Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь чакае рашэньня нафтагазавага пытаньня з Расеяй на наступным тыдні — Сямашка


Віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў 16 лютага, што Беларусь чакае на наступным тыдні падпісаньня пратаколу з Расеяй у нафтагазавай спрэчцы. Што ў пратаколе, Сямашка не казаў, але заявіў, што гэта «дваццаты варыянт», перадае БелаПАН.

«Мы на мінулым тыдні правялі чарговыя перамовы, — сказаў Сямашка. — Склалі праект пратаколу, завізавалі нашымі подпісамі з нашым візаві — віцэ-прэм’ерам Расеі Аркадзем Дварковічам. Цяпер пратакол знаходзіцца на разглядзе расейскага кіраўніцтва. Я спадзяюся, на наступным тыдні ён, магчыма, пабачыць сьвет».

«Нафтагазавыя войны» між Беларусьсю і Расеяй ідуць ад сярэдзіны 2016 году, калі Расея запатрабавала ад Беларусі больш як 200 млн даляраў запазычанасьці за газ (цяпер Расея заяўляе пра доўг ужо ў 550 млн), а Беларусь, не прызнаўшы запазычанасьці, вырашыла падвысіць тарыфы на транзыт расейскай нафты ў аднабаковым парадку. У выніку Расея скараціла пастаўкі нафты з 24 млн т на год да 18 млн т, зьбіраецца скарачаць яшчэ больш. Пытаньні тарыфаў і запазычанасьці на момант публікацыі ня вырашаныя, будаўніцтва «Газпром-центра» на месцы зьнесенага Маскоўскага аўтавакзалу ў Менску замарожанае.

Дыпляматыя скандалу і «нафтагазавая вайна»

У студзені Аляксандар Лукашэнка даручыў Сямашку кампэнсаваць расейскую нафту альтэрнатыўнай. У пачатку лютага Беларусь сабралася павялічыць здабычу нафты. Акрамя пагрозаў судом у нафтагазавым пытаньні, Лукашэнка ў час «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» таксама загадаў арыштаваць кіраўніка Рассельгаснагляду за «нанясеньне ўрону дзяржаве» ў «харчовых войнах».

За час канфлікту ня раз гаварылася, што бакі блізкія да вырашэньня канфлікту. На мінулым тыдні згаданы Сямашкам Дварковіч заяўляў, што ў газавым пытаньні «няма зрухаў». Лукашэнка меў сустрэцца з Уладзімірам Пуціным у першай палове лютага, пагаварыць пра энэргетыку, але сустрэчу так і не прызначылі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG