Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другая ноч у Курапатах: без здарэньняў, актывісты просяць падтрымкі


Зьміцер Дашкевіч гутарыць з будаўнікамі ля Курапатаў

Актывісты «Маладога Фронту», якіх будаўнікі ўчора гвалтоўна выдалілі з будаўнічай пляцоўкі ля мэмарыяльнага комплексу Курапаты, паставілі намёт побач з будоўляй, запалілі агонь у бочцы.

«Уночы было спакойна. Больш бадзёра, чым раней, бо вогнішча было. Намёт ёсьць, паставілі, — распавядае Свабодзе актывіст Уладзь Яроменак, які правёў ноч на 22 лютага ля Курапатаў. — Людзі пэрыядычна прыяжджалі, заставаліся з намі. Цяпер пачала прыяжджаць тэхніка. Пакуль мы прайграем 0:1, адзін МАЗ зь пяском праз нас усё ж праехаў у выніку няроўных сілаў».

Да актывістаў уранку зноў далучыўся лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч.

«Тут чатыры маладафронтаўцы трываюць, каля бочкі грэюць ежу, зэдлік зьявіўся... О, два тэрмасы новыя! Але будаўнікі кідаюцца. Спрабавалі перашкодзіць машыне заехаць — дык выбягае чалавек па 20 пастаянна, спрабуюць учыніць бойку», — дадае Дашкевіч.

Дашкевіч пра мінулую ноч у Курапатах: «Тут фактычна будаўнікі-амапаўцы»

Хоць актывістам нясуць ежу і гарбату, яны просяць дапамогі таксама і іншага кшталту: «Людзі патрэбны! Учатырох-упяцёх ня справімся», — кажа Яроменак.​

Тым часам будаўнікі пачалі мяняць агароджу вакол будовы: двухмэтровы драўляна-тканінавы плот яны мяняюць на мэталічны
Тым часам будаўнікі пачалі мяняць агароджу вакол будовы: двухмэтровы драўляна-тканінавы плот яны мяняюць на мэталічны

Чыноўнікі тым часам сьцьвярджаюць, што будоўля ля Курапатаў законная і вядзецца па-за межамі ахоўнай зоны. А «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць суды, змагаючыся за тое, каб закон у дачыненьні да ахоўнай зоны Курапатаў выконваўся. Пакуль усе суды безвыніковыя, і актывісты плянуюць зьвяртацца ў міжнародныя структуры. Паводле актывістаў, тэрыторыя, дзе цяпер будуецца пяціпавярховік, да 2014 году ўваходзіла ў ахоўную зону, там было забаронена ўсялякае будаўніцтва. Але праект зонаў аховы быў зацьверджаны Міністэрствам культуры ў канцы 2014 году ў зьмененым выглядзе, межы іх скарацілі.

«Экспэрты ў абарону Курапатаў» вядуць 4 суды супраць звужэньня ахоўнай зоны мэмарыялу

Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 2 чэрвеня 2002 году. Кругласутачная вахта памяці цягнулася 250 дзён. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG