Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве заклікалі ехаць на пратэст «дармаедаў» у Менск


У Магілёве «прагулка недармаедаў» па пешаходнай вуліцы Ленінскай перарасла ў масавую акцыю пратэсту супраць дэкрэту «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».

У стыхійна ўзьніклым мітынгу ўзялі ўдзел прынамсі паўтысячы чалавек. Выступоўцы гаварылі пра антынародную і антыканстытуцыйную скіраванасьць дэкрэту аб дармаедах. Заклікалі беларусаў аб’яднаноўвацца дзеля абароны сваіх правоў. Ад улады патрабавалі адмяніць дэкрэт.

Мітынг на Ленінскай супраць дэкрэту аб дармаедах
Мітынг на Ленінскай супраць дэкрэту аб дармаедах



Тое, што «прагулка» зьбярэ столькі людзей не чакалі апазыцыйныя актывісты, якія праз сацыяльныя сеткі заклікалі магілёўцаў сабрацца на яе. Мінакі спачатку толькі слухалі прамовы апазыцыянэраў, але асьмялеўшы пачалі самі зьвяртацца да людзей з сваімі праблемамі, якія выклікаў дэкрэт кіраўніка дзяржавы. Прамовы былі эмацыйнымі. Тыя хто не патрапіў пад дзеяньне дэкрэту выказвалі сваё нэгатыўнае стаўленьне да яго.

«Ува ўсіх краінах сьвету людзям, якія трапілі ў цяжкую жыцьцёвую сытуацыю дзяржава дапамагае, але ў нас наша дзяржава чамусьці вырашыла абабраць сваіх грамадзян, у якіх фактычна нічога не засталося, — казала адна з выступовак, якая назвала сябе Ірынай. — Дзяржава мае сказаць дзякуй людзям, якія засталіся бяз працы, але знаходзяць нейкім чынам магчымасьць пракарміць свае сем’і і нічога ня просяць у дзяржавы».

Удзельніца мітынгу: «Хатнія гаспадыні — дармаеды — гэта абсурд»
Удзельніца мітынгу: «Хатнія гаспадыні — дармаеды — гэта абсурд»


Далей жанчына згадала, што «дармаедамі» зрабілі нават хатніх гаспадынь. «Але гэта абсурд, — даводзіла яна, — Бо ўсім вядома колькі трэба пакласьці сілаў, каб вырасьціць дзяцей». Ірына заклікала не заставацца пасіўнымі ды маўклівымі, а ехаць пратэставаць у Менск. «Бо невядома які яшчэ падатак улада ўвядзе», — падсумавала яна.

Яшчэ адзін выступовец атрымаў «ліст шчасьця». Ён ня ўтойваў, што езьдзіў за мяжу па заробкі. На заробленае прыдбаў свойскую жывёлу, зь якой жыве ягоная сям’я. Гаспадарка мужчыны на цешчынай зямлі. Паводле яго ўсё гэта аформлена дакумэнтальна.

«У падатковай заявілі, што ў цябе няма зямлі, на якой ты трымаеш гаспадарку, таму плаці падатак, — апавядаў мужчына. — Цяпер уводзяць падатак на грыбы ды ягады і калі няма дазволу на іх зьбіраньне будзеш плаціць штраф. Выходзяць мы засталіся на зямлі працаваць, а нас абкладаюць кругом падаткам. Але мы ж ня дойная карова і ня статак».



Маладая жанчына агучыла, як яна сказала, пазыцыю свайго пакаленьня наконт дэкрэту № 3.

«У мяне шмат сябровак, якія па розным прычынам засталіся бяз працы, — адзначыла яна. — Але гэта не азначае, што яны ня хочуць працаваць. Мы ня супраць плаціць падаткі, але яна мусяць быць адэкватнымі. Але патрэбныя працоўныя месцы, якія ніхто не стварае. Я плаціла за сваю адукацыю. Чаму я мушу за 200 рублёў ісьці на завод. Я два гады адпрацавала ў Маскве і цяпер выходзіць я мушу заплаціць за гэта. Каму я мушу плаціць гэты падатак. Няхай ствараюць працоўныя месцы. Я супраць дэкрэту № 3».

«Няхай наш урад пабачыць колькі нас сабралася, але гэта толькі пачатак, — казала яшчэ адна жанчына. — Я хачу зьвярнуцца да дзейнага ўраду: «Няўжо вы не баіцеся бога. Дай бог, каб наш урад жыў на тыя грошы, на якія жывуць нашы пэнсіянэры і ўсе „дармаеды“. Тры мільёны старымі мужчына зарабляе — хіба гэта заробак. Прэзыдэнт усё бачыць. Ён прыгнятае народ. Божа, калі нас чуеш дапамажы нашаму ўраду прымаць правільныя рашэньні».



Каб «прайсьціся» па Ленінскай разам з магілёўскімі «недармаедамі» прыехаў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

У сваім выступе з прыступкаў адной з камэрцыйных крамаў ён казаў, што трэба 15 сакавіка на Дзень канстытуцыі прыяжджаць у Менск на «Марш недармаедаў». Толькі масавыя акцыі пратэсту, даводзіў партыец, змусяць улады адмяніць дэкрэт аб дармаедах. Лябедзька заклікаў падпісвацца супраць дэкрэту. Ён нагадаў, што ў красавіку ў Палаце прадстаўнікоў будзе абмеркаваньне, каб дэкрэту надаць статус закона, таму, на думку партыйца, подпісы ўмацуюць пазыцыі дэпутата ад АГП Ганны Канапацкай, якая выступае «катэгарычна супраць дэкрэту».


«Прагулка недармаедаў» была абвешчаная пасьля таго, як актывістам апазыцыі гарадзкія ўлады забаранілі правядзеньне «Маршу недармаедаў» па вуліцы Ленінскай. Чыноўнікі аргумэнтавалі тым, што арганізатары ў заяўцы на акцыю пратэсту месцам яе правядзеньня абралі ня вызначаную гарвыканкамам пляцоўку для масавых мерапрыемстваў. Яна ўдалечыні ад людных мясьцін гораду.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG