Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ўшаноўваюць памяць герояў Нябеснай Сотні і падзеяў Рэвалюцыі Годнасьці


Гэта пытаньне дзяржаўнай важнасьці, перакананы прэзыдэнт Пятро Парашэнка.

Ва Ўкраіне ад сёньня да 21 лютага адбываецца ўшанаваньне герояў Нябеснай Сотні, якія загінулі ў 2014 годзе, у часе Рэвалюцыі Годнасьці.

Раніцай прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка разам з жонкай Марынай паставілі зьнічы ля месца гібелі патрыётаў на вуліцы Інстытуцкай у Кіеве.

«Фактычна месца, на якім мы цяпер знаходзімся, ужо стала сьвятым для кожнага ўкраінца без вынятку. Яно ператварылася ў месца сапраўднага паломніцтва. Усім відавочна, што гэтая зямля належыць Нябеснай Сотні паводле вышэйшага, нябеснага права», — сказаў Пятро Парашэнка падчас афіцыйнай цырымоніі ўшанаваньня памяці герояў Нябеснай Сотні.

Паводле яго, узьвядзеньне на месцы гібелі ўкраінскіх патрыётаў мэмарыяльнага комплексу Герояў Нябеснай Сотні ёсьць усенароднаю задачаю.

«Нарэшце пытаньне выбару найлепшага праекту і будаўніцтва мэмарыялу пераходзіць у вельмі практычную плоскасьць. Надалей нам неабходна аб’яднаць намаганьні ўсіх — грамадзтва і ўлады — для хутчэйшага правядзеньня міжнароднага конкурсу, выпрацаваньня праекту ды пачатку й завяршэньня будаўніцтва», — дадаў Пятро Парашэнка.

Прэзыдэнт Украіны таксама нагадаў, што ініцыюе стварэньне адпаведнага дабрачыннага фонду падтрымаць праект будаўніцтва мэмарыялу.

«Я тут выступаю ня толькі ініцыятарам, але і першым спонсарам такога фонду, каб дапамагчы яму ня толькі добрым словам, але й грашыма. Спадзяюся, што мой прыклад знойдзе шмат пасьлядоўнікаў», — адзначыў ён.

Паралельна афіцыйным захадам грамадзкасьць арганізуе трохдзённае «Пялёсткавае шэсьце» ў гонар герояў Нябеснай Сотні, якое стартуе 18 лютага з Майдану Незалежнасьці ў Кіеве. Па ўсім маршруце шэсьця ўдзельнікі будуць пасыпаць свой шлях пялёсткамі.

«Тры дні будзем хадзіць трыма маршрутамі, дзе забівалі людзей. Гэта Інстытуцкая, Грушэўскага, Марыінскі парк, а таксама Дом прафсаюзаў. Вуліцы мы будзем пасыпаць пялёсткамі. Мы ня хочам, каб памяць пра іх сьцерлася і забылася, каб былі „разборкі“ і пошукі вінаватых, гэтаксама як і апраўданьне сваёй дагэтуляшняй бязьдзейнасьці», — паведаміў Сяргей Сучок, старшыня рэвізійнай камісіі грамадзкага зьвязу «Воля грамады».

У гэтыя дні ў розных рэгіёнах Украіны будуць ладзіцца мастацкія выставы і прэзэнтацыі твораў пісьменьнікаў і актывістаў пра масавыя акцыі пратэсту 2013-2014 гадоў.

Першымі ахвярамі падчас брутальных сутычак паміж пратэстоўцамі і сілавікамі на Эўрамайдане сталі беларус Міхась Жызьнеўскі і ўкраінец армянскага паходжаньня Сяргей Нігаян.

Міхась Жызнеўскі загінуў ад кулі 22 студзеня 2014 году, не дажыўшы да свайго 26-годзьдзя чатыры дні. Цела Міхася Жызьнеўскага пасьля адпяваньня і ўрачыстых праводзінаў прывезьлі з Кіева і пахавалі на радзінных могілках па лініі маці ў вёсцы Сьцяг Працы пад Гомлем.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пасьмяротна ўзнагародзіў Міхася Жызьнеўскага ордэнам Герояў Нябеснай Сотні. Летась у лютым украінскі ўрад прызначыў пажыцьцёвую стыпэндыю ягоным бацькам Ніне і Міхасю Жызьнеўскім.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG