Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дэжавю, ад якога хочацца застрэліцца» — Кара-Мурза-старэйшы пра меркаваныя атручваньні свайго сына


Міхаіл Хадаркоўскі і Ўладзімір Кара-Мурза-малодшы (справа)

Уладзімір Кара-Мурза-малодшы выпісаны з рэанімацыйнага аддзяленьня 7-й клінічнай бальніцы Масквы, куды ён трапіў у пачатку лютага пасьля другога, як мяркуюць сваякі, атручваньня невядомым рэчывам, і пераведзены ў звычайную палату.

Першы раз палітык трапіў у рэанімацыю з прыкметамі атручваньня невядомым рэчывам ў траўні 2015 году. Другая экстраная шпіталізацыя прыпала на пачатак лютага сёлета.

Тэлежурналісты Радыё Свабода-Свабодная Эўропа пагутарылі з бацькам каардынатара «Адкрытай Расеі», журналістам расейскай Свабоды і вядучым праграмы «Грані часу» на канале «Настоящее время» Ўладзімерам Кара-Мурзой-старэйшым.

— Пачнём з гісторыі хваробы вашага сына гадавой даўнасьці. Цяпер у сям’і вы разумееце, што адбылося?

— Я думаю, што мае рацыю Ўладзімір Аляксандравіч Гусінскі, які з прычыны таго выпадку сказаў Валодзю: «Цябе атруцілі ў самалёце Казань-Масква». Гэта самы зручны спосаб, каб з чалавекам расправіцца. Падыходзіць да цябе стуарад, якога ніхто ня ведае, дае табе кавы, і на раніцу цябе ўжо няма, як чалавека на зямлі.

Тады быў рэйс Казань-Масква. А зараз быў маршрут Цьвер-Масква. Вось толькі я ня ведаю, як ён ехаў, таму што ён ехаў на чыёйсьці машыне. Але там быў маленькі банкет пасьля паказу фільму «Нямцоў». Маглі тое ж самае зрабіць і там.

Я ўжо не магу больш: калі ён зноў застанецца ў Расеі — гэта немагчымы варыянт для нас з жонкай. Немагчыма, калі баісься за яго кожны дзень.

Я думаю, што гэта быў або [Аляксандр] Бастрыкін, або [Юрый] Чайка — магу ім гэта проста ў твар сказаць

Першы выпадак быў яшчэ да таго, як ён зьняў фільм пра Барыса Нямцова 25 траўня 2015 году, калі яшчэ ніякага фільму не было, у лютым толькі Барыса забілі.

Я думаю, што там былі фігуранты «сьпісу Магніцкага». Вазьміце сьпіс і праверце ўсіх, хто там быў: хто з гэтых людзей 24 траўня тэлефанаваў з Масквы ў Казань — і ўсё, можна адразу забіраць. І хто зь іх тэлефанаваў з Масквы ў Цьвер 1 лютага сёлета. Вось калі супадуць гэтыя прозьвішчы — усё.

Я думаю, што гэта быў або [Аляксандр] Бастрыкін, або [Юрый] Чайка — магу ім гэта проста ў твар сказаць.

— Але тым ня менш як такога расьсьледаваньня не было?

— Не было. Мне, як бацьку, які зь ім быў ўсе дні тады і ўсе дні цяпер, ніхто не патэлефанаваў і не папрасіў даць паказаньні. Вось у нас Сьледчы камітэт бачны з акна — знаходзіцца на Баўманскай. Ну што мне дайсьці пяць хвілін? Я б ім сказаў, хто яго хоча забіць і за што.

— Чым яны матывавалі адмову?

— Гэта не адмова, я не спрабаваў. Яны проста не бяруць мяне і ўсё. Ніхто позву не даслаў, ніхто не патэлефанаваў. Аднаго разу мне патэлефанаваў участковы па раёне Хамоўнікі, дзе знаходзяцца «РИА Новости», дзе валодзя ўпаў. Участковы пачаў сьледзтва. А потым ён мне кажа: «Мне ўсё забаранілі і ўсе матэрыялы ў мяне адабралі».

Я лічу, што нескладана знайсьці, хто з чыноўнікаў гэтых двух ведамстваў тэлефанаваў той раз у Казань, а гэты раз — у Цьвер. І каму адтуль абодва разы даў справаздачу патэнцыйны забойца. Я лічу, што ніякіх іншых сьледчых дзеяньняў ня трэба рабіць. Не трэба арыштоўваць ў мяне рахункі, тэлефоны адбіраць, кампутар мой выкрадаць — не патрэбна.

— Валодзя быў зьмешчаны ў Першую Градзкую бальніцу ...

— Не-не, тады ня так было. Яго па «хуткай» адвезьлі ў бальніцу № 23 — гэта насупраць кінатэатру «Ілюзіён», у пачатку Радзішчаўскай вуліцы. І сказалі, што патрэбна перасадка сэрца.

Спыталі, ці ёсьць у мяне знаёмы кардыёляг. У мяне ёсьць калекцыянэр такі — Міша Алшыбая, які зьбірае карціны сучасных мастакоў — у прыватнасьці, Урубеля. Я яму патэлефанаваў, і ён кажа: «Вязі яго да мяне ў Бакулевскі цэнтар». А Бакулевскі знаходзіцца справа ад Першай Градзкай, у флігелі.

Я яго прывёз, а Міша мне кажа: «Гэта ня наш пацыент, у яго сэрца, як у касманаўта. Давай яго хутка праз двор у другую рэанімацыю». Галоўны лекар паглядзеў і кажа: «Тэрмінова ставім гемадыяліз і штучную нырку, а інакш яму кранты празь пяць хвілін».

Дзякуй богу, ад яго праз двор — шостая і восьмая рэанімацыі, дзе галоўным лекарам тады быў Працэнка, які цяпер лечыць Валодзю ў 7-й бальніцы. Яны паставілі, і ён кажа, што яшчэ б пяць хвілін — і ўсё. Жэня і Лена — жонка і маці, абедзьве ў Амэрыцы былі ў той час — паехалі да нас.

Я лічу, што нескладана знайсьці, хто з чыноўнікаў гэтых двух ведамстваў тэлефанаваў той раз у Казань, а гэты раз — у Цьвер. І каму адтуль абодва разы даў справаздачу патэнцыйны забойца

Я сеў зь ім побач (ён, вядома, нічога не разумеў ужо, ляжаў у коме) і кажу: «Валодзя, калі мы не дацягнем да прыезду або Жэні або мамы, нас проста не зразумеюць». Такая вось фармулёўка у нас узьнікла: калі хто-небудзь з нас дасьць дуба, то нас проста ніхто не зразумее.

І ён дачакаўся іх, жывы да гэтага часу. А тады ў яго адмовілі сэрца, ныркі, печань, страўнік, падстраўнікавая, лёгкія і галаўны мозг.

Тады яго выцягнулі, даслаў Хадаркоўскі па яго самалёт, і ён паехаў у Амэрыку. У мяне ёсьць відэаздымкі, як ён там лячыўся.

І вось ён зноў вярнуўся. І зноў падзеі точацца вакол Барысавай сьмерці. Той раз было праз два месяцы пасьля яе, а цяпер за два месяцы да Маршу памяці. Марш Валодзя рыхтаваў.

— Чым можна растлумачыць, што дыягназ не змаглі паставіць і францускія лекары?

— Я быў у Ізраілі і бачыў людзей, якія перасылалі Валодзіны матэрыялы — я тады адрэзаў у яго пазногаць з нагі і рукі, пасму валасоў [для аналізу ДНК]. І адзін з тых, хто гэтым займаўся, сказаў мне, што ёсьць ў францускіх пробах атрута, але незразумела, якая гэта атрута, таму што яна распалася. Засталіся толькі солі мэталаў, як у Літвіненкі і Юры Шчыкачыхіна.

Вельмі ня хочацца, каб гэта была падобная атрута, бо тыя двое памерлі, а Валодзя мой жывы.

— Пасля таго, як Уладзімір выпісаўся са шпіталя першы раз, як ён сябе адчуваў і чым займаўся?

— Выпісаўся — гэта вельмі мякка сказана. Па яго прыехала такая ўзмоцненая рэанімашына. То бок, не маскоўская «хуткая дапамога», а такая, якую я бачыў у Ізраілі. Там можна жыць, нават калі яна патоне. Яшчэ тыдзень будзе цэлая.

Яна пад’ехала проста да трапа самалёта ў Внукаве, і ён тут жа паляцеў у Амэрыку — без перасадак 10 гадзін ляцеў.

У яго доўга не працавалі правая рука і правая нага. І калі ён чарговы раз прыехаў, я пазнаёміў яго з маёй спэцыялісткай па іглаўкалваньні Людмілай Якаўлеўнай, якая тут у нас у паліклініцы працуе. Ён тады паверыў у іглаўкалваньне, і ў Амэрыцы, дзе шмат спецыялістаў — корейцаў, кітайцаў, у яго запрацавалі і рука, і нага.

Ён ходзіць без палачкі і грае на гітары. Хадзіў, дакладней, таму што на гэты раз мы яшчэ не спрабавалі пасьля рэанімацыі. Калі б ён там сыграў на гітары, я б у суседнім дурдоме ляжаў. (Сьмяецца).

Роўна год пайшоў на мэдычныя рэчы. Потым ён пачаў здымаць фільм пра Барыса — гэта вельмі маральна цяжкая праца. Ён пасьпеў зрабіць фільм да дня нараджэньня Барыса і 9 кастрычніка паказаць у Бэрліне, дзе выступаў піяніст Юрый Мартынаў, які граў «Накцюрн» Шапэна ў памяць пра Барыса Нямцова. Валодзя — старшыня дабрачыннага Фонду імя Барыса Нямцова.

— У вас з маці Валодзі не было жаданьня адгаварыць яго ад палітыкі?

— Што значыць «жаданьня»! І яго жонка, і мая жонка, і яго маці, і мая маці — чатыры розныя жанчыны — прасілі яго на каленях, каб ён не прыяжджаў больш у краіну. Не, вось ён жыве на Новакузьнецкай зноў, тут яго і атруцілі.

Дзякаваць Богу, у той вечар, 2 лютага, ён паехаў начаваць да бацькоў сваёй жонкі. Таму што калі б ён застаўся ў сябе і нікога б не было дома, мы б цяпер так спакойна не размаўлялі.

Там Працэнка спусьціўся і ўкалоў яму нешта такое, ад чаго Валодзя, бачыш, адразу вярнуўся з таго сьвету

А так ён да іх, дзякуй Богу, паехаў. Люся бачыць, што ён нічога згадаць ня можа, скардзіцца. Яна адразу зрэагавала, таму што ведае сымптомы. І добра, Працэнка ў машыну патэлефанаваў і сказаў, што ён цяпер галоўны лекар ня ў Першай Градзкай, а ў сёмым шпіталі, Каломенскім. І адразу таксіст разьвярнуўся, як Прымакоў над Амэрыкай, і паехаў у Каломенскі. Там Працэнка спусьціўся і ўкалоў яму нешта такое, ад чаго Валодзя, бачыш, адразу вярнуўся з таго сьвету.

— Але вы гаварылі зь ім? Бо ён прыяжджаў у Расею для прэзэнтацыі фільму.

— Канечне. Але ён мяне ня слухае ніколі, кажа: «Тата, а ты слухаўся нашага дзядулю Алёшу? І я не буду цябе слухацца. Я хачу за Барыса адпомсьціць. Яго забілі, ён нам завяшчаў усім, каб гэтага ладу ў Расеі больш не было».

— Што адбылося другі раз? Калі мы гаварылі па тэлефоне празь некалькі гадзін пасьля шпіталізацыі, вы сказалі, што гэта могуць быць наступствы першага атручваньня.

— Не-не. Мне лекары пасьля гэтага сказалі мэдычны бок справы не камэнтаваць... Але Жэня, ягоная жонка, сказала, што гэта зусім новая атрута, больш сьвежая, і больш моцная. Але яны ўжо ведалі, што гэта можа быць, таму яны ня страцілі дваццаць гадзін, якія мы страцілі першы раз, калі хацелі яму сэрца перасаджваць. Яны адразу яму ўкалолі тое, што трэба, вывелі таксыны, і ў яго ныркі зарабілі на пяты дзень.

— Я правільна разумею, што гэта адбылося ў Цьверы?

— Так, або ў Цьверы, або калі ён ехаў зь Цьверы. Я ня ведаю, дзе ён там еў. Але я ў яго пытаўся, ён мне сказаў, што еў на банкеце. Ён называў гэта словам «банкет». То бок, гэта ня проста так было...

XS
SM
MD
LG