў тагачаснай улады выступаў на іх адрас з рэзкай крытыкай.

На парлямэнцкіх выбарах у 2014 годзе Аляксей Ганчарэнка балятаваўся ўжо ад Блёку Пятра Парашэнкі па мажарытарнай акрузе ў Адэсе. Абураны выказваньнямі амбасадара Нямеччыны адносна магчымасьці правядзеньня выбараў на Данбасе, арганізаваў флэш-моб, намаляваўшы фарбай на кавалку Бэрлінскай сьцяны ў Кіеве слова «не» на нямецкай мове.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG