Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальнік лоеўскай міліцыі назваў сюжэт «Белсату» абразьлівым «у цэлым». Тэлеканал прызналі суадказчыкам


Кастусь Жукоўскі

15 лютага суд Цэнтральнага раёну Гомеля разглядаў удакладненыя патрабаваньні начальніка Лоеўскага раённага аддзелу міліцыі Ўладзімера Бухаўцова да журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага аб абароне гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі.

Зрабіць такія ўдакладненьні падпалкоўніка міліцыі абавязала на студзеньскім паседжаньні судзьдзя Ірына Званко, якая разглядае пазоў.

На адсутнасьць канкрэтыкі ў прэтэнзіях начальніка міліцыі зьвярталі ўвагу адказчык па справе і ягоны прадстаўнік у судзе Леанід Судаленка.

Аднак і пасьля месячнага перапынку Ўладзімер Бухаўцоў ня змог канкрэтна сфармуляваць, якія выразы ці словы прынізілі яго гонар і годнасьць.

Зь відэасюжэту «Міліцыянты бʼюць журналістаў, каб прыхаваць вынікі эканамічнага заняпаду», паказанага на спадарожнікавым тэлеканале «Белсат», Бухаўцоў перапісаў частку тэксту, у тым ліку й закадравага, і выставіў гэта як абразу. У прыватнасьці, прыведзены расповед Жукоўскага пра затрыманьне міліцыяй у Лоеве: «Павалілі на падлогу, ламалі рукі, душылі... гэта сьведчыць аб тым, што супрацоўнікі міліцыі ў некаторых раёнах лічаць, што яны там цары, каралі́ і закон ім ня ўказ».

Лоеўскі раённы аддзел Сьледчага камітэту адмовіўся распачынаць крымінальную справу па факце гвалту над журналістам. Таму, паводле Бухаўцова, выказваньні Жукоўскага і рытарычная заўвага тэлевядоўцы «ці будуць толькі злачынцы ў пагонах пакараныя» прыніжаюць ягоны гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю. Бо асабіста Бухаўцоў ня мае дачыненьня да нанясеньня цялесных пашкоджаньняў ды іншых службовых злачынстваў.

У відэароліку «Будзённае жыцьцё рэгіёну Лоеў» мясцовыя жыхары самі расказваюць пра тое, як зь іх зьдзекавалася міліцыя, у тым ліку пра выпадкі фізычнага гвалту. Сьведчаньні лоеўцаў начальнік міліцыі не аспрэчвае, а толькі застаўку з надпісам: «МУС — гестапа?» Прычым у пазове ён пытальнік пасьля гэтага выразу ня ставіць.

«Для мяне, унука пераможцаў фашызму, — піша Бухаўцоў у пазове, — гэта прыніжэньне і абраза... дыскрэдытацыя МУС Рэспублікі Беларусь у вачах сусьветнай супольнасьці».

Судзьдзя і прысутныя глядзелі праз кампутар запісаныя на дыск відэасюжэты. І зноў было пытаньне да Бухаўцова: якія словы й выразы ён успрымае як абразьлівыя?

«Я відэасюжэт ацэньваю ў цэлым», — быў адказ.

Пазоўнік удакладніў, што не адмаўляецца і ад патрабаваньня спагнаць з журналіста-фрылансэра кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 2000 рублёў.

Судзьдзя вырашыла афіцыйна паведаміць польскаму тэлеканалу «Белсат», што яго прыцягваюць у якасьці суадказчыка. Папярэдняя спроба выклікаць прадстаўніка «Белсату» ў Беларусі прыватным чынам посьпеху ня мела.

Віктар Адзіночанка
Віктар Адзіночанка

Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Віктар Адзіночанка, які назірае за разглядам справы, сказаў Свабодзе, што паводзіны пазоўніка падаліся дзіўнымі.

«Не зразумела, на чым грунтуюцца яго патрабаваньні абвергнуць згаданыя відэасюжэты. Дзе аргумэнты? І сума ж маральнай шкоды даволі вялікая — 2000 рублёў. Ён жа начальнік міліцыі, падпалкоўнік — і без аргумэнтаў едзе ў суд. Да таго ж патрабуе, каб суд абавязаў фрылансэра абвергнуць відэасюжэты на тэлеканале „Белсат“ празь сюжэт наконт рашэньня суду. Вельмі дзіўна».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG