Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахстан: зьбіць жонку стала дзешавей, чым пасварыцца з паліцыянтам


Штраф памерам $34 тысячы прапануюць увесьці за гвалт у лёгкай ступені супраць супрацоўнікаў паліцыі Казахстану. Прапанаваная суму штрафу ў два з паловай раза больш, чым зацьверджаная раней.

У выпадку, калі парушальнік ня ў стане заплаціць штраф, пакараньне заменяць пазбаўленьнем волі па формуле: $28 за дзень знаходжаньня ў турме.

Новая норма зьявілася ў праекце Закону ў пытаньнях удасканаленьня праваахоўнай сыстэмы. Яе прадставілі на пленарным пасяджэньні ніжняй палаты парлямэнту Казахстану. Дэпутаты засталіся незадаволеныя новаўвядзеньнем і адправілі норму на дапрацоўку.

Законапраект уносіць зьмены і дадаткі ў крымінальны, крымінальна-працэсуальны кодэксы, кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях і шэраг іншых законаў. Паводле паправак, штраф за непадпарадкаваньне прадстаўніку ўлады павялічваецца да 450 тысяч тэнге, гэта крыху менш за $1,5 тысяч, або арышт да 75 сутак.

Дэпутатаў абурыла сума штрафу.

«У сувязі з гэтым у мяне пытаньні. Першае — дык чым жа можна растлумачыць рэзкае павелічэньне штрафу і яго відавочную несувымернасьць са зробленым дзеяньнем, і другое — што ж будзе пагражаць чалавеку, калі ён ня зможа выплаціць штраф ва ўстаноўленыя тэрміны?» — задалася пытаньнем дэпутатка Мажылісу Айзада Курманава.

Міністар унутраных спраў Казахстану Калмуханбет Касымаў растлумачыць, з чаго складаецца сума штрафу, так і ня змог. Адзінае ўдакладненьне — прымяняць гэтую норму зьбіраюцца толькі ў выпадках непадпарадкаваньня пры правядзеньні антытэрарыстычных апэрацый.

У выпадку, калі правапарушальнік ня зможа выплаціць штраф, то суму ў 11 мільёнаў прапануюць замяніць на пазбаўленьне волі з разьліку 9 тысяч тэнге за адзін дзень пазбаўленьня волі. Такім чынам, каб адбыць пакараньне за 11 мільёнаў штрафу, грамадзянін павінен правесьці за кратамі амаль тры з паловай гады.

«Калі шчыра прызнацца, то зь цяперашнімі памерамі штрафаў, даць хабар паліцыянтам на дарозе будзе ў тры-чатыры разы таньней. Мы гэтым крокам адкрываем вялікую дарогу карупцыі. Мы павінны ад гэтага адмовіцца. Што тычыцца штрафу ў 11 мільёнаў — гэта ўвогуле жах. Калі муж б’е жонку — штраф 40 тысяч тэнге. А калі з паліцыянтам ўступіш у сварку, то 11 мільёнаў. Гэта што такое? Што жонка таньней за паліцэйскага ў тысячу разоў? Я, напрыклад, сваю жонку ў тысячу разоў больш люблю », - заявіў дэпутат Мажылісу Азат Перуашаў.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці лічаць, што прыняцьце гэтай папраўкі, стане крокам на шляху да так званай «паліцэйскай дзяржавы».

Пасьля бурлівага абмеркаваньня павелічэньня штрафаў за непадпарадкаваньне паліцыі, дэпутаты Мажылісу адправілі законапраект на дапрацоўку.

***

Паводле беларускага заканадаўства, наўмыснае прычыненьне цялеснай шкоды, якое пацягнула за сабой шкоду здароўю, караецца штрафам ад 10 да 30 базавых велічынь (23 рублі) або адміністрацыйным арыштам, а калі не пацягнула шкоду здароўю — да 10 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Слоўная абраза цягне за сабой штраф памерам ад 4 да 20 базавых велічынь. Іншыя артыкулы Крымінальнага кодэксу за прычыненьне цяжкай шкоды здароўю розных ступеняў прадугледжваюць крымінальную адказнасьць ад штрафу і папраўчых прац да 15 гадоў зьняволеньня.

Калі ж мова ідзе пра супраціў праваахоўнікам, то гэта выглядае так:

Артыкул 363 КК РБ

Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак.

1. Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе пры выкананьні ім абавязкаў па ахове грамадзкага парадку караецца папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў або арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на тэрмін да двух гадоў.

2. Тое ж дзеяньне, спалучанае з ужываньнем гвалту або з пагрозай яго прымяненьня, цi прымус гэтых асоб шляхам прымяненьня гвалту або пагрозы яго прымяненьня да выкананьня відавочна незаконных дзеяньняў караецца абмежаваньнем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.

Артыкул 23.4 КаАП РБ

Непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў.

Непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы дзяржаўнага органу пры выкананьні службовых паўнамоцтваў асобай, якая не падначаленая яму па службе, цягне накладаньне штрафу ў памеры ад двух да пяцідзесяці базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

Артыкул 23.5 КаАП РБ

Абраза службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў.

Абраза службовай асобы дзяржаўнага органу пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў асобай, якая не падначаленая яму па службе, цягне накладаньне штрафу ў памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь

XS
SM
MD
LG