Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ластоўскі: Прынамсі адзін з завадатараў зрыву выступу пасла Сайдзіка затрыманы


Марцін Сайдзік (архіўнае фота)

Прынамсі адзін з завадатараў зрыву выступу ў Менску спэцпрадстаўніка дзейнага кіраўніка АБСЭ Марціна Сайдзіка затрыманыі знаходзіцца ў Ленінскім РУУС сталіцы. Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкаму Аляксандр Ластоўскі. Паводле яго, па факце здарэння прызначана праверка. Ластоўскі, аднак, не паведаміў пра іншых удзельнікаў інцыдэнту.

Пасьля заканчэньня перамоваў трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны спэцпрадстаўнік дзейнага кіраўніка АБСЭ Марцін Сайдзік прыйшоў да журналістаў, каб расказаць пра іх вынікі.

Але як толькі ён сабраўся агалошваць прэс-рэліз, чацьвёра невядомых пачалі выкрыкваць абразы на адрас прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, скандаваць «Данбас — у склад Расеі». Таксама яны раскідалі ўлёткі з заклікам да кіраўніцтва Расеі спыніць перамовы з Украінай і накіраваць войскі ў Данецкую і Луганскую вобласьці Ўкраіны.

Прадставіліся гэтыя чацьвёра як «НБП», «нацболы». Пасьля акцыі яны спусьціліся ў фае, дзе зь імі пагутарылі расейскія журналісты.

Пасьля інцыдэнту прадстаўнікі МЗС Беларусі сказалі, што будуць ва ўсіх журналістаў, якія прыходзяць на брыфінгі, спраўджваць пасьведчаньні.

МЗС Беларусі: гэта сьвядомая правакацыя, скіраваная на зрыў перамоўнага працэсу і дыскрэдытацыю Менскай перамоўнай пляцоўкі

Прэс-служба Міністэрства замежных спраў Беларусі назвала сьвядомай правакацыяй інцыдэнт падчас прэс-канфэрэнцыі Марціна Сайдзіка.

Як паведамляе прэс-служба МЗС, група асобаў, дакумэнтаваных пашпартамі грамадзян Расейскай Фэдэрацыі, а таксама журналісцкімі пасьведчаньнямі, у прыватнасьці выданьня «Русская планета», раскідвала ўлёткі і выкрыквала лёзунгі, якія перашкаджалі зносінам амбасадара Сайдзіка з прадстаўнікамі СМІ.

У сувязі з гэтым гэтыя асобы былі выдаленыя прадстаўнікамі праваахоўных органаў зь месца правядзеньня прэс-канфэрэнцыі. Прадстаўнікі СМІ атрымалі інфармацыю пра вынікі працы Трохбаковай кантактнай групы ў Менску ў поўным абʼёме.

«Прэс-служба МЗС Беларусі расцэньвае дадзенае дзеяньне як сьвядомую правакацыю, скіраваную на зрыў перамоўнага працэсу і дыскрэдытацыю Менскай перамоўнай пляцоўкі. Беларускі бок будзе і далей прымаць усе меры для гарантаваньня бясьпекі і бесьперашкоднай працы Трохбаковай кантактнай групы і неадкладна спыняць усе спробы перашкодзіць яе працы», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы беларускага МЗС.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG