Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Монтэ-Крыста з шахты Кастрычніцкая». Якім было ўзыходжаньне Рыната Ахметава


«Монтэ-Крыста з шахты Кастрычніцкая». Якім было ўзыходжаньне Рыната Ахметава
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:05 0:00

«Монтэ-Крыста з шахты Кастрычніцкая» — так завецца Рынат Ахметаў у кнізе Барыса Пенчука «Данецкая мафія», анталёгіі арганізаваных злачынных груп Данбасу. Аўтар неўзабаве пасьля выхаду гэтай энцыкляпэдыі апынуўся ў турме. Больш за ўсё старонак у кнізе прысьвечана Ахметаву.

Прафэсійны гулец у карты, выхадзец з шахцёрскага Куйбышаўскага раёну Данецку, пасьля заканчэньня школы Ахметаў далучыўся да адной з данецкіх брыгад, якія на пачатку 1990-х фактычна замянілі ўладу.

Ахметаў стаў правай рукой Ахаця Брагіна, вядомага данецкага бізнэсмэна і галоўнага крымінальнага аўтарытэта па мянушцы Алік Грэк. Абодва яны, і Рынат, і Алік — з казанскіх татар. Разам займаліся боксам і бізнэсам у тым вельмі спэцыфічным яго разуменьні таксама пачалі займацца ўдвох.

«Аляксандр Сяргеевіч сапраўды быў патрыётам Данецкай вобласьці і вельмі любіў свой горад. Ён не займаўся тым, што вырашаў, каго пусьціць у вобласьць, а каго — не. Проста людзі, якія прыходзілі да яго з дрэннымі намерамі, ня мелі тут будучыні», — так характарызуе прынцыпы Ахаця Брагіна Рынат Леанідавіч.

У пачатку 1990-х Рынат Ахметаў стаў адным з заснавальнікаў кампаніі АРС, якая займалася вуглём і коксам. Назва нібыта расшыфроўваецца як «Алік, Рынат, Самсон». Самсон ў гэтай абрэвіятуры — Якаў Багданаў, трэці іх партнэр, які загінуў у красавіку 1995 году.

Выданьне «Карэспандэнт» ў 2002 годзе пісала пісала пра Багданава: «У Данецку яшчэ памятаюць, што 7-8 гадоў таму ён камандаваў крымінальнай арміяй Аліка Грэка і, бывала, асабіста выяжджаў на разборкі».

У тым жа 1995 годзе Аліка Грэка у традыцыях тых часоў ўзарвалі на стадыёне «Шахцёр». Гэта была ўжо трэцяя спроба яго забіць. Апазналі труп толькі паводле гадзіньніка «Ролекс» на руцэ. Менавіта тады зладзейскую імпэрыю гаспадара Данецку Грэка пачаў браць у свае рукі Ахметаў. Пасьля забойства Брагіна да яго адышлі футбольны клюб «Шахцёр» і гатэль «Люкс», якая на доўгія гады стане штаб-кватэрай Ахметава.

Першыя сур’ёзныя грошы Ахметаў зарабіў пасьля таго, як ў 1995 годзе адкрыў Данецкі гарадзкі банк. З гэтага і пачалося будаўніцтва яго бізнэс-імпэрыі. І да пачатку нулявых Рынат Ахметаў канчаткова ператварыўся ў гаспадара Данбасу.

У 2000 годзе Ахметаў стварыў холдынг СКМ «Сыстэм Кэпітал Мэнэджмэнт». Гэтая прамысловая група аб’яднала ўсе яго актывы — больш за сто кампаній у самых розных сфэрах: ад мэталюргіі і здабываючай прамысловасьці да мэдыяў і розьнічнага гандлю.

Цяпер прадпрыемствы холдынгу разьмешчаны ў 14 абласьцях Украіны, а таксама ў Расеі, Італіі, Баўгарыі, Вялікабрытаніі, Швэйцарыі і ЗША. Паводле афіцыйных дадзеных, група забясьпечвае 4% ВУП краіны і 1% працоўных месцаў, але паводле падлікаў інфармацыйнага агенцтва «Ліга Бізнэс», лічбы яшчэ вышэйшыя — 20% і 3%.

Нават у крызісны для Ахметава 2015 год група заплаціла амаль 32 мільярды грыўняў падаткаў — гэта прыкладна 6% усіх паступленьняў ва Ўкраіне.

Хто зарабляе на энэргетыцы Ўкраіны
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:39 0:00

Ён перажыў Аранжавую рэвалюцыю практычна бяз страт. Наогул Ахметаў ўмудрыўся прырастаць мільярдамі пры ўсіх прэзыдэнтах: пры Кучму — пазбіваў капітал, пры Юшчанку — фактычна на свае грошы правёў Чэмпіянат Эўропы па футболе і пабудаваў лепшы ва Ўсходняй Эўропе футбольны стадыён — і той самы аэрапорт, які стаў сымбалем вайны, пры Януковічу — засяродзіў у сваіх руках амаль увесь энэргетычны і мэталюргічны бізнэс Украіны. Пры Парашэнку — ён пачаў страчваць.

Нават крызіс 2008 году Ахметаў перажыў хай і з суровымі стратамі — але ўжо праз год падвоіў свой капітал. У красавіку 2014 году, калі сэпаратысты захоплівалі ўладу ў Данецку, Ахметаў сказаў: «Яшчэ не нарадзіўся той стрэл, які прымусіць мяне пакінуць родны край».

Але ўжо ў траўні ён упершыню пакінуў сваю радзіму — нават будучы самым багатым чалавекам краіны, Ахметаў заўсёды жыў менавіта ў Данецку. Але з тых часоў ён там больш так ні разу і не зьяўляўся. Цяпер ён жыве зь сям’ёй у Манака.

Паводле дадзеных «Форбсу», з 2013 па 2016 гады Ахметаў стаў бядней на 13 з лішнім мільярдаў даляраў. Холдынг СКМ апошнія два гады скончыў з мільярднымі стратамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG