Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты вырашылі правесьці «Марш недармаедаў» у Гомелі, нягледзячы на забарону


Савецкая вуліца ў Гомелі

Аргкамітэт «Маршу недармаедаў» вырашыў правесьці 19 лютага мірную акцыю ў Гомелі, нягледзячы на яе забарону Гомельскім гарвыканкамам.

Намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук спаслаўся на тое, што замоўнікі не заключылі пагадненьня з мэдычнай установай на абслугоўваньне маршу, а таксама з камунальнікамі на прыбіраньне тэрыторыі. Таксама ва ўладаў былі прэтэнзіі адносна маршруту акцыі.

Заяўку на акцыю падавалі грамадзкія актывісты Ўладзімер Няпомняшчых і Аляксандар Гехт. Яны плянавалі, што апоўдні каля тысячы чалавек, якія атрымалі «лісты шчасьця», пройдуць па вуліцы Савецкай ад плошчы Паўстаньня да плошчы Леніна.

Паводле сябра аргкамітэту Васіля Палякова, па гэтым маршруце ладзяцца шматтысячныя дэманстрацыі падчас афіцыйных сьвятаў:

«А калі людзі захацелі выказаць сваю нязгоду з дэкрэтам № 3, то для іх вуліца Савецкая й плошча Паўстаньня ўжо закрытыя? Марш вырашана праводзіць таму, што вельмі многія гомельскія „дармаеды“ выказалі жаданьне публічна заявіць пра сваю нязгоду з увядзеньнем пабораў зь беспрацоўных. Сабраныя ўжо тысячы подпісаў. Улады павінны ўбачыць, колькі грамадзянаў выступаюць супраць антыканстытуцыйнага дэкрэту, патрабуючы яго адмены».

Толькі на Гомельшчыне падатковыя інспэкцыі разаслалі беспрацоўным каля 90 тысяч паведамленьняў на выплату так званага «дармаедзкага» збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG