Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новаму паслу Ўкраіны не пазайздросьціш, бо напружаньне зь Беларусьсю будзе павялічвацца» - украінскі экспэрт


Сёньня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сваім указам прызначыў Ігара Кізіма Надзвычайным і Паўнамоцным Амбасадарам Украіны ў Рэспубліцы Беларусь.

Рэктар Інстытуту зьнешняй палітыкі Дыпляматычнай акадэміі пры Міністэрстве замежных спраў Украіны Рыгор Перапяліца мяркуе, што новаму кіраўніку ўкраінскай амбасады ў Менску Ігару Кізіму давядзецца канцэнтраваць сваю дзейнасьць на двух напрамках — садзейнічаць паляпшэньню двухбаковых беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў і забясьпечваць менскі перамоўны працэс па разьвязаньні сытуацыі на Данбасе.

«Я ведаю спадара Ігара асабіста. Гэта вельмі прыстойны і адданы сваёй справе чалавек. У адрозьненьне ад Ежаля (папярэдні амбасадар Украіны ў Беларусі — РС), ён карʼерны дыплямат», — сказаў Рыгор Перапяліца, камэнтуючы Радыё Свабода прызначэньне новага амбасадара ў Беларусі.

Прызначэньне амбасадара ў Беларусь мусіла адбыцца даўно. «Тым больш, што папярэдні быў прызначаны яшчэ Януковічам», — дадаў ён.

«Ігар Кізім сапраўды трапіў на вельмі гарачую і адказную пасаду. Яму не пазайздросьціш, таму што напружаньне зь Беларусьсю будзе павялічвацца, бо Беларусь у Мытным і ваенным саюзе з Расеяй, і там расейскія спэцслужбы дзейнічаюць абсалютна свабодна. Таму ціск на наша прадстаўніцтва ў Менску таксама можа павялічыцца. Гэта сапраўды гарачы дыпляматычны фронт», — дадаў Рыгор Перапяліца.

Ігар Кізім нарадзіўся ў 1961 годзе ў Харкаве. У 1987 годзе скончыў Кіеўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Тараса Шаўчэнкі, факультэт міжнародных адносін і міжнароднага права. Валодае ангельскай францускай і расейскай мовамі.

Пасьля атрыманьня вышэйшай адукацыі займаўся прыватнай юрыдычнай практыкай, а ў сярэдзіне 90-ых гадоў працаваў ва Ўкраінскім цэнтры міжнароднай бясьпекі.

Пасьля стажыроўкі ў Міністэрстве замежных спраў Украіны працаваў у дыпляматычных прадстаўніцтвах Украіны ў Францыі, Нігэрыі, Канадзе, Вялікабрытаніі. Пэўны час працаваў дарадцам Дэпартамэнту кантролю над узбраеньнем і ваенна-тэхнічным супрацоўніцтвам МЗС Украіны. Апошні час працаваў у Амбасадзе Ўкраіны ў Беларусі першым сакратаром.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG