Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя аднаго фэйку: як Расея спрабуе падарваць адзінства NATO


Шматлікія паведамленьні, якія абвінавачвалі нямецкіх вайскоўцаў, раскватараваных у Літве, у спробе згвалтаваньня мясцовай жыхаркі, афіцыйныя асобы NATO ўжо ахарактарызавалі як спробу Расеі падарваць давер грамадзкасьці да альянсу.

У электронных паведамленьнях, атрыманых інфармацыйнымі рэсурсамі ў Літве 14 лютага, гаварылася аб згвалтаваньні непаўналетняй дзяўчынкі групай салдат зь Нямеччыны. Абвінавачваньні былі апэратыўна абвергнутыя літоўскай паліцыяй, якая спрабуе адсачыць IP-адрасы, зь якіх ішла рассылка. Тым ня менш пра меркаваны інцыдэнт паведамілі адразу некалькі вэбсайтаў, паведамляе "Голас Амэрыкі".

«Наколькі нам вядома, літоўская паліцыя правяла ўласнае расьсьледаваньне, і прыйшла да высновы, што ў гэтай справе няма ні пацярпелай, ні магчымых сьведак, ні якіх-небудзь злачынцаў», — заявіў прадстаўнік міністэрства абароны Нямеччыны.

Гэты інцыдэнт нагадаў назіральнікам гісторыю пра нібыта згвалтаваную ў Бэрліне арабскімі мігрантамі 13-гадовую дзяўчынку Лізу з Расеі. Пазьней высьветлілася, што сама дзяўчынка цалкам выдумала гэтую гісторыю, спрабуючы схаваць ад бацькоў тое, што яна правяла ноч у свайго сябра. Але тады аб прыдуманым злачынстве першымі паведамілі расейскія сродкі масавай інфармацыі. Яны намагаліся максымальна раздуць мітычны выпадак.

Афіцыйныя асобы ў NATO ня раз заяўлялі, што ключавая роля Бэрліну ў спробах ўрэгуляваньня ўкраінскага крызысу зрабіла Нямеччыну асноўнай мішэньню кампаніі дэзінфармацыі, арганізаванай Крамлём.

У мінулым годзе кіраўніцтва NATO паведаміла аб зьяўленьні цэлай сэрыі падобных фальшывых паведамленьняў, з дапамогай якіх Масква паспрабавала правесьці кампанію па падрыве даверу паміж ЗША і яе эўрапейскімі хаўрусьнікамі.

У сьнежні 2016 года кіраўнік брытанскай выведкі МІ-6 Алекс Юнгэр публічна заявіў аб тым, што Расея вядзе «гібрыдную вайну» супраць краін Захаду.

У кастрычніку мінулага года кіраўнікі некалькіх спэцслужбаў у ЗША афіцыйна абвінавацілі Крэмль у арганізацыі хакерскіх нападаў, узломе сэрвэру Нацыянальнага камітэта дэмакратычнай партыі і крадзяжы асабістай перапіскі супрацоўнікаў перадвыбарчага штаба Гілары Клінтан.

У ліпені 2016 года высокапастаўлены супрацоўнік Эўракамісіі паведаміў, што мішэнямі расейскай прапаганды сталі амаль усе эўрапейскія краіны. Пры гэтым, праводзячы інфармацыйную кампанію, Крэмль выкарыстоўвае розныя прыёмы і інструмэнты. У краінах Балтыі, напрыклад, для гэтага выкарыстоўваюцца тэлеканалы РФ, якія карыстаюцца папулярнасьцю ў расейскамоўнага насельніцтва гэтых краін. У такіх краінах Цэнтральнай Эўропы, як Польшча, Вугоршчына і Чэхія, правакацыйныя паведамленьні зьяўляюцца на сотнях спэцыяльна створаных інтэрнэт-рэсурсах. У скандынаўскіх краінах для гэтага выкарыстоўваюцца камэнтары, якія пакідае на сацыяльных сайтах цэлая армія кібэртроляў.

На думку часопіса NATO Review, які выдаецца Паўночнаатлянтычным альянсам, у апошні час гэтая кампанія набірае абароты, і цяпер у яе ўцягнутыя ня толькі расейскія сродкі масавай інфармацыі, але і некаторыя дасьледчыя цэнтры, папулісцкія рухі, вельмі правыя і левыя партыі.

Адразу ж пасьля зьяўленьня гісторыі пра нібыта згвалтаваную нямецкімі салдатамі літоўскую дзяўчынку, генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў журналістам у Брусэлі аб тым, што гэта далёка ня першая спроба Крамля арганізаваць прапагандысцкую кампанію ў адной з краін NATO.

У студзені гэтага ўплывовы швэдзкі Інстытут міжнародных адносін выпусьціў даклад, у якім абвінаваціў Расею ў распаўсюдзе фальшывых навін і падробленых дакумэнтаў, абнародаваньне якіх павінна было перашкодзіць уступленьню Швэцыі ў NATO.

Дасьледчыкі назвалі, як мінімум, 26 выпадкаў, якія адбыліся з 2014 году да сярэдзіны 2016 га, калі сфабрыкаваныя ў Маскве навінавыя паведамленьні былі нечакана падхоплены швэдзкімі СМІ.

У мінулы панядзелак дарадца францускага палітыка Эмануэля Макрона паведаміў, што гэты прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду стаў мішэньню шматлікіх кібэратакаў. Па словах Рычарда Фэранда, генэральнага сакратара палітычнай партыі «En Marche!», да якой належыць Макрон, у кампаніі распаўсюджваньня фальшывак актыўна ўдзельнічаюць расейскае дзяржаўнае інфармацыйнага агенцтва «Спутнік» і тэлеканала RT.

XS
SM
MD
LG