Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі гарвыканкам абвясьціў сьвяткаваньне Масьленіцы на месцы, дзе хочуць пратэставаць супраць дэкрэту № 3


Сьвяткаваньне Масьленіцы, ілюстрацыйнае фота

Аб’ява пра тое, што 26-га лютага на плошчы Перамогі адбудзецца «агульнагарадзкое мерапрыемства «Веселится весь народ — Масленица к нам идёт!» зьявілася на сайце гарвыканкаму. Дасюль асноўным месцам падобных сьвяткаваньняў традыцыйна быў культурна-гістарычны комплекс «Залатое кольца Віцебску „Дзьвіна“», або «Задзьвіньне», як называюць гэты аб’ект віцябляне.

Сёлета сьвяткаваньні былі абвешчаны ў Парку культуры і адпачынку імя Савецкай Арміі, а цяпер, у той самы час, яшчэ й на плошчы Перамогі. У праграме анансаваны майстар-клясы, «народныя забавы і дваровыя гульні, катаньні на конях і работа аб’ектаў грамадзкага харчаваньня». Усё гэта мае распачацца аб 11-й раніцы, тады як апоўдні тут меркавалі сабрацца нязгодныя з Дэкрэтам № 3.

Рашэньне пра гэта прынялі ўдзельнікі мінулай акцыі, што сабраліся на плошчы Перамогі 19-га лютага. Яно стала публічным дзякуючы распаўсюду ў СМІ, якія трансьлявалі рашэньне віцебскай грамадзкасьці.

Цягам гэтага тыдня ў сацыяльных сетках ішло актыўнае абмеркаваньне, ці мае сэнс зьбірацца на на плошчы — толькі ў групе суполкі «Ўкантакце» пад абвесткай пра акцыю набралася больш за 1200 камэнтароў.

Таксама віцябляне абмяркоўваюць, ці ня ёсьць гэты заклік правакацыйным: мясцовы актывіст Ігар Лапо разьмясьціў у «Фэйсбуку» інфармацыю пра тое, што на плошчы могуць адбыцца бойкі, ініцыяваныя прыхільнікамі «русского мира».

Віцябляне, гатовыя выступіць супраць «дэкрэту аб дармаедах», лічаць арганізацыю сьвяткаваньня Масьленіцы ў месцы збору пратэстоўцаў ня простым супадзеньнем.

XS
SM
MD
LG