Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маршы недармаедаў: улада, апазыцыя і народ


Як паводзіць сябе ўлада і якую ролю адыгрывае апазыцыя ў цяперашніх пратэстах? Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Карбалевіч: Тое, што было не пад сілу апазыцыі, пасьпяхова выканала сама ўлада. Прэзыдэнцкі дэкрэт № 3 аб дармаедах сапраўды скалануў грамадзтва. Такое магло здарыцца толькі ў краіне, дзе адсутнічае зваротная сувязь паміж уладай і грамадзтвам, урад ня чуе народ, не адчувае яго настрояў.

Хоць падобнае становішча ў Беларусі існуе даўно, але да гэтага часу сытуацыю ратавала вострае палітычнае чуцьцё Лукашэнкі. Ён проста адчуваў сваё электаральнае поле, яго калектыўнае падсьвядомае без усялякай сацыялёгіі.

Але цяпер, падобна, усё памянялася. Два дзясяткі гадоў аўтарытарнага рэжыму і неабмежаванай улады зрабілі сваю згубную справу. Ён адарваўся ад зямлі, страціў здольнасьць сувымяраць свае дзеяньні з рэальнасьцю.

Пра тое, наколькі Лукашэнка не адчувае народ, не разумее, што адбываецца, кажа яго прэсавая канфэрэнцыя 3 лютага. Адказваючы на пытаньне аб праблеме дармаедаў, ён заявіў: «Мы правялі дбайнае дасьледаваньне, якая частка насельніцтва абурылася гэтым дакумэнтам. Як я і чакаў, гэта невялікая частка, некалькі тысяч чалавек».

Ну а далей спрацаваў фэномэн пэрсаналісцкага рэжыму. Калі правадыр робіць памылку, то яе немагчыма выправіць.

Гэта ж як трэба было прымудрыцца, каб адным махам стварыць столькі праблемаў сабе і ўсёй краіне: выклікаць масавую незадаволенасьць народу, паставіць на вушы дзяржапарат. Бо апошнія месяцы увесь дзяржапарат быў мабілізаваны на рэалізацыю гэтага дакумэнту. Структуры міністэрства па падатках і зборах фактычна паралізаваныя, усе занятыя выкананьнем дэкрэту.

Мясцовыя выканкамы ліхаманкава ствараюць камісіі, якія паўнамоцныя вызваляць ад выплаты збору тых, хто трапіў у «цяжкую жыцьцёвую сытуацыю». Больш за тое, нябачаная справа — нават кіраўніцтва адміністрацыі прэзыдэнта разьехалася па краіне тлумачыць народу, які мудры дэкрэт прыняў прэзыдэнт. Такое ўражаньне, што за дэкрэт выступае адзін чалавек.

Увогуле ўлада апынулася перад дылемаю. Самым разумным выхадам з гэтай тупіковай сытуацыі была б адмена гэтага злашчаснага дэкрэту. Але тут ужо праблема ня толькі палітычная, а больш нават псыхалягічная. Адмена рэзананснага дэкрэту стала б для Лукашэнкі прызнаньнем сваёй уласнай памылкі.

Пачаць рэпрэсіі — гэта значыць паламаць той трэнд, які паўтара года выбудоўвалі.

Тут ужо ня зваліш усё на чыноўнікаў, якія, як звычайна, нешта «нахамуталі». Бо ўсе памятаюць, хто быў ініцыятарам і галоўным публічным абаронцам гэтай ідэі. Акрамя таго, адмена дэкрэту пад ціскам акцый пратэсту, якія арганізавала апазыцыя, была б прызнаньнем палітычнай паразы і перамогі апанэнтаў. Нічога не рабіць і глядзець, як людзі выходзяць на вуліцу, небясьпечна. Можна паўтарыць гарбачоўскую перабудову.

Пачаць рэпрэсіі — гэта значыць паламаць той трэнд, які паўтара года выбудоўвалі. У пэўным сэнсе цяпер Лукашэнка стаў перад дылемай, перад якой ён апынуўся вечарам 19 сьнежня 2010 г.

Два словы пра апазыцыю. Думаю, вялікая колькасьць людзей на вуліцах — была для яе нечаканасьцю. Цалкам лягічна, што ў такі момант на першы плян выходзіць найбольш радыкальная плынь, рэй вядуць Статкевіч і Някляеў. І калі пратэст будзе нарастаць, то адзінства ці раскол ня будзе мець вялікага значэньня. Бо калі людзі выходзяць на вуліцы, ім мала цікава, што там адбываецца ў партыйных офісах.

Дракахруст: Што тычыцца рэакцыі ўлады, то вельмі цікава было назіраць, як дзясяткі супрацоўнікаў адміністрацыі прэзыдэнта разьяжджалі па ўсёй краіне і наладжвалі прыёмы грамадзянаў, тлумачылі сутнасьць гэтага самага дэкрэту — займаліся нязвыклай для іх палітычнай працай, агітавалі людзей, пераконвалі. Я не прыгадваю, каб раней некалі так рабілася. Даваліся загады, а цяпер спрабуюць працаваць з насельніцтвам.

Які гэта дасьць плён? У любым выпадку гэтыя новыя формы працы сьведчаць пра тое, што сама ўлада адчувае: відаць, штосьці нарабілі ня тое. І паказьнік гэтага — ня столькі 2-3 тысячы, якія выйшлі на вуліцы Менску і Гомеля, а тыя самыя 90% атрымальнікаў «лістоў шчасьця», якія не заплацілі падатак. Прымаць рэпрэсіўныя меры адносна 200-300 тысяч беларусаў — гэта тэхнічна складана, столькі міліцыі ня знойдзецца ў Беларусі.

А што рабіць з тым, што некаторыя людзі ўжо заплацілі? Яны могуць сказаць — ну дык што, мы самыя дурныя ў гэтай краіне, мы заплацілі, а астатнім даруюць? Так што тут даволі нязручная пастка, у якую ўлады самі сябе загналі.

А што рабіць з тым, што некаторыя людзі ўжо заплацілі?

Варта прыгадаць, перад гэтай акцыяй шмат хто казаў: ай, ды нічога ня будзе, ды будзе як заўжды, прыйдзе пара соцень чалавек. І не былі пазбаўленыя рацыі гэтыя прагнозы, бо адносна гэтай акцыі нельга сказаць, што яе арганізатары — Някляеў, Статкевіч — прыдумалі нейкае чароўнае слоўца, і вось яны яго сказалі і прыйшло 2 тысячы, а не 200 чалавек. Ды, здаецца, узровень арганізацыі быў прыкладна такі самы, як і раней.

Але патрапілі, сфакусавалася народная ўвага, актыўнасьць, і атрымалася тое, што атрымалася. І ўжо астатнія падцягваюцца, пачынаюць казаць, ну, дык мы наступным разам выйдзем, мы падхопім. І я думаю, што ўжо і больш шырокія колы апазыцыі, у тым ліку і менш радыкальныя, далучацца да гэтага працэсу, да гэтага пратэсту.

Цыганкоў: Калі мы кажам пра памылкі ўлады, то тут я б хацеў трошкі ўдакладніць. Усё ж улада знаходзіцца ў сытуацыі эканамічнага крызісу, калі аднекуль трэба браць грошы. І сапраўды, цяпер шмат выказваецца вэрсіяў пра тое, што Аляксандар Лукашэнка страціў нейкае ўласьцівае яму адчуваньне народу, але пры гэтым я ўзгадваю тыя выпадкі, калі пэўныя абмежаваньні сацыяльных дабротаў праводзіліся.

Самае яскравае, што можна ўзгадаць — гэта калі адмянялі розныя ільготы. Гэта было ў нулявыя гады. І таксама тады былі пэўныя пратэсты, але Беларусь тады ў больш значнай ступені называлася «краіна ільготаў», і Лукашэнка — лідэр сацыяльнай дзяржавы, іх паступова адмяняў, нягледзячы на абурэньне і пратэсты, і ўсё ж гэтую справу да канца.

І цяпер, калі нехта прапанаваў яму гэты дэкрэт, паводле рознай інфармацыі, якая праточваецца з калідораў улады, лічыцца, што гэта ідэя Мясьніковіча, то ён паглядзеў і падумаў, ну так, сапраўды па-першае трэба змагацца з тымі, хто ніяк не фіксуецца ў падатковай, а па-другое, трэба для дзяржавы зьбіраць грошы. Ён напэўна паводле старой матрыцы ня ўбачыў у гэтых дзеяньнях нічога падазронага.

Карбалевіч: Ёсьць розьніца: адна справа — адмена ільготаў, то бок дзяржава стала менш плаціць народу. А іншая справа — патрабаваньне ад людзей, каб яны плацілі нейкія падаткі ці штрафы. Мне падаецца, гэта прынцыпова розныя рэчы.

Цыганкоў: Так, але зь іншага боку можна ўзгадаць, што яшчэ ў 90-я, нават у нулявыя гады, падатковая інспэкцыя ўвогуле ніяк сябе не праяўляла. Фактычна ў Беларусі падаткі з людзей не бралі. Мы гэта бачым на прыкладах нашых знаёмых. Падаткі існавалі толькі з працадаўцаў, у тым ліку і на фонд заробкаў пэрсаналу.

І толькі вось літаральна апошнія 5-10 гадоў падатковая пачала шукаць людзей, іх даходы, і ня толькі ў прадпрымальнікаў. І напэўна ў рамках гэтай зьявы зьявіўся і дэкрэт аб дармаедах.

І відавочна, што гэта сапраўды даволі моцны пралік Лукашэнкі. Напэўна, не ўлічылася новая сытуацыя з сацыяльнымі сеткамі, СМІ, калі інфармацыя распаўсюджваецца шырэй і хутчэй, і гэта ўжо не залежыць ад таго, наколькі ты прыціскаеш незалежную прэсу — ужо няма ніякай патрэбы яе прыціскаць.

І плюс гэта наклалася на эканамічны крызыс. Калі можна было адмяняць ільготы ў момант эканамічнага росту, і гэта больш-менш прайшло, то ўводзіць такі падатак, забіраць грошы, якіх няма, у момант эканамічнага крызісу, калі людзі самі шукаюць працу, але ня могуць яе знайсьці — гэта пралік і стратэгічная памылка, і цяпер пытаньне, як улада можа з гэтага выпаўзьці.

Рост такой вулічнай актыўнасьці можа сапраўды прывесьці да нейкага ўмоўнага 19 сьнежня 2010 году.

І самае страшнае, што палітычныя аналітыкі і палітыкі кажуць, што рост такой вулічнай актыўнасьці можа сапраўды прывесьці да нейкага ўмоўнага 19 сьнежня 2010 году.

То бок калі «сарве катушкі» ва ўлады, яна на ўсё плюне, маўляў, надакучыла гэтая лібэралізацыя і цырымоніі, дэмакратызацыя і мяккая беларусізацыя, і ўсё гэта закрыць. Канешне гэта будзе пераломам трэнду, які сама ж улада завяла 1,5-2 гады таму, гэта будзе контрапрадуктыўна. Магчыма, гэтая страшылка перабольшаная, але мне цікава, што многія апазыцыйныя палітыкі пра гэта разважаюць.

XS
SM
MD
LG